2008-05-03 10:53:10

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


У Папскім Усходнім Інстытуце ў Рыме Сіповіч спэцыялізаваўся ў царкоўнай гісторыі. 19 сьнежня 1946 году ён абараніў доктарскую дысэртацыю Мітрапаліт Ясон Я. Смагажэўскі, 1780–1788, пра Кіеўскага грэка-каталіцкага мітрапаліта з часоў падзелу Рэчы Паспалітай, калі Кіеўская мітраполія была таксама падзеленая на тры часткі, усе ў розных дзяржавах. У працы разглядаецца мала дасьледваны пэрыяд гісторыі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, i даводзіцца шкадаваць, што яна засталася ненадрукаванаю, можа таму, што пісалася на лацінскай мове. Сам аўтар апублікаваў урыўкі зь яе па-беларуску ў часопісе Божым шляхам,160 але, відаць, зрабіць пераклад усёй працы не хапіла сілаў. Дарэчы, у 1965 годзе ў сэрыі “Рымскія дакумэнты Каталіцкай Царквы на землях Украіны i Беларусі” выйшла кніга Лісты Ясона Юношы Смагажэўскага, Каталіцкага Мітрапаліта Кіеўскага (1780–1788)161 пад рэдакцыяй украінскага базыляніна айца Апанаса Вялікага (галоўны рэдактар сэрыі) i біскупа Чэслава Сіповіча.
17 сакавіка 1968 году з нагоды 450-х угодкаў беларускага кнігадрукаваньня ў Папскім Усходнім Інстытуце ў Рыме біскуп Сіповіч прачытаў даклад на тэму “Доктар Францішак Скарына i ягоныя біблейскія выданьні”. Як сам біскуп адзначыў у сваім дзёньніку, кіраўніцтва Інстытуту баялася, што на даклад ніхто ня прыйдзе. Але ў сапраўднасьці выйшла наадварот: аўдыторыя была поўная. Прыйшлі кардыналы Аўген Тысэран i Язэп Сьліпый, усе прафэсары інстытуту, у тым ліку колішні прафэсар біскупа Сіповіча айцец Альбэрт Аман, які ў сваім часе даволі крытычна выказваўся пра Скарыну i ягоную дзейнасьць. Зьявіліся таксама ўсе “рымскія” беларусы на чале з айцом Татарыновічам i праваслаўным сьвятаром айцом Раінам. 9 красавіка айцец Аман прыйшоў да біскупа прасіць дазвол надрукаваць ягоны даклад. Біскуп мусіў яго расчараваць: ён ужо абяцаў даклад часопісу Унітас162. Ён зазначыў у сваім дзёньніку: «Я ў дакладзе моцна айца Амана скрытыкаваў, гэта, аднак, не пашкодзіла нашым добрым адносінам».
У Лёндане біскуп Сіповіч напісаў на ангельскай мове два артыкулы, якія надрукаваў у Часопісе беларусазнаўства. Першы выйшаў у 1970 годзе i называўся “Менская дыяцэзія, ейныя пачаткі, тэрыторыя i герархія”163. Другі – “Моўная праблема ў Каталіцкай Царкве ў Беларусі ад 1832 году да Першай сусьветнай вайны”164 – зьявіўся праз тры гады. Абодва артыкулы мелі ня толькі гістарычную цікавасьць. У першым аўтар паказаў, што Каталіцкая Царква ў Беларусі мела ў мінулым сваю герархічную арганізацыю, якую ніхто ніколі не адмяняў. Між іншага, адміністратар Менскі біскуп Слоскан быў яшчэ жывы, хоць i знаходзіўся ў выгнаньні. Гэты факт служыў моцным аргумэнтам за тое, каб Царква ў Беларусі мела свайго апостальскага адміністратара, а не залежала ад Варшавы ці Беластоку. У другім артыкуле выяўляецца, што моўнае пытаньне ў Каталіцкай Царкве ў Беларусі мае доўгую гісторыю i не зьяўляецца выдумкай “шавіністаў” Сіповіча i Чарняўскага.
Як ужо згадвалася, 27 чэрвеня 1972 году Бібліятэка імя Ф. Скарыны набыла цікавы рукапіс ХVІІ стагодзьдзя Архіерэйскай Літургіі сьвятога Яна Залатавуснага на царкоўнаславянскай мове (беларускай рэдакцыі) з паралельным лацінскім перакладам. Біскуп Тодар Скуміновіч, “суфраган Віленскі для Беларусі” (Suffraganeus Vilnensis per Albam Russiam), у 1652 годзе падараваў гэты рукапіс у царкву сьвятых мучанікаў Сяргея i Бакха ў Рыме, што тады належала беларускім законьнікам-базылянам. Біскуп Сіповіч захапіўся рукапісам i асобаю Тодара Скуміновіча. Ён пачаў вывучаць тэкст, параўноўваючы яго зь іншымі літургічнымі тэкстамі ХVІ–ХVІІІ стагодзьдзяў зь Беларусі, Украіны i Масквы. Ён таксама знайшоў шмат новых матар’ялаў пра асобу Тодара Скуміновіча (к. 1610–1668), нашчадка старога беларускага роду, які нарадзіўся i вучыўся ў Вільні, a пасьля працягваў навуку ў Кракаве i Лювэне. Спачатку праваслаўны сьвятар, у 1643 годзе ён стаў каталіком (рымскага абраду) i ў 1652 годзе ў Рыме ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ (Santa Maria Maggiore) быў пасьвячаны на біскупа. Шэсьць гадоў працаваў Уладыка над рукапісам. Нарэшце 15 сьнежня 1978 году ён мог напісаць у сваім дзёньніку: «Сяньня прывезьлі з друкарні маю кніжку, 412 экз.: The Pontifical Liturgy of Saint John Chrysostom... Ніхто ня ёсьць справядлівым судзьдзём свайго твору, або свайго дзіцяці. Кожная кніга для аўтара – гэта ягонае дзіця... Вокладка эстэтычна выглядзіць як запраўдная літургічная кніжка. Эстэтычна ўдалася... Дзякуй Богу за дадзены мне час i сілы дзеля гэтай кнігі! Суд аб ёй пакідаю іншым, a таксама магу паўтарыць ведамы сказ: Feci quod potui, potentes faciant meliora! (зрабіў, што мог, хай тыя, што могуць, зробяць лепш – А.Н.)». Кніга мае поўны тытул “The Pontifical Liturgy of Saint John Chrysostom. A Manuscript in the Slavonic text and Latin translation”165 (Архіерэйская Літургія сьвятога Яна Залатавуснага. Рукапісны славянскі тэкст i лацінскі пераклад). Кнігу выдала Бібліятэка імя Ф. Скарыны. Пад вокладкай, апрача факсымільнай рэпрадукцыі самога рукапісу, ёсьць артыкул пра Тодара Скуміновіча, напісаны на аснове раней не вядомых дакумэнтаў, i тое, што біскуп Сіповіч сьціпла назваў “Тлумачальныя літургічныя заўвагі” (Explanatory liturgical notes), а насамрэч грунтоўнае дасьледаваньне беларускай літургічнай традыцыі параўнаўча з украінскай i маскоўскай. У цэлым гэта выдатны навуковы твор, значны ўнёсак у вывучэньне гісторыі Царквы i літургічнай традыцыі ў Беларусі. Уладыка Чэслаў прысьвяціў яе “Апосталам i мучанікам за царкоўную еднасьць у Беларусі” (To the Apostles and Martyrs for Church Unity in Byelorussia).








All the contents on this site are copyrighted ©.