2008-04-29 12:25:57

Францыя: Бэнэдыкт 16 адведае Парыж і Люрд


Эпіскапат Францыі абвясьціў, што Папа Бэнэдыкт 16 прыбудзе да гэтае краіны з чатырохдзённым паломніцтвам. У днях 12-15 верасьня, гэтага году, Сьвяцейшы Айцец адведае Парыж ды Люрд. Нагодаю для гэтага візыту зьяўляецца 150-я гадавіна марыйных абьяўленьняў у Люрд.
Сваё падарожжа Бэнэдыкт 16 пачне ад сталіцы Францыі, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі ўладаў і сьвету культуры. Прыйме ўдзел у Вячэрні, якая будзе адслужана ў парыжскай катэдры “Нотр Дам” ды прамовіць да моладзі. У Парыжы Сьвяцейшы Айцец будзе мець сустрэчу таксама з прадстаўнікамі іншых хрысьціянскіх веравызнаньняў, юдаізму ды ісламу. 13-га верасьня адслужыць Сьвятую Імшу на Плошчы Інвалідаў а пасьля абеду прыбудзе ў Люрд. Вечарам на заканчэньне традыцыйнай марыйнай працэсыі са сьвечкамі сустрэнецца з пілігрымамі. Галоўныя юбілейныя ўрачыстасьці адбудуцца ў нядзелю 14-га верасьня. Папа адслужыць Сьвятую Імшу, сутрэнецца з францускім Эпіскапатам, а вечарам будзе старшынстваваць эўхарыстычнай працэсыі. У апошнім дні паломніцтва Сьвяцейшы Айцец надзеліць сакрамант намашчэньня хворым.
Абвяшчаючы афіцыяльнае Апостальскае Падарожжа Папы ў Францыю, францускія біскупы выказалі Бэнэдыкту 16 ўдзячнасьць за прыняцьце запрашэньня. Да вернікаў зрабілі заклік, каб сардэчна прынялі Наступніка Сьвятога Пятра.








All the contents on this site are copyrighted ©.