2008-04-20 11:20:33

Сустрэча Бэнэдыкта 16 з моладдзю і сэмінарыстамі


Пакідаючы Сэмінарыю Сьвятога Язэпа, ў суботу 19-га красавіка Бэнэдыкт 16 прыбыў на паблізкі стадыён, каб сустрэцца з маладымі людзьмі. Прывітала яго больш за 20-ць тысяч моладзі
“Гэта ня лёгкі час, каб быць маладым”- сказаў кардынал Эган вітаючы Папу, а моладзь пачала прыносіць дары Сьвяцейшаму Айцу. “Ахвяроўваем Табе хлеб, рыж ды кукурузу як сімвалі багатае традыцыі, якая нас усіх спалучае”- сказала адна маладая афроамэрыканская дзяўчына. Сярод ахвяраваных Папе дараў былі таксама іконкі мясцовых Сьвятых, Бласлаўлёных і кандыдатаў на алтары. А былі гэта Сьвятая Альжбета Анна Сэтон, Сьвяты Францішак Ксавэры Кабрыні, Сьвяты Ян Нэўман, бласлаўлёны Катэры Тэкаквіты, Слуга Божы П”ер Тоўсанта ды айцец Фэлікс Варэлі.
“Быць вучням Хрыста, каб жыцьцё сталася дарогаю надзеі”- гэта галоўная тэма прамовы Сьвяцейшага Айца ў часе сустрэчы з моладдзю ды сэмінарыстамі. Папа прыпомніў постаці Сьвятых, Бласлаўлёных і кандыдатаў на алтары, якія мелі дачыненьне да Нью Ёрку. Далей сказаў, што маладое пакаленьне Амэрыканцаў расьце ва ўмовах, якія дазваляюць на разьвіцьцё асобы. Аднак існуюць таксама цяжкасьці: дзеяньні і мэнтальнасьць, што нішчаць надзею, дарогі, якія толькі ўяўна вядуць да шчасьця, а ў сапраўднасьці да загубы і страху. Прыпомніў, што сам перажыў маладосьць ў гітлераўскай Нямеччыне, дзе абавязвала ідэалогія, якая адкідала Бога, а цераз гэта была замкнута на праўду і дабро. Таксама і сёньня, ва ўмовах свабоды і дэмакратыі, зло зьберагае сваю зьнішчальную сілу, хаця ніколі не перамагае. Такою зьяўляецца істота хрысьціянскае надзеі.
Бэнэдыкт 16 прыпомніў такія праявы цемры, як наркаманія, галеча, расізм ці насільле, якія зьяўляюцца вынікам пагарды для чалавечае годнасьці. Перасьцярог перад злоўжываньнем праўды і перад фальшывым паняцьцем свабоды. “Праўда ёсьць адкрыцьцём асобы Ісуса Хрыста, які ніколі не расчароўвае і якому заўсёды можна давяраць”- падкрэсьліў Папа. Заахвовіў моладзь, каб ішла ў Сьвятле Хрыста дарогаю прабачэньня, прымірэньня, пакорнасьці, радасьці і міру.
Зьвяртаючыся да сэмінарыстаў прысутных на сустрэчы Бэнэдыкт 16 выказаў задавальненьне, што іхні лік узрастае. Зазначыў, што вернікі чакаюць, каб былі яны сьвятымі сьвятарамі, якія навяртаюцца кожнага дня, ўзбуджаючымі ў людзях жаданьне глыбейшага жыцьця вераю. Паклікаў іх да паглыбляньня прыязьні з Ісусам, Добрым Пастырам. Запэўніў, што кожнага дня моліцца за клерыкаў духоўных сэмінарыяў.
На заканчэньне сустрэчы Папа выслухаў песьню “Авэ Марыя”. Бласлаўляючы ўсіх сабраных адправіўся да сядзібы ватыканскага назіральніка пры ААН на начлег, на апошні ўжо ў часе гэтага візыту. Такім чынам закончыўся чацьвёрты дзень візыту Папы ў ЗША.
Пасьля абеду, ньюёркаўскага часу, Бэнэдыкт 16 адслужыць Сьвятую Імшу для вернікаў на “Yankee Stadium”. Вечарам, пасьля разьвітальнае цырымоніі на лётнішчы Кэннэды, Папа адправіцца ў паваротную дарогу ў Рым. Прылёт папскага самалёту ёсьць прадбачаны а гадзіне 11-й рымскага часу ў панядзелак 21-га красавіка.
Апошнія весткі з Апостальскага Падарожжа Папы ў ЗША слухайце заўтра, ў панядзелак 21-га красавіка.








All the contents on this site are copyrighted ©.