2008-04-18 16:33:29

Апостальская Адгортацыя "Sacramentum Caritatis"- працяг


Эўхарыстыя і святарская духоўнасць
80. Эўхарыстычная форма хрысціянскага існавання выяўляецца асаблівым чынам ў святарскім стане. Святарская духоўнасць з’яўляецца па-сутнасці эўхарыстычнай. Зерне такой духоўнасці знаходзіцца ўжо ў словах, якія біскуп прамаўляе падчас літургіі пасвячэння: «Прымі дары святога люду, прынесеныя для ахвяравання Богу. Усведамляй, што будзеш чыніць, наследуй тое, што будзеш здзяйсняць, і жыццё сваё прыпадабняй да таямніцы крыжа Пана»222. Каб надаць свайму існаванню больш поўную эўхарыстычную форму, святар ужо ў перыяд фармацыі і пасля ў наступныя гады павінен стварыць шырокія магчымасці для духоўнага жыцця223. Ён пакліканы быць сапраўдным шукальнікам Бога, застаючыся адначасова побач з людскімі клопатамі. Інтэнсіўнае духоўнае жыццё дазволіць яму больш глыбока ўвайсці ў камунію з Панам і прысвяціць сябе самога Божай любові, становячыся яе сведкам у любых абставінах, нават цяжкіх і змрочных. З гэтай мэтай разам з Айцамі Сіноду заклікаю святароў да «штодзённай цэлебрацыі св. Імшы, нават, калі ў ёй не ўдзельнічаюць вернікі»224. Такі заклік – гэта перш за усё адказ на аб’ектыўна бясконцую каштоўнасць кожнай эўхарыстычнай цэлебрацыі; ён абгрунтаваны яе асаблівай духоўнай эфектыўнасцю, бо св. Імша, якая цэлебруецца з верай, фарміруе чалавека ў найглыбейшым сэнсе гэтага слова, паколькі спрыяе прыпадабненню да Хрыста і ўмацоўвае святара ў яго пакліканні.
Эўхарыстыя і кансэкраванае жыццё
81. У кантэксце сувязі паміж Эўхарыстыяй і рознымі касцёльнымі пакліканнямі асабліва вылучаецца «прароцкае сведчанне кансэкраваных асобаў, якія знаходзяць ва эўхарыстычнай цэлебрацыі і адарацыі моц для радыкальнага наследавання Хрыста паслухмянага, убогага і чыстага»225. Кансэкраваныя асобы, здзяйсняючы шматлікія выхаваўчыя заданні і апякуючыся патрабуючымі, навучаючы ці служачы хворых, ведаюць, што першаснай мэтай іх жыцця ёсць «сузіранне Божай праўды і пастаяннае з’яднанне з Богам»226. Істотны ўклад, які Касцёл чакае ад кансэкраванага жыцця, значна больш датычыць парадку быцця, чым дзеяння. У гэтым кантэксце хацеў бы звярнуць увагу на важнасць дзявоцтва як сведчання менавіта ў адносінах да таямніцы Эўхарыстыі. Па сутнасці, акрамя сувязі са святарскім цэлібатам, эўхарыстычная таямніца паказвае ўнутраную сувязь з кансэкраваным дзявоцтвам, паколькі гэта з’яўляецца выразам выключнай адданасці Касцёла Хрысту, якога ён прымае як свайго Абранніка з радыкальнай і пладавітай вернасцю227. У Эўхарыстыі кансэкраванае дзявоцтва знаходзіць натхненне і пажыву для поўнага аддання Хрысту. Больш за тое, з Эўхарыстыі яно чэрпае падтрымку і заахвоту быць таксама ў наш час знакам бескарыслівай і пладавітай любові, якую Бог мае да чалавецтва. Урэшце, праз сваё асаблівае сведчанне кансэкраванае жыццё аб’ектыўна становіцца заклікам і прадказаннем «вяселля Ягняці» (Ап 19, 7. 9), якое ёсць мэтай усёй гісторыі збаўлення. У гэтым сэнсе яно дзейсна скіроўвае да той эсхаталагічнай будучыні, якой патрабуе кожны чалавек, каб мог кіраваць сваімі выбарамі і жыццёвымі рашэннямі.
Эўхарыстыя і маральная перамена
82. Адкрываючы прыгажосць эўхарыстычнай формы хрысціянскага існавання даходзім таксама да разважання над маральнай энергіяй, якая дзейнічае ў ім для падтрымкі сапраўднай свабоды, уласцівай Божым дзецям. Хачу тут узгадаць тэматыку, закранутую падчас Сіноду, адносна сувязі паміж эўхарыстычнай формай існавання і маральнай пераменай. Папа Ян Павел ІІ сцвердзіў, што маральнае жыццё «мае вартасць “духоўнага культу” (Рым 12, 1; пар. Флп 3, 3), які вынікае і бярэ моц з гэтай невычэрпнай крыніцы святасці і праслаўлення Бога, чым з’яўляюцца сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыя. Прымаючы ўдзел у ахвяры крыжа, хрысціянін удзельнічае ў ахвярнай любові Хрыста і атрымлівае здольнасць, а таксама абавязак жыць гэтай любоўю ва ўсіх сваіх жыццёвых паставах і чынах»228. «У самым “кульце”, у эўхарыстычнай камуніі, змяшчаецца тое, каб быць каханым, а таксама каб кахаць іншых. Эўхарыстыя, якая не пераходзіць у канкрэтныя ўчынкі любові, сама па сабе частковая»229.
Гэты зварот да маральнай каштоўнасці духоўнага культу не павінен інтэрпрэтавацца як маралізатарства. Гэта перш за ўсё радаснае адкрыццё дынамізму любові ў сэрцы таго, хто прымае дар Пана, аддаецца Яму і знаходзіць сапраўдную свабоду. Маральная перамена, заключаная ў новым кульце, устаноўленым Хрыстом, з’яўляецца напружаннем і прагненнем сэрца адказаць на любоў Пана ўсім сваім існаваннем, усведамляючы ўласную крохкасць. Тое, аб чым гаворым, добра адлюстравана ў евангельскім апавяданні пра Закхея (пар. Лк 19, 1-10). Пасля прыняцця Езуса ў сваім доме, мытнік заўважае, што ён цалкам пераменены: вырашае аддаць палову сваёй маёмасці бедным і вярнуць у чатыры разы болей тым, каго абакраў. Маральнае напружанне, якое нараджаецца з прыняцця Езуса ў нашым жыцці, вынікае з удзячнасці за атрыманы незаслужана досвед блізкасці Пана.
Эўхарыстычная лучнасць
83. Важна звярнуць увагу на тое, што Айцы Сіноду назвалі эўхарыстычнай лучнасцю, да якой аб’ектыўна паклікана нашае існаванне. Культ, прыемны Богу, па сутнасці ніколі не з’яўляецца дзеяннем выключна прыватным, якое не ўплывае на нашыя грамадскія сувязі: патрабуе грамадскага сведчання нашай веры. Зразумела, гэта датычыць усіх ахрышчаных, але асабліва тых, хто з прычыны грамадскіх і палітычных пазіцый, якія займае, павінен прымаць рашэнні адносна фундаментальных каштоўнасцяў, такіх як пашана і абарона чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці; як сям’я, заснаваная на сужэнстве паміж мужчынам і жанчынай; як свабода ў выхаванні дзяцей і пашырэнне агульнага дабра ва ўсіх яго формах230. Гэтыя каштоўнасці нельга аспрэчыць. Таму каталіцкія палітыкі і заканадаўцы, усведамляючы сваю вялікую грамадскую адказнасць, павінны асабліва слухаць сваё правільна сфарміраванае сумленне, каб прадстаўляць і падтрымліваць законы, натхнёныя каштоўнасцямі, што заснаваны на чалавечай прыродзе231. Гэта ўсё мае аб’ектыўную сувязь з Эўхарыстыяй (пар. 1 Кар 11, 27-29). Біскупы абавязаны няспынна ўзгадваць гэтыя каштоўнасці; гэта ўваходзіць у іх адказнасць за давераную ім паству232.








All the contents on this site are copyrighted ©.