2008-04-15 15:47:36

У В'етнаме зноў пачала дзейнiчаць духоўная семiнарыя.


Дазвол на адкрыццё трэццяй духоўнай семiнарыi ў В’етнаме без абмежавання лiку семiнарыстаў, на думку яе рэктара а. Нгонк Пхi, з’яўляецца знакам панiжэння цiску ўладаў у рэлiгiйнай галiне. Семiнарыя ў горадзе Нха Транг будзе мець назву “Марская зорка”. “У бягучым годзе, - сказаў яе рэктар, - у нас не было нiякiх абмежаванняў па лiку семiнарыстаў”. Новая духоўная навучальная ўстанова, якая знаходзiцца ў больш чым за тысячу кiлометраў на поўдзень ад сталiцы краiны, атрымала дазвол на сваё iснаванне 28 верасня 2007 года. У ёй будуць вучыцца семiнарысты з розных дыяцэзiй В’етнаму. Згодна з iснуючымi правiламi, спiс семiнарыстаў будзе паданы адпаведным дзяржаўным установам.
Рэктар семiнарыi падкрэслiў, што кожны год трэба павялiчваць лiк навучэнцаў, каб задаволiць патрэбы трох дыяцэзiй, для служэння ў якiх будуць рыхтавацца будучыя маладыя святары.
“Гэта, - дадаў а.Нгонк Пхi, - можа быць успрынята як пазiтыўны знак у паводзiнах урада”. Рэктар, якi абаранiў у свой час у Рыме дактарат у галiне кананiчнага права, зазначыў, што кожны год колькасць навучэнцаў семiнарыi павiнна стала павялiчвацца, каб задаволiць патрэбу ў святарах, якую адчувае Царква ў В’етнаме. Недахоп святароў адчуваецца ў пятнаццацi розных камiсiях Бiскупскай канфярэнцыi i ў iншых царкоўных установах, што займаюцца дабрачыннай дзейнасцю сярод бедных людзей, iмiгрантаў i iншаземцаў.
Айцец Нгонк Пхi выкладаў у згаданай семiнарыi з 1975 да 1979 года. Потым семiнарыя была зачынена ўладамi. Цяпер у ёй займаюцца каля 200 семiнарыстаў, сярод iх i тыя, што ў свой час не мелi магчымасцi атрымаць духоўную падрыхтоўку. Яны наведваюць двухгадовыя тэалагiчныя курсы. Трэба адзначыць, што некаторыя в’етнамскiя святары вучацца ў Iталii, на Фiлiпiнах, у ЗША i ў Аўстралii.
Сам а. Нгонк Пхi вучыўся ў Папскiм Урбанiянскiм унiверсiтэте ў Рыме, што дае яму магчымасць скласцi праграму тэалагiчнага навучання ў адпаведнасцi не толькi з еўрапейскiмi, але i з сусветнымi нормамi. Нягледзячы на гэта, кiраўнiк семiнарыi лiчыць, што ў будучынi колькасць навучэнцаў паменшыцца, бо сучасная моладзь усё болей падпадае пад уплыў кансумiзму i не жадае рабiцца святарамi.







All the contents on this site are copyrighted ©.