2008-04-12 09:01:54

З нашага цыклу: "Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"-- працяг


Бліжэйшыя кантакты зь беларусамі з Польшчы ўсталяваліся ў канцы 1970-х гадоў. У студзені 1979 году прыехаў у Лёндан Аляксандар Баршчэўскі, загадчык катэдры беларускай філялёгіі ў Варшаўскім унівэрсытэце i беларускі паэт, які пісаў пад псэўданімам Алесь Барскi. Уладыка Чэслаў знаходзіўся тады ў Рыме. Вярнуўшыся 2 лютага, ён запісаў у сваім дзёньніку: «Хутка (пасьля прыезду) спатыкаюся з Др Алесем Баршчэўскім. Ён на ўсіх зрабіў добрае ўражаньне. Таксама i на мяне. Ён падзіўляе маю энэргію». У нядзелю 4 лютага: «Даклад Др. A. Баршчэўскага. Шмат прышло людзей. Вітае яго Я. Міхалюк, старшыня ЗБВБ. Баршчэўскі гавора пра пачаткі сваёй літаратурнай дзейнасьці i пра беларусаў у Польшчы. Цяперашняя Польшча памагае беларусам, каб толькі яны самі хацелі належна карыстаць з дапамогі. 4 беларускіх пісьменьнікаў належаць да Згуртаваньня Польскіх Пісьменьнікаў. Каб было 6, маглі б стварыць свой аддзел. Гаворыць пра беларускія школы, пра факультэт беларускі. Цяпер на ім 56 студэнтаў, ёсьць сярод ix i палякі. Дыскусія i пытаньні. Не на ўсе зь ix Баршчэўскі адказвае, бо яму ж трэба вярнуцца i працаваць!..» Гэта быў першы, але далёка не апошні візыт доктара (пасьля прафэсара) Баршчэўскага ў Лёндан. Сярод іншых беларускіх гасьцей з Польшчы можна прыгадаць доктара Юрку Геніюша, сына паэткі Ларысы Геніюш, паэтаў Віктара Швэда i Яна Чыквіна; магчыма, аднаго з найбольш выдатных беларускіх пісьменьнікаў Сакрата Яновіча.
Асобную групу наведнікаў складалі студэнты, якія ўлетку прыяжджалі ў Англію на працу. Сярод ix сустракаліся й беларусы, некаторыя знаходзілі дарогу ў Марыян Гаўз. Трапляліся i каталікі, моцна апалячаныя. Уладыка Чэслаў ды іншыя сьвятары ўпершыню сутыкнуліся з польскім каталіцызмам моладзі. Вядома, ён зрабіў на ix даволі сумнае ўражаньне. Усе маладыя ненавідзелі камунізм, але камуністычнае выхаваньне прынесла свае плады. Многія казалі, што ня вераць у Бога i ня маюць ніякай рэлігіі. Уладыка як мог імкнуўся ім дапамагчы. Для адной маладой дзяўчыны перад ейным ад’ездам нават напісаў наступную малітву: «Госпадзе, Ісусе Хрысьце, Ты сказаў: “Прыйдзіце да мяне ўсе працуючыя i абцяжаныя, i Я супакою вас” (Мц 11:28). Я зьвяртаюся да Цябе, хаця не пазнаўшы Цябе. Я расла, дасьпявала, карыстаючы з Твайго паветра i сонца, i з многіх Тваіх агульналюдзкіх дабрадзействаў, але ніхто мяне не навучыў Тваіх сьвятых праўдаў, ніхто мяне не запазнаў з Табою. Таму я баюся глянуць Табе ў вочы, Ісусе Хрысьце! Дай мне адвагу, дай мне змогу пазнаць Цябе! Я ведаю, як Ты аднёсься да самаранкі, да Пятра, які выракся Цябе; да Марыі Магдалены, якая насупраць фарысэйскага згаршэньня адважылася абмыць i цалаваць Твае ногі. I Ты яе апраўдаў, бо яна Цябе любіла паўнатою свайго жаночага пачуцьця.
Душа мая імкнецца ўсьцяж да лепшага, да шчасьлівейшага. У гэтым я спатыкалася, падала, ранячы сваю душу i цела. Піла прывабна-горкую чару, якую падсоўвалі мне розныя нагоды i мая ўласная слабая натура.
Ісусе, Ты – Праўда, Ты – Жыцьцё, Ты – Сьвятло. Хісткая мая вера – Ты ўзмоцні яе. Шмат чаго я ня знаю пра Цябе – дай сьвятло ласкі пазнаць Цябе. Ува ўсім тым, у чым я сьведама ці нясьведама нарушыла Тваю праўду, папраў мяне. Дай мне сьлёзы ня роспачы, але шчырай скрухі і надзеі. Ты міласэрны. Ты добры. Хачу быць Тваёй i Табе вернай. Прыйдзі, Госпадзе, не пазьніся!»
Такім чынам, Уладыка заставаўся ў першую чаргу сьвятаром. Безумоўна, ён ня меў цярплівасьці зь сьвятарамі, якія, замест таго каб навучаць людзей закону Божага, намагаліся ўтрымаць “польскасьць” Царквы.
У красавіку 1980 году Ўладыка Чэслаў атрымаў ліст-пісульку з рознымі дадаткамі ад старога знаёмага з Друйскай гімназіі, айца Вітаўта Пяткуна, які быў тады ў Рыме. Газэта Крыніца так пісала пра яго ў 1940 годзе: «Паходзіць з Браслаўшчыны, з Іказьні, з беларускай сям’і. Бацькі інакш i гаварыць ня ўмеюць, як толькі па-беларуску. Вучыўся ў Друйскай марыянскай гімназіі. Тады лічыў сябе беларусам. Скончыўшы шэсьць кляс гімназіі марыянаў, паехаў у Дзісну, a пасьля ў Віленскую Дух. Сэмінарыю. У сэмінарыі, i па сканчэньні яе, заслыў ярым палякам нацыяналістам. Цешыўся, што Бацянскі разганяў беларусаў i ліцьвіноў, бядуючы толькі, што позна польскія ўлады да гэтага дадумаліся. Літоўскія i беларускія землі для Пяткуна гэта землі чыста польскія, на якіх у будучыні мела паўстаць Польшча ад мора да мора»151. Пасьля вайны Пяткун апынуўся ў Беластоку, дзе працаваў прафэсарам у мясцовай духоўнай сэмінарыі.
Пяткун пісаў Уладыку Чэславу: «Шкада, што на Беларусі Касьцёл патухае, a дынамічнай рэпрэзэнтацыі не вытварылася. Калі б здарылася аказія (прыехаць) у Лёндан, нам трэба будзе пагутарыць. Тым часам абмяжоўваюся дадаткам, у якім можна больш вычытаць у падтэксьце»152.
Дадаткам была справаздача Пяткуна з паездкі ў Менск, дзе сярод іншага кажа: «У Менску чуваць пераважна мова расейская i народная беларуская (i ludową białoruską)... Моладзь па-польску не размаўляе, але пераважна разумее... Але на набажэнствах пры касьцёле адпраўляецца ўсё па-польску». У іншым дадатку Пяткун даволі цьмяна гаворыць “пра супольныя вартасьці Віленшчыны i Беласточчыны” (O wartościach wspólnych Wileńszczyzny i Białostocczyzny). Уладыка Чэслаў, не сьпяшаючыся, адпісаў 10 жніўня па-беларуску: «Шчыра дзякую за пісульку з дня 29.4.1980 з Рыму i за пэўныя матар’ялы. Думаю, што Вы яшчэ не забыліся беларускай мовы, таму i пішу па-беларуску. На Беларусі вельмі цяжкае рэлігійнае становішча. A хто вінаваты? Усе добра ведаюць, што там ужо моладзь не гаворыць па-польску, а сьвятары моляцца па-польску, a нават вымагаюць споведзі ў чужой мове








All the contents on this site are copyrighted ©.