2008-04-11 14:35:42

З Апостальскай Адгортацыі "Sacramentum Caritatis" - працяг


Касцёльная прыналежнасць - эўхарыстычная форма хрысціянскага існавання RealAudioMP3
76. Узгадванне нядзелі як Dies Ecclesiae заклікае нас да ўсведамлення ўнутранай сувязі паміж перамогай Езуса над злом і смерцю і нашай прыналежнасцю да Яго эклезіяльнага цела. Сапраўды, кожны хрысціянін у дзень Пана адкрывае таксама супольнае вымярэнне свайго ўласнага адкупленага існавання. Удзел у літургічнай цэлебрацыі, прыняцце Цела і Крыві Хрыста азначае паглыбленне нашай прыналежнасці да таго, хто памёр за нас (пар. 1 Кар 6, 19 і наст.; 7, 23). Хто корміцца Хрыстом, жыве для Яго. У святле эўхарыстычнай таямніцы выяўляецца глыбокі сэнс communio sanctorum. Камунія заўсёды і непарыўна мае вертыкальную і гарызантальную канатацыю: камунія з Богам і камунія з братамі і сёстрамі. Два вымярэнні сустракаюцца таямнічым чынам у эўхарыстычным дары. «Дзе знішчаецца камунія з Богам, якая ёсць камуніяй з Айцом, Сынам і Духам Святым, там знішчаецца корань і крыніца камуніі паміж намі. А калі мы не жывем у камуніі паміж сабой, там няма таксама жывой і сапраўднай камуніі з Трынітарным Богам»215. Будучы пакліканымі быць членамі Хрыста і членамі адны другіх (пар. 1 Кар 12, 27), мы ствараем рэчаіснасць, анталагічна заснаваную на хросце і ўскормленую Эўхарыстыяй, рэчаіснасць, якая патрабуе адчувальнай прысутнасці ў жыцці нашых супольнасцяў. Эўхарыстычны характар хрысціянскага існавання – гэта несумненна эклезіяльны і супольнасны характар. Праз дыяцэзіі і парафіі, якія ствараюць асноўныя структуры Касцёла на дадзенай тэрыторыі, кожны вернік можа канкрэтна адчуць сваю прыналежнасць да цела Хрыста. Таварыствы, касцёльныя рухі і новыя супольнасці, а таксама інстытуты кансэкраванага жыцця, разам з жыццёвымі харызмамі, атрыманымі ад Духа Святога для нашага часу, павінны ўнесці свой асаблівы ўклад, каб дапамагчы вернікам усвядоміць іх прыналежнасць да Пана (пар. Рым 14, 8). Феномен секулярызацыі, які невыпадкова мае выразна індывідуалістычныя рысы, дасягае сваіх згубных эфектаў перш за ўсё сярод людзей, якія адасабляюцца з-за слабага адчування сваёй прыналежнасці. Хрысціянства ад самага пачатку будавалася на яднанні, на стварэнні сеткі сувязяў, якія няспынна аднаўляліся слуханнем слова і эўхарыстычнай цэлебрацыяй і ажыўляліся Духам Святым.
Духоўнасць і эўхарыстычная культура
77. Айцы Сіноду выразна сцвердзілі, што «хрысціянскія вернікі маюць патрэбу больш глыбокага разумення сувязяў паміж Эўхарыстыяй і штодзённым жыццём. Эўхарыстычная духоўнасць – гэта не толькі ўдзел у св. Імшы і пакланенне Найсвяцейшаму Сакрамэнту. Яна ахоплівае ўсё жыццё»216. Гэта заўвага набывае сёння для ўсіх нас асаблівае значэнне. Неабходна падкрэсліць, што адным з найбольш цяжкіх вынікаў згаданай секулярызацыі з’яўляецца змяшчэнне хрысціянскай веры па-за існаваннем, бо яна быццам бы непатрэбная ў канкрэтным жыцці людзей. Мізэрнасць такога спосабу жыцця «быццам Бога няма» сёння бачна для ўсіх. Таму неабходна нанова адкрыць, што Езус Хрыстус не з’яўляецца проста прыватным перакананнем ці абстрактным вучэннем, але рэальнай асобай, чый уваход у гісторыю вядзе да аднаўлення жыцця ўсіх. Таму Эўхарыстыя як крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла павінна нарадзіць духоўнасць, жыццё «паводле Духа» (Рым 8, 4 і наст.; пар. Гал 5, 16. 25). Паказальна тое, што св. Павел ва ўрыўку з Паслання да Рымлянаў, у якім запрашае да новага духоўнага культу, кажа адначасова пра неабходнасць перамены ўласнага спосабу жыцця і думак: «Не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая – добрая, прыемная і дасканалая» (12, 2) Такім чынам Апостал народаў падкрэслівае сувязь паміж сапраўдным духоўным культам і неабходнасцю новага разумення існавання і вядзення жыцця. Неад’емнай часткай эўхарыстычнай формы хрысціянскага жыцця з’яўляецца аднаўленне менталітэту: «мы больш не павінны быць немаўлятамі, якіх хістае і захапляе кожны вецер вучэнняў» (Эф 4, 14).
Эўхарыстыя і евангелізацыя культур
78. З вышэйзгаданага вынікае, што эўхарыстычная таямніца ўводзіць нас ў дыялог з рознымі культурамі, таксама ў пэўным сэнсе робіць ім выклік217. Неабходна распазнаць міжкультурны характар гэтага культу, той logiké latreía. Прысутнасць Езуса Хрыста і праліццё Духа Святога – гэта падзеі, якія могуць пастаянна супастаўляцца з кожнай культурнай рэчаіснасцю, каб унесці ў яе закваску Евангелля. У выніку гэта вядзе да абавязку з упэўненасцю праводзіць евангелізацыю культур, памятаючы, што сам Хрыстус ёсць праўдай кожнага чалавека і ўсёй чалавечай гісторыі. Эўхарыстыя становіцца крытэрыем ацэнкі таго, з чым сустракаецца хрысціянін ў розных культурных праяўленнях. У гэтым важным працэсе можам заўважыць, наколькі значнымі з’яўляюцца словы св. Паўла, які запрашае ў сваім Першым пасланні да Тэсаланікійцаў: «Усё правярайце, трымайцеся добрага» (пар. 5, 21).








All the contents on this site are copyrighted ©.