69-я гадавіна сьвятарскага пасьвячэньня кардынала Казіміра Свёнтка
Старэйшы іерарх Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі адміністратар Пінскай
дыяцэзіі, 8 красавіка адзначыў 69-ю гадавіну свайго святарскага пасвячэння. У гэты
дзень у пінскім катэдральным касцёле а 18-й гадзіне ён цэлебраваў святую Імшу. Cярод
віншаванняў, якія былі складзены кардыналу, найбольш трапна выразіла настрой прысутных
у катэдральным касцёле наступнае: хоць гэта і не юбілейная дата, але значнасць асобы
кардынала Казіміра не дазваляе яе прамінуць. «Ці гэта не Божы провід?» — такой
была галоўная думка казання кардынала Свёнтка, які сваім верным і мужным сведчаннем
Хрысту і Яго Евангеллю ў цяжкія гады пераследу Каталіцкага Касцёла ва Усходняй Еўропе
заслужыў тытул Сведкі веры. Кардынал распавёў пра выпрабаванні свайго жыцця, калі
яму даводзілася — і нават не аднойчы — станавіцца перад абліччам смерці: у турэмным
зняволенні, падчас Другой сусветнай вайны, у лагеры за палярным кругам. Напрыканцы
кардынал Казімір Свёнтэк распавёў пра сваё вызваленне з лагера. Даючы яму свабоду,
у яго спыталі: «Як Вы здолелі выжыць пасля ўсяго, што з Вамі здарылася?» «Гэта зрабіў
Бог», — адказаў верны Хрысту святар.