2008-04-04 15:55:56

У Менску ўшанавалі памяць Слугі Божага Яна Паўла ІІ.


У мінскім касцёле св. Сымона і Алены святую Імшу ў інтэнцыі хутчэйшай беатыфікацыі Вялікага Папы канцэлебравалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, пробашч парафіі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, святары з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій, святары Грэка-Каталіцкай Царквы на Беларусі. У малітве прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычных місій і польскага консульства ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама шматлікія вернікі.
На пачатку святой Імшы біскуп Антоні Дзям’янка прывітаў усіх прысутных, а айцец Андрэй Абламейка зачытаў ліст Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў на Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека MIC да біскупаў, святароў і вернікаў, якія з’ядналіся ў супольнай малітве ў гэты памятны дзень.
Біскуп Антоні Дзям’янка сваю гамілію прысвяціў асобе Слугі Божага Яна Паўла ІІ: «У прыгожы і велічны велікодны перыяд літургічнага года католікі ўсяго свету і шматлікія людзі добрай волі развіталіся з Папам Янам Паўлам ІІ, які пасля пакутлівай хваробы адышоў у вечнасць. І хоць час паволі аддаляе ад нас вобраз Вялікага Папы, аднак яго служэнне ў Касцёле, яго прамовы, катэхэзы, яго мудры голас у розныя перыяды гісторыі, часам вельмі драматычныя, застаецца і надалей у нашай памяці, а яго нястомная дзейнасць у справе нясення Добрай Навіны сучаснаму чалавеку і сёння з’яўляецца для нас прыкладам і заахвочваннем, каб працягваць гэтую справу, якой верна служыў Вялікі Папа. (...) Разважаючы над моцай сведчання яго веры, просім добрага Бога, каб пакаленне Яна Паўла ІІ здолела выканаць тыя заданні, якія чакаюць яго ў сучасным свеце, каб споўніліся словы Вялікага Папы, скіраваныя як да моладзі, так і да ўсіх нас: „Кожны чалавек ідзе наперад, накіроўваецца ў будучыню, ідуць наперад таксама народы і ўсё чалавецтва. Ісці наперад — гэта значыць не падпарадкоўвацца толькі і выключна патрабаванням сучаснага свету. Таму, тулячы ўсіх да свайго сэрца, як айцец, звяртаюся да вас: выбірайце вузкую дарогу, на якую Бог скіроўвае вас сваімі запаведзямі, выбірайце словы праўды і жыцця, адчыніце свае сэрцы Хрысту“».
Пасля святой Імшы адбыўся паказ відэазапісу VII пілігрымкі Вялікага Папы ў Польшчу ў 1999 г. У сваім родным горадзе Вадавіцах, Караль Вайтыла маліўся разам са сваімі суайчыннікамі і ўзгадваў, што менавіта тут усё распачалося: тут ён нарадзіўся, тут вучыўся, тут адчуў пакліканне да асаблівага служэння Богу і людзям.
Пасля прагляду фільму адбыўся невялікі музычны канцэрт. Затым адбылася працэсія са свечкамі вакол касцёла, падчас якой духавенства і вернікі памаліліся каля памятнага знаку Слугі Божага Яна Паўла ІІ.
Дзень успаміну Вялікага Папы ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены завяршыўся малітваю ў цішыні ў 21.37 — у момант адыходу ў дом Айца Слугі Божага Яна Паўла ІІ.












All the contents on this site are copyrighted ©.