2008-04-03 12:57:29

У Бангладэш пройдзе спатканне памiж мусульманамi i хрысцiянамi.


Трыццаць пяць прадстаўнiкоў мусульманскага свету i прыкладна столькi ж хрысцiянаў спаткаюцца 18 красавiка ў Бангладэш каб разам абмеркаваць лiст, якi быў накiраваны Свяцейшаму Айцу Бенедыкту XVI° i iншым кiраўнiкам розных хрысцiянскiх канфесiй 138 мусульманскiмi духоўнымi лiдэрамi на прыканцы кастрычнiка мiнулага года. Пад час спаткання будзе абмяркоўвацца таксама адказ на гэты лiст Папы, якi быў падпiсаны Дзяржаўным сакратаром Ватыкана кардыналам Тарчызiо Бертоне.
Экуменiчная сустрэча пройдзе ў Дакке - сталiцы Бангладэш, адной з самых бедных краiнаў Азii. 80% насельнiцтва гэтай краiны мусульмане, хрысцiяне ж складаюць толькi палову працэнта ад агульнай колькасцi жыхароў Бангладэш.
Спатканне арганiзавана Дэпартаментам сусветных рэлiгiй, якi iснуе пры даккiйскiм унiверсiтэте. Кiруе гэтым дэпартаментам прафесар Казi Нурул Iслам, якi цесна супрацоўнiчае ў справе мiжрэлiгiйнага дыялога з адпаведнай Камiсiяй бiскупаў краiны.
Мерапрыемства пройдзе пад назвай “Адзiн агульны заклiк: мусульмане i хрысцiяне”. Па вынiках канфярэнцыi, яе ўдзельнiкi збiраюцца скласцi супольную заяву.
Сярод удзельнiкаў межрэлiгiйнай сустрэчы будзе i каталiцкi мiсiянар у Бангладэш – а. Францiшак Рапачёллi, якi заявiў, што мэта экуменiчнага спаткання хрысцiянаў i мусульманаў – высвятленне таго, што iх аб’ядноўвае i падзяляе. Згаданая iдэя належыць прафесару Казi Нурул Iсламу, якую ён выказаў на старонках рэлiгiйнага перыядычнага выдання “Свет i Мiсыя” яшчэ ў 2006 годзе.
У адным са сваiх нядаўнiх iнтэрв’ю з нагоды падпiсанага мусульманскiмi лiдэрамi лiста, Казi Нурул Iслам заявiў, што рэакцыя на згаданы дакумент мела месца толькi сярод вельмi невялiкай групы iнтэлектуалаў-мусульманаў у Бангладэш, бо большая частка насельнiцтва краiны непiсменныя. Да таго ж, нацыянальныя сродкi масавай iнфармацыi практычна не звярнулi ўвагi на гэты лiст.
Па меркаванню прафесара, таксама i сярод мусульманскiх iнтэлектуалаў краiны, якiя цiкавяцца праблемамi хрысцiянска-iсламскага дыялогу, стаўленне да яго не ёсць аднадушным. Магчыма выдзялiць тры асноўныя пазыцыi: некаторыя адрэагавалi негатыўна на прамову Папы ў Ратiсбоне; iншыя заявiлi, што Свяцейшы Айцец меў рацыю i, такiм чынам, мусульманам трэба заняцца самакрытыкай; трэцiя лiчаць, што прамова Бенедыкта XVI° не з’яўляецца нагодай для павялiчэння палемiкi.
У рамках падрыхтоўкi да мiжрэлiгiйнага спаткання будуць праведзены два семiнара. 35 мусульманскiх дэлегата спаткаюцца ў сталiчным унiверсiтэте каб супольна акрэслiць тэмы, якiя будуць абмеркаваны пад час сустрэчы 18 красавiка. Прадстаўнiкi хрысцiянаў таксама правядуць падобнае спатканне.
У Бангладэш, як i ў многiх iншых краiнах, у апошнi час назiраецца павялiчэнне актыўнасцi мусульманаў, асаблiва сярод нiжэйшых сацыяльных груп i сярод студэнтаў, у той час як жанчыны краiны, асаблiва тыя, што жывуць у сельскiх мясцовасцях, працягваюць жыць у прынiжаных умовах як у семьях, так i на працы.
Нагадаем, што лаурэату Нобелеўскай прэмii за мiр, бангладэшскаму прафесару Мухаммеду Йяннусу належыць iдэя стварэння адпаведнага банка, якi займаецца фiнансаваннем розных праектаў сярод найбольш бедных слаёў насельнiцтва, перад усiм у жаночым асяроддзi.







All the contents on this site are copyrighted ©.