2008-03-29 08:51:40

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Былі й іншыя людзі, ня менш адданыя царкве. Некаторыя зь ix раней належалі да Праваслаўнай царквы, напрыклад вядомы беларускі кампазытар Мікола Куліковіч (1896–1969), які кіраваў царкоўным хорам.
Сярод характэрных рысаў Уладыкі Чэслава трэба адзначыць ягоную шчырую зацікаўленасьць людзьмі. Ён заўсёды з поўнай увагаю слухаў свайго суразмоўцу, ніколі не паказваючы, што тое, аб чым той гаворыць, няважнае ці сьмешнае. Безумоўна, часам ледзь удавалася ўстрымацца ад сьмеху, як, напрыклад, у гасьцёх, дзе ў гаспадара быў «вялікі сабака альзацкай пароды. Мае аддаць яго... у школу! за якую будзе плаціць 60 доляраў у тыдзень».
Вось гэтая ягоная зацікаўленасьць i цеплыня вабілі людзей, якія прыходзілі да яго з сваімі цяжкасьцямі i праблемамі. Сярод прыяцеляў Уладыкі трапляліся ня толькі беларусы i ня толькі каталікі. Адзін зь ix – рабін мясцовай сынагогі. Абодва надзвычай любілі гуляць у шахматы. Вось што піша Ўладыка Чэслаў у сваім дзёньніку 18 лютага 1979 году: «Позна вечарам зайшоў у бібліятэку Скарыны рабін Баум. Вяртаецца ён з урачыстасьці бармітцваг i прынёс мне вельмі салодкі пернік. Згулялі два разы ў шахматы. Абодвы разы я прайграў, хаця ў другой гульні я быў шмат мацнейшы i толькі, што “не дацаніў” праціўніка – прайграў. Але цікавы гэты чалавек рабін Баум. Ён ветлівы, цярплівы, i ён кажа, што я мацней ад яго гуляю, бо ён толькі ўмее бараніцца! Калі хтосьці, баронячыся, выграе, а той, хто атакуе – праграе, дык хто ж лепш гуляе? Пасьля мы зрабілі добрую прагулку па сьвежым паветры i пагутарылі».
Сярод найбліжэйшых беларускіх прыяцеляў Уладыкі Чэслава ў Лёндане трэба назваць Яна Міхалюка i ягоную жонку Алену (Лёлю) – праваслаўных. Алена Міхалюк была гаспадыняй у інтэрнаце сьв. Кірылы, дзе вучыліся тры іхныя сыны. Ян Міхалюк чвэрць стагодзьдзя ўзначальваў Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі. Ян i Алена Міхалюкі вызначаліся выключнай цэльнасьцю характару, пачуцьцём годнасьці i разуменьнем нацыянальных праблемаў. Уладыка Чэслаў меў да ix вялікую павагу i часта раіўся ў важных справах. Ян Міхалюк уваходзіў у Раду Бібліятэкі Ф. Скарыны.
Жаданьне бачыць добрае ў людзях часам вяло да памылак. Гэта асабліва адчувалася ў апошнія гады жыцьця, калі, думаючы пра лёс Марыян Гаўз, ён верыў у шчырасьць кожнага, хто абвяшчаў сваё жаданьне стаць марыянінам. Ужо згадвалася пра аднаго нямецкага кандыдата, які, перад тым як трапіць у Марыян Гаўз, спрабаваў шчасьця ў некалькіх духоўных сэмінарыях. Зьявіўся i хутка сышоў таксама малады аўстраліец, вельмі сымпатычны й гаваркі, толькі ў ягонае разуменьне законнага жыцьця не ўваходзілі такія дробязі, як уставаньне раніцай на малітву i ўдзел у працы каля дому. Уладыка спакойна пераносіў свае няўдачы.
Чэслаў Сіповіч славіўся сваёй гасьціннасьцю. Сярод гасьцей i наведнікаў, апрача беларусаў, сьпярша былі тыя, хто цікавіўся пытаньнямі Ўсходняга Хрысьціянства i царкоўнай еднасьці. Бібліятэка Ф. Скарыны пачала прыцягваць да сябе славістаў з усіх куткоў сьвету. У ёй працавалі такія вядомыя вучоныя, як прафэсар Калюмбійскага ўнівэрсытэту Юры Шавялёў, аўтар працы Problems of Formation of Belorussian (Пытаньні станаўленьня беларускай мовы); ягоны вучань, прафэсар унівэрсытэту ў Тэль-Авіве Пол Вэкслер, аўтар некалькіх працаў пра беларускую мову, у прыватнасьці Historical Phonology of Belorussian (Гістарычная фаналёгія беларускай мовы); прафэсары Рымскага ўнівэрсытэту Сантэ Грачыёты i Эмануэля Сгамбаты (апошняя ў сваёй працы Tristano Belorusso апублікавала беларускі тэкст XVI стагодзьдзя сярэднявечнага рамана пра Трышчана i Іжоту разам з знойдзеным ёю ў Вэнэцыі італійскім тэкстам, які паслужыў асноваю да беларускага перакладу); прафэсар Папскага Ўсходняга Інстытуту айцец Ян Крайцар, які напісаў шмат артыкулаў пра стаўленьне князёў Слуцкіх да Вуніі, спробы рэфармаваць у часе Берасьцейскай Вуніі царкоўны каляндар ды інш.; прафэсар Ерусалімскага Габрайскага Ўнівэрсытэту Мошэ Альтбаўэр, які выдаў рукапіс XVI стагодзьдзя, што складаўся зь біблейскіх тэкстаў, перакладзеных з габрайскай мовы на беларускую; прафэсар Лёнданскага, а пасьля Канбэрскага (Аўстралія) унівэрсытэтаў Рэжынальд дэ Брэй, аўтар манумэнтальнай працы Guide to Slavonic Languages (Праваднік да славянскіх моваў), з граматыкамі ўсіх славянскіх моваў, у тым ліку беларускай; прафэсар турэцкай мовы Таронцкага Ўнівэрсытэту Гарэт Мэрэдыт Оўэнс, які разам з а. Надсанам надрукаваў артыкул пра рукапісныя кнігі беларускіх татараў; прафэсар Венскага Ўнівэрсытэту Франтышак Марэш, які выдаў беларускі тэкст XV стагодзьдзя лацінскай Імшы; Фэрдынанд Нойрайтар з Зальцбургу, аўтар анталёгіі беларускай літаратуры на нямецкай мове. Пералік можна працягваць.
Бальшыню наведнікаў i гасьцей складалі беларусы. Сярод ix трэба найперш прыгадаць беларускага літаратурнага крытыка i гісторыка Антона Адамовіча (1909–1998). У 1920-х гадох у Менску ён уваходзіў у беларускую літаратурную арганізацыю “Ўзвышша”. Камуністы зачынілі яе ў 1931 годзе, а ейных супольнікаў, у тым ліку Адамовіча, арыштавалі i выслалі зь Беларусі. Пасьля Другой сусьветнай вайны як палітычны ўцякач Адамовіч выехаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі i пасяліўся ў Нью-Ёрку. Ён быў вялікім прыяцелем Бібліятэкі Скарыны i адным зь ейных найбольшых дабрачынцаў. Адамовіч прыяжджаў у Лёндан прынамсі раз на год i жыў у “сваім” пакоі ў бібліятэцы. Сярод гасьцей варта прыгадаць Станіслава Станкевіча, літаратурнага крытыка i рэдактара газэты Беларус, паэтаў Рыгора Крушыну i Масея Сяднёва, пісьменьніка Кастуся Акулу i шмат іншых.








All the contents on this site are copyrighted ©.