2008-03-28 11:29:53

Апостальская Адгортацыя Папы Бэнэдыкта 16 "Sacramentum Caritatis"


Выкананне наказу святкавання
73. Айцы Сіноду, усведамляючы новы жыццёвы прынцып, які адкрывае хрысціяніну Эўхарыстыя, яшчэ раз пацвердзілі значэнне для ўсіх вернікаў святкавання нядзелі, як крыніцы сапраўднай свабоды, каб яны маглі жыць кожны дзень паводле таго, што цэлебравалі ў «дзень Пана». Жыццё веры будзе знаходзіцца ў небяспецы, калі не будзе жадання ўдзельнічаць у эўхарыстычнай цэлебрацыі, у якой здзяйсняецца ўспамін пасхальнай перамогі. Удзел у літургічным нядзельным сходзе разам з усімі братамі і сёстрамі, з якімі ствараем адно цела ў Езусе Хрысце, з’яўляецца патрабаваннем хрысціянскага сумлення і ў той жа час ён фарміруе хрысціянскае сумленне. Страта сэнсу нядзелі як дня Пана, які трэба асвячаць, сведчыць пра загубленасць сапраўднага сэнсу хрысціянскай свабоды, свабоды дзяцей Божых206. Таму застаюцца каштоўнымі для хрысціянаў заўвагі, зробленыя маім папярэднікам Янам Паўлам ІІ у апостальскім лісце «Dies Domini»207 наконт розных вымярэнняў нядзелі: яна з’яўляецца Dies Domini адносна справы стварэння; Dies Christi, бо гэта дзень новага стварэння і дару Духа Святога, дадзенага ўваскрослым Панам; Dies Ecclesiae, бо гэта дзень, калі хрысціянская супольнасць збіраецца для цэлебрацыі; Dies hominis, бо гэта дзень радасці, адпачынку і братэрскай любові.
Таму гэты дзень выяўляецца як асноўны і першы святочны дзень, у які кожны вернік, у асяроддзі, у якім жыве, можа стаць вестуном і вартаўніком сэнсу часу. Насамрэч, з гэтага дня вынікае хрысціянскі сэнс існавання і новы спосаб разумення часу, адносінаў, працы, жыцця і смерці. Таму добра, калі ў дзень Пана касцёльныя групы арганізоўваюць вакол нядзельнай эўхарыстычнай цэлебрацыі мерапрыемствы і іншыя ўласцівыя хрысціянскай супольнасці акцыі: сяброўскія сустрэчы, ініцыятывы для выхавання ў веры дзяцей, моладзі і дарослых, пілігрымкі, дабрачынныя справы і розныя формы малітвы. З прычыны гэтых вельмі важных каштоўнасцяў – паколькі суботні вечар справядліва ўжо ад І Нешпараў належыць да нядзелі, і дазваляецца тады выкананне нядзельнага абавязку – трэба аднак памятаць, што сама па сабе нядзеля заслугоўвае на асвячэнне, і каб не скончылася на тым, што яна стане днём, «пазбаўленым Бога»208.
Сэнс адпачынку і працы
74. Урэшце, асабліва важным з’яўляецца напамін, што дзень Пана – гэта таксама дзень адпачынку ад працы. Вельмі спадзяёмся, што ён будзе прызнаны такім таксама грамадзянскай супольнасцю, каб была магчымасць устрымання ад працоўнай дзейнасці і не было за гэта пакарання. Хрысціяне, зважаючы на значэнне шабату ў габрэйскай традыцыі, лічылі дзень Пана таксама днём, вольным ад штодзённых клопатаў. Гэта мае асаблівае значэнне, бо гаворыць пра рэлятывізацыю працы, якая павінна быць скіравана на чалавека: праца існуе для чалавека, а не чалавек – для працы. Можна ўбачыць у гэтым абарону, дадзеную самому чалавеку, якая вызваляе такім чынам ад магчымай формы рабства. Як я ўжо сцвярджаў, «праца мае першаснае значэнне для чалавека і для развіцця грамадства. Таму неабходна, каб яна была заўсёды арганізавана і выконвалася ў поўнай пашане да чалавечай годнасці і ў служэнні агульнаму дабру. У той жа час неабходна, каб чалавек не быў зняволены працай, каб ёй не пакланяўся, каб не імкнуўся знайсці ў ёй канчатковы і асноўны сэнс жыцця»209. У дзень, прысвечаны Богу, чалавек спасцігае сэнс свайго існавання, а таксама сваёй працоўнай дзейнасці210.
Нядзельны сход пры адсутнасці святара
75. Адкрываючы значэнне нядзельнай цэлебрацыі для жыцця хрысціяніна, сутыкаемся з праблемай тых хрысціянскіх супольнасцяў, у якіх няма святара, а таму немагчыма цэлебрацыя св. Імшы ў дзень Пана. У сувязі з гэтым неабходна сказаць, што мы маем дачыненне з даволі разнастайнымі сітуацыямі. Сінод заклікаў вернікаў, нават калі гэта патрабуе пэўнай ахвяры, збірацца ў адным з касцёлаў дыяцэзіі, у якім гарантавана прысутнасць святара211. Там, дзе вялікія адлегласці робяць удзел у нядзельнай Эўхарыстыі практычна немагчымым, важна, каб хрысціянская супольнасць усё роўна збіралася дзеля праслаўлення Пана і ўспаміну дня, прысвечанага Яму. Аднак, гэта павінна адбывацца ў кантэксце адпаведнага вучэння адносна розніцы паміж св. Імшой і нядзельнымі сходамі пры адсутнасці святара. Пастырская апека Касцёла павінна ў гэтым выпадку выражацца ў назіранні, каб літургія слова, арганізаваная пад кіраўніцтвам дыякана ці асобы, упаўнаважанай кампетэнтнымі ўладамі, адбывалася згодна з пэўным рытуалам, распрацаваным Канферэнцыяй Біскупаў і зацверджаным для гэтай мэты212. Нагадваю, што ардынарыі павінны ўпаўнаважваць асобы для ўдзялення св. Камуніі ў такіх літургічных сходах, уважліва ацэньваючы адпаведнасць дадзенага выбару. Акрамя гэтага, неабходна дзейнічаць так, каб такія сходы не прычыніліся да змяншэння галоўнай ролі святара і сакрамэнтальнага характару жыцця Касцёла. Значэнне ролі свецкіх, якім справядліва належыць удзячнасць за іх велікадушнасць у служэнні хрысціянскай супольнасці, ніколі не павінна закрываць неад’емную паслугу святароў у жыцці Касцёла213. Таму трэба ўважліва сачыць за тым, каб сходы, якія чакаюць святара, не давалі б падставы эклезіяльным уяўленням, нязгодным з праўдай Евангелля і традыцыяй Касцёла. Хутчэй яны павінны быць прывілеяванымі нагодамі для малітвы, каб Бог спаслаў святых святароў паводле свайго Сэрца. У сувязі з гэтым узрушвае тое, што пісаў папа Ян Павел ІІ у «Лісце да святароў» на Вялікі чацвер 1979г., узгадваючы тыя месцы, дзе людзі, пазбаўленыя святароў з прычыны дыктатарскіх рэжымаў, збіраліся ў касцёле ці ў санктуарыі, клалі на алтар стулу, якая яшчэ захавалася, і прамаўлялі малітвы эўхарыстычнай літургіі, а «ў момант, які адпавядаў кансэкрацыі, на сведчанне таго, як горача яны прагнулі пачуць словы, якія толькі вусны святара могуць дзейсна вымавіць», захоўвалі цішыню214. Менавіта ў сувязі з гэтым, беручы пад увагу непараўнальнае дабро, якое вынікае з цэлебрацыі эўхарыстычнай Ахвяры, прашу ўсіх святароў аб актыўнай і канкрэтнай гатоўнасці як мага больш частага наведвання супольнасцяў, давераных іх пастырскай апецы, каб яны не заставаліся празмерна доўгі час без сакрамэнту любові








All the contents on this site are copyrighted ©.