2008-03-22 10:40:17

У Ватыкане з"явіцца помнік Галілею. Ініцыятыва ўсталявання помніка навукоўцу супала з пачаткам вялікага праекта, прысвечанага 400-годдзю вынайдзенага Галілеем тэлескопа (з выпуклым аб’ектывам і ўвагнутым акулярам).


Ватыкан ушануе памяць вялікага матэматыка, фізіка і астранома Галілео Галілея (1564–1642). Сёлета ў адным з ватыканскіх садоў яму будзе ўсталяваны помнік непадалёк ад таго месца, дзе 22 дні ў 1633 г. утрымліваўся астраном, чакаючы працэсу па абвінавачанні ў ерасі (гэта была кватэра пасла Фларэнцыі ў Ватыкане). «Ватыкан такім чынам хоча паставіць апошнюю кропку ў гэтай гісторыі», — паведаміў старшыня Папскай Акадэміі Навук Нікола Кабібо. Ён патлумачыў, што Касцёл жадае паказаць прамую сувязь між навукай і верай. Святкаванне гэтай падзеі, якая фармальна прыпадае на 2009 г., пачнецца ўжо сёлета ў чатырох італьянскіх гарадах — Рыме, Пізе, Фларэнцыі і Падуі. Так, у фларэнтыйскім музeі гісторыі навукі, у якім захоўваюцца аўтэнтычныя тэлескопы Галілея, 4 сакавіка 2008 г. адкрылася выстава «Прылада, якая змяніла свет».
Адным са шматлікіх юбілейных мерапрыемстваў з нагоды вынаходніцтва Галілеем тэлескопа будзе адкрыццё помніка навукоўцу ў садах Ватыкана.








All the contents on this site are copyrighted ©.