2008-03-21 11:44:25

З нашага цыклу "Sacramentum Caritatis"- працяг


ЭЎХАРЫСТЫЯ, ТАЯМНІЦА ЖЫЦЦЯ
«Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом,
так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною» (Ян 6, 57)
Эўхарыстычная форма хрысціянскага жыццяРазумнае служэнне – logiké latreía (Рым 12, 1)
70. Пан Езус, стаўшы для нас хлебам праўды і любові, кажа пра дар свайго жыцця і запэўнівае нас, што той, «хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна» (Ян 6, 51). Але гэтае «вечнае жыццё» распачынаецца ў нас ужо цяпер праз перамяненне, якое эўхарыстычны дар нараджае ў нас. «Той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною» (Ян 6, 57). Гэтыя словы Езуса дапамагаюць зразумець, што таямніца, «у якую вераць» і «якую цэлебруюць», мае дынамізм, які робіць яе пачаткам у нас новага жыцця і формай хрысціянскага існавання. Прымаючы Цела і Кроў Езуса Хрыста, мы становімся ўдзельнікамі боскага жыцця больш сталым і свядомым чынам. Тут таксама мае істотнае значэнне ўсё, што св. Аўгустын кажа ў сваіх «Вызнаннях» аб вечным Logos, ежы душы: падкрэсліваючы парадаксальны характар гэтай ежы, ён уяўляе, як у дыялогу з Ім чуе словы: «Гэта ежа дарослых: дарасці і будзеш мяне спажываць. Я не буду прыпадобнены ў табе да ежы твайго цела, але ты будзеш прыпадобнены да мяне»198. Гэта не эўхарыстычны спажытак перамяняецца ў нас, але гэта мы таямнічым чынам ім перамяняемся. Хрыстус жывіць нас, яднаючы з сабою: «Ён нас прымае і прыцягвае да сябе»199.
Эўхарыстычная цэлебрацыя праяўляецца тут ва ўсёй сваёй моцы як крыніца і вяршыня касцёльнага існавання, паколькі выражае адначасова як генезіс, так і здзяйсненне новага і дэфінітыўнага культу, logiké latreía200. У сувязі з гэтым словы св. Паўла, скіраваныя да Рымлянаў, з’яўляюцца сінтэтычнай фармуліроўкай таго, як Эўхарыстыя перамяняе ўсё нашае жыццё ў духоўны культ, прыемны Богу: «Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце вашыя целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу – на разумнае служэнне вашае» (Рым 12, 1). У гэтым закліку паўстае вобраз новага культу як поўнае ахвяраванне нашай асобы ў еднасці з ўсім Касцёлам. Падкрэсліванне Апосталам ахвяры з нашых целаў пацвярджае канкрэтны чалавечы характар служэння, якое не можа быць бесцялесным. Таксама ў сувязі з гэтым святы з Гіпоны нагадвае нам зноў: «Вось ахвяра хрысціянаў: “усе разам мы ствараем адно цела ў Хрысце”. Касцёл цэлебруе гэтую таямніцу ў сакрамэнце алтара, які добра ведаюць вернікі, і выразна ведае, што ў тым, што ахвяруе, сам ёсць ахвярай»201. Каталіцкае вучэнне сцвярджае, што Эўхарыстыя, паколькі з’яўляецца ахвярай Хрыста, з’яўляецца таксама ахвярай усяго Касцёла, а значыць вернікаў202. Падкрэсліванне ахвяры – «sacrum facere» – выражае тут усё экзістэнцыяльнае багацце, якое ўдзельнічае ў перамяненні нашай чалавечай рэчаіснасці, адкупленай Хрыстом (пар. Флп 3,12 ).
Усеахопная плённасць эўхарыстычнага культу
71. Новы хрысціянскі культ ахоплівае кожны аспект існавання, перамяняючы яго: «Таму ці ясцё, ці п’яцё, ці што іншае робіце, усё рабіце на хвалу Божую» (1 Кар 10, 31). У кожным праяўленні свайго жыцця хрысціянін пакліканы да праўдзівага Божага культу. Адсюль набывае ўнутраную форму эўхарыстычная прырода хрысціянскага жыцця. Наколькі Эўхарыстыя актывізуе чалавечую рэчаіснасць верніка ў яе штодзённай канкрэтнасці, настолькі робіць магчымым, дзень за днём, паступовую перамену чалавека, пакліканага праз ласку да таго, каб быць вобразам Божага Сына (пар. Рым 8, 29 і наст.). Няма нічога найбольш аўтэнтычна чалавеку – думкі і пачуццяў, слоў і чынаў, – што не знаходзіла б у сакрамэнце Эўхарыстыі адпаведнай формы поўнай іх рэалізацыі. Тут выяўляецца ўся антрапалагічная каштоўнасць радыкальнай навізны, якую прынёс Хрыстус у Эўхарыстыі: пакланенне Богу не можа ў чалавечым існаванні абмяжоўвацца канкрэтным прыватным момантам, але па сваёй сутнасці павінна пранікаць у кожны аспект чалавечай рэчаіснасці. Культ, прыемны Богу, становіцца такім чынам новым спосабам успрыняцця ўсіх абставінаў жыцця, дзе кожная дробязь вылучана, бо разглядаецца ў кантэксце сувязі з Хрыстом, як ахвяра, прынесеная Богу. Хвала Бога – гэта жывы чалавек (пар. 1 Кар 10,31). А жыццё чалавека – гэта бачанне Бога203.
«Iuxta dominicam viventes» жыць паводле нядзелі
72. Гэтая радыкальная навізна, якую Эўхарыстыя ўводзіць ў жыццё чалавека, выяўляецца ў хрысціянскім сумленні ад самага пачатку. Вернікі адразу ж спазналі глыбокае ўздзеянне, якое эўхарыстычная цэлебрацыя аказвала на спосаб іх жыцця. Св. Ігнацый з Антыёхіі тлумачыць гэтую праўду, акрэсліваючы хрысціянаў як «тых, хто прыйшоў да новай надзеі», і як тых, хто жыве «паводле нядзелі» (iuxta dominicam viventes)204. Гэтае сцвярджэнне вялікага мучаніка з Антыёхіі ўказвае на сувязь паміж Эўхарыстыяй і штодзённым хрысціянскім існаваннем. Характэрны для хрысціянаў звычай збірацца ў першы дзень пасля шабату для цэлебрацыі ўваскрасення Хрыста – паводле апісання св. Юстына мучаніка205 – з’яўляецца таксама тым, што вызначае форму існавання, адноўленую сустрэчай з Хрыстом. Выраз св. Ігнацыя «жыць паводле нядзелі» падкрэслівае парадыгматычную вартасць, якую гэты святы дзень мае ў параўнанні з іншымі днямі тыдня. Нядзеля, насамрэч, не адрозніваецца толькі простым спыненнем звычайнай дзейнасці, яна не з’яўляецца нейкім прыпынкам у межах звычайнага рытму дзён. Хрысціяне заўсёды лічылі гэты дзень першым днём тыдня, бо ў гэты дзень здзяйсняецца ўспамін радыкальнай навізны, прынесенай Хрыстом. Таму нядзеля з’яўляецца днём, калі хрысціянін нанова адкрывае эўхарыстычную форму свайго існавання, дзякуючы якой ён пастаянна заклікаецца да жыцця. «Жыць паводле нядзелі» азначае жыць у свядомасці вызвалення, якое прынёс Хрыстус, і здзяйсняць уласнае існаванне як ахвяру, прынесеную Богу з самога сябе, бо Яго перамога аб’явілася ў поўні ўсім людзям праз унутрана адноўленыя паводзіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.