2008-03-15 08:25:16

"Біскуп Чэслаў Сіповіч-- Сьвятар і Беларус"-- працяг


Доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч, заснавальнік Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі, у канцы 1949 году выехаў у Канаду. Пасьля сьмерці Міколы Абрамчыка ў 1970 годзе яго абралі Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны з жонкай Раісай былі адзінай беларускай сям’ёй у горадзе Бэры недалёка ад Таронта. Сяброўскія сувязі між Уладыкам Чэславам i Жук-Грышкевічам, запачаткаваныя ў Італіі, а пасьля ўзрослыя і ўмацаваныя ў супольнай беларускай працы ў Англіі, засталіся на ўсё жыцьцё. Маршрут Сіповіча па амэрыканскім кантынэнце заўсёды ўлучаў Бэры, хоць часам гэта бывала ня вельмі лёгка. Грышкевічы наведалі Лёндан два разы, у 1972 i 1979 гадох. Раіса Жук-Грышкевіч прыяжджала таксама на адкрыцьцё Бібліятэкі Ф. Скарыны.
Пасьля свайго другога візыту ў Чыкага ў 1961 годзе (першы адбыўся ў 1957 годзе) Уладыка Чэслаў знайшоў там вялікія зьмены. Парафія Хрыста Спаса пад новым кіраўніцтвам айца Ўладзімера Тарасэвіча (1921–1986) займела свой уласны царкоўны будынак. Якраз пасьвяціць новую царкву запрасілі Ўладыку. Айцец Уладзімер, пляменьнік айца Яна Тарасэвіча, шаснаццацігадовым юнаком прыехаў у Амэрыку (у 1938 годзе) i паступіў у манастыр сьв. Пракопа ў Ляйлі, дзе яго рыхтавалі да “расейскага апасталяту”. У 1949 годзе ён стаў сьвятаром i неўзабаве выехаў у Рым па навуку ў Папскі Ўсходні Інстытут, дзе заставаўся да 1958 году. Пад час навучаньня ў Рыме ён шмат падарожнічаў па Эўропе, пазнаёміўся з айцамі Татарыновічам, Гарошкам, Сіповічам, браў удзел у тыднях студыяў “Руні”. Усё гэта расплюшчыла яму вочы на рэлігійныя патрэбы свайго народу. Вярнуўшыся ў Чыкага, ён атрымаў прызначэньне пастырам беларускай Царквы Хрыста Спаса, дзе паказаў сябе ўзорным сьвятаром i добрым арганізатарам. Адначасова ён прыцягнуў да парафіі шмат амэрыканцаў небеларускага паходжаньня i ўвёў для ix Літургію на ангельскай мове. Ад 1961 году ў царкве ў нядзелі i сьвяты праходзілі дзьве Літургіі: для беларусаў i для англамоўных амэрыканцаў. Ha практыцы гэта азначала, што ў адной царкве суіснавалі дзьве “парафіі”, якія, хоць i жылі ў згодзе, мелі мала супольнага між сабою, бо англамоўныя парафіяне ніколі не выказалі большага зацікаўленьня беларускімі справамі. Гэта адмоўна адбілася на працы беларускай парафіі, i спадзяваньні, што яна станецца значным беларускім рэлігійна-культурным асяродкам, ня спраўдзіліліся. Справядлівасьць вымагае сказаць, што а. Уладзімер Тарасэвіч адзін зь першых пачаў паступова ўводзіць беларускую мову ў Літургію. Гэта ня ўсім прыйшлося да спадобы. 5 чэрвеня 1975 году а. Ян Тарасэвіч сказаў Уладыку Чэславу, што «ня трэба зьмяняць стараславянскага тэксту на беларускі, каб не перашкодзіць злучэньню».
Уладыка Чэслаў апошні раз быў у Чыкага ў 1978 годзе. На Сёмуху, 14 траўня, ён служыў сьвятую Літургію разам з айцамі Ўладзімерам i Янам Тарасэвічамі. Парафія Хрыста Спаса наладзіла сьвяткаваньне ў гонар а. Яна. Праз чатыры тыдні, у нядзелю 11 чэрвеня, ён памёр на 86-м годзе жыцьця i 55-м сьвятарства.
Беларуская грэка-каталіцкая парафія Хрыста Спаса ў Чыкага паўстала дзякуючы ініцыятыве “новых” беларускіх эмігрантаў, у бальшыні каталікоў, хоць сустракаліся сярод ix i праваслаўныя. Яны ўсе балюча адчувалі рэлігійны падзел сярод беларусаў i прыйшлі да перакананьня, што адзіны шлях да еднасьці – гэта адраджэньне Грэка-Каталіцкай Царквы, якую расейцы зьнішчылі ў 1839 годзе. Трэба аддаць належнае айцом Яну (нягледзячы на ягоныя палітычныя погляды) i асабліва Ўладзімеру Тарасэвічам за тое, што яны зразумелі патрэбы беларускай грамады, адгукнуліся на ix i аддаліся поўнасьцю працы сярод беларусаў, пакінуўшы мары пра “навяртаньне Расеі”.
Парафія Хрыста Спаса вызначалася тым, што ў яе ўваходзілі групы сем’яў, хацелася б сказаць “кляны” у найбольш сымпатычным сэнсе гэтага слова. Адзін зь ix – “Будзькаў клян”, патрыярхам якога быў стары беларускі грамадзкі дзеяч Эдвард Будзька (памёр у 1958 годзе). Ягоная дачка Ірэна выйшла замуж за Вацлава Пануцэвіча, a Людвіка – за Антона Бяленіса. Абедзьве сям’і жылі недалёка ад царквы ў адным прыгожым, вялікім доме, дзе кожная сям’я займала адзін паверх. Разам зь імі жылі Валерыя, удава Эдварда Будзькі, i нежанаты сын Чэслаў, вялікі знаўца гісторыі Беларусі. Іхны дом заўсёды гасьцінна вітаў усіх беларусаў. Антон Бяленіс шмат дапамагаў Уладыку Чэславу, калі той прыяжджаў у Чыкага. Чэслаў Будзька падараваў усе свае кнігі i архівы ў Бібліятэку Ф. Скарыны.
На чале другога “кляну” стаяў Ян Чарнэцкі, стары беларускі каталіцкі дзеяч, падобна як Эдвард Будзька. Ягоная дачка Ірэна стала жонкаю доктара Пятра Гайдзеля, школьнага сябра біскупа Сіповіча з часоў Друі. Другая дачка, Ванда, выйшла замуж за Міхася Махнача. Незвычайна добрая i шчодрая, яна мела вялікую павагу да Ўладыкі Чэслава, шмат памагала яму і, калі той памёр, прыехала ў Лёндан на ягонае пахаваньне.
Трэці “клян” – сямейная група Жызьнеўскіх. Перш як пераехаць у Чыкага, яны жылі ў горадзе Пэорыя. Там вучылася ва ўнівэрсытэце іхная дачка Вера. Яна выйшла замуж за доктара Вітаўта Рамука, у мінулым студэнта Лювэнскага Каталіцкага Ўнівэрсытэту і старшыню Акадэмічнага Аб’яднаньня “Рунь”. Ейны брат Нікодым – незаменны, калі ўзьнікала патрэба нешта зрабіць у царкве, – заснаваў i вёў беларускамоўныя праграмы на мясцовым радыё. Сям’я Жызьнеўскіх паходзіла зь беларускіх грэка-каталікоў. Бацька Сьцяпан Жызьнеўскі памёр у 1962 годзе. Ягоная ўдава Еўдакія, адна з найбольш верных парафіянак царквы Хрыста Спаса, памерла y 1994 годзе, пражыўшы 93 гады.








All the contents on this site are copyrighted ©.