2008-03-08 08:52:50

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус-- працяг


Раздзел: Старыя і новыя прыяцелі
Вярнуўшыся з Рыму ў 1969 годзе, Уладыка Чэслаў поўнасьцю аддаўся працы сярод беларусаў. Гледзячы на ягоную энэргію i жыцьцярадаснасьць, ніхто, апрача самых блізкіх, не падазраваў, што ён меў праблемы з здароўем. Ён заўсёды меў з сабою лекі ад сардэчнай хваробы. Частыя падарожжы самалётам, напэўна, ня йшлі яму на карысьць. Часам згадкі пра благое самаадчуваньне сустракаюцца ў ягоным дзёньніку, напрыклад, 11 верасьня 1975 году ў самалёце пa дарозе ў Нью-Ёрк: «Пасьля абеду пачало ў мяне біцца моцна сэрца, мусіў прыняць пігулку, i то яшчэ доўга не ўспакойвалася». Між іншага, у Нью-Ёрку ён пытаўся рады ў беларускага лекара, доктара Вітаўта Тумаша (1910–1998), аднаго з найбольш выдатных дзеячаў беларускай дыяспары. Прыехаўшы ў Амэрыку на пачатку 1950-х гадоў, ён знайшоў працу ў шпіталі ў адным з найбяднейшых раёнаў Нью-Ёрку i працаваў там аж покуль не пайшоў на пэнсію. Увесь вольны час ён аддаваў вывучэньню жыцьця i дзейнасьці свайго слаўнага папярэдніка, доктара лекарскіх навук Францішка Скарыны. Можна безь перабольшаньня сказаць, што Тумаш – адзін з найбольшых аўтарытэтаў у галіне скарыназнаўства, а ягоныя шматлікія працы зрабілі паважны ўнёсак у вывучэньне беларускай культуры эпохі Рэнэсансу. Як лекар ён бязь лішняга розгаласу быў заўсёды гатовы прыйсьці з дапамогаю тым, хто ў патрэбе. Уладыка Чэслаў меў вялікую павагу да Тумаша, а таксама давер да ягоных лекарскіх ведаў. У ягоным дзёньніку ёсьць такі запіс 18 чэрвеня 1975 году: «Па дарозе затрымваемся ў Запруднікаў, каб атрымаць лякарства, якое прыслаў мне др Тумаш». У пераліку справаў, якія трэба зрабіць у Нью-Ёрку пасьля Эўхарыстычнага Кангрэсу ў жніўні 1976 году, знаходзім такі пункт: «Др В. Тумаш: парадзіцца аб здароўі».
Уладыка Чэслаў ведаў вартасьць сапраўднай прыязі, паводле словаў старазапаветнага мудраца: “муж приязливый ко дружбе лепший и больший приятель будеть нежели брат” (Кніга Прыповесьцяў 18:24. Пераклад Францішка Скарыны). Таму прыязнасьць да сваіх прыяцеляў ён захоўваў праз усё жыцьцё. Такімі прыяцелямі ў Злучаных Штатах былі Францішак i Вера Бартулі, абое людзі незвычайнай дабрыні. Іхны дом заўсёды адчыняў свае дзьверы для ўсіх беларусаў, што прыяжджалі ў Нью-Ёрк. Да 1957 году Бартулі жылі ў Лёндане i належалі да парафіі тады яшчэ айца Сіповіча. Часта бываючы ў Амэрыцы, ён ніколі не абмінаў іхнага гасьціннага дому. 19 чэрвеня 1975 году, перад тым як пакінуць Нью-Ёрк, Уладыка Чэслаў запісаў у сваім дзёньніку: «Ва ўсіх маіх паездках i працах шчыра i з любоўю памагалі мне Бартулі. Няхай ім добры Бог за гэта адплоціць». Пад канец сваёй другой паездкі, 12 кастрычніка таго году, біскуп Сіповіч занатаваў: «Ф. Бартуль адвозіць мяне на Кэннэды лётнішча... Усе мы ўсхваляваныя больш чымся заўсёды. Ha вачох сьлёзы. Ultimum vale est acerbum (апошняе разьвітаньне горкае)». Так атрымалася, што гэта было не апошняе спатканьне: яны яшчэ бачыліся ў 1976 i 1978 гадох.
Беларуская грамада ў Нью-Ёрку мела рэпутацыю аднаго з найвялікшых i найлепш зарганізаваных беларускіх асяродкаў на амэрыканскім кантынэнце. Там знаходзілася шмат беларускіх установаў i арганізацыяў – моладзевых, навуковых, рэлігійных. Утварылася таксама адна агульная арганізацыя, Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (у скароце БАЗА) з Галоўнай Управай у Нью-Ёрку. Звычайна БАЗА праводзіла прыёмы для больш выдатных гасьцей зь іншых краінаў. У 1957 годзе прыехаў першы раз у Амэрыку айцец Сіповіч. Вось што пра гэта сказана ў ягоным дзёньніку 16 верасьня: «Заладзіўшы (мытныя фармальнасьці. – А.Н.) пайшоў да бар’еры i з прыемнасьцю пазнаў суродзічаў, на мяне чакаючых, сп. сп. Адамовіча i Шукелайця... Яшчэ па дарозе ў таксі сп. Шукелайць казаў шмат рэчаў аб тутэйшых амэрыканскіх беларусах. Між іншым аб інцыдэнце, які здарыўся на ўправе БАЗА. Калі была пастаўлена справа спаткаць мяне i калі сп. Шукелайць жадаў ад усіх агульнай падтрымкі, Дварэцкі П. запытаў яго: “А вы, сп. Шукелайць, якой рэлігіі?” Гэта вельмі Шукелайця i ўсіх іншых абурыла». З таго часу Ўладыка Чэслаў шмат разоў наведаў Нью-Ёрк, прысутнічаў на многіх імпрэзах (некаторыя ладзіліся адмыслова ў ягоны гонар) такіх установаў, як Беларускі Інстытут Навукі i Мастацтва або Беларускае Акадэмічнае Каталіцкае Аб’яднаньне “Рунь”. Але яму давялося чакаць 18 гадоў, пакуль БАЗА зарганізавала нешта падобнае. Прыём у гонар біскупа Сіповіча адбыўся 14 чэрвеня 1975 году ў адным зь нью-ёрскіх рэстаранаў. Старшыняваў Францішак Бартуль. Першы прамаўляў Др Станіслаў Станкевіч, рэдактар газэты Беларус, які за два гады да таго гасьцяваў у Бібліятэцы Ф. Скарыны ў Лёндане. Доктар Тумаш параўнаў дзейнасьць біскупа Сіповіча зь дзейнасьцю кс. Адама Станкевіча ў Вільні перад вайною. Сп-ня Зінаіда Станкевіч ад імя беларускіх жанчын гаварыла пра чалавечыя рысы характару біскупа Сіповіча: ён заўсёды імкнуўся ісьці насустрач кожнаму. Біскуп запісаў у сваім дзёньніку: «Гэта першае афіцыяльнае прыняцьце для мяне, ладжанае аддзелам БАЗА».








All the contents on this site are copyrighted ©.