2008-03-01 13:45:48

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус.
...Аўдыенцыя мела вялікае значэньне. Упершыню беларускі біскуп сказаў польскаму Папу праўду пра стаўленьне палякаў да беларусаў. Ён зрабіў гэта паважна i спакойна, але тым ня менш моцна, не хаваючы нічога, нават самай горкай праўды. Ня выключана, што Ўладыка Чэслаў адчуваў: гэтая сустрэча з Намесьнікам Хрыстовым магла стаць апошняй, i таму ён лічыў сваім абавязкам перад Богам i сваім народам сказаць яму ўсё, што было на сэрцы.


На наступны дзень, «хутка пасьля літургіі, якую ахвяраваў за Беларусь, за а. Ул. Чарняўскага, за памыснае заладжаньне спраў у Рыме, я паехаў у базыліку сьв. Пятра, на візыт да першага Папы!.. Выспавядаўся, памаліўся пры гробе сьв. Пятра, пры рэліквіях сьв. Язафата, архіепіскапа Полацкага... Сьв. Язафат шчасьлівы ў небе, аглядаючы Бога тварам у твар, але мы на зямлі патрабуем шмат зямных дадаткаў для нашага сьветавага прызнаньня. З базылікі... пайшоў у папскую прэфэктуру, каб атрымаць прыватную аўдыенцыю ў Папы Яна Паўла II. Біскуп Ж. Мартэн прыняў мяне ветліва... пытае мяне, калі прыехаў, як доўга маю затрымацца. Намякае, што Папа вельмі перагружаны аўдыенцыямі, але дзеля маёй наважнасьці атрымаць прыватную аўдыенцыю, просіць напісаць кароткую просьбу... Напісаў па-італьянску ліст-просьбу i падаў б(іску)пу Мартэну. Ён прачытаў... пасьля кажа: “Пачакайце, я запытаю маіх старэйшых пра вашу аўдыенцыю”. Хутка вярнуўся з маім лістом i кажа: “Fifty-fifty” (паўшанцу. – А.Н.). Ня ведаю, хто той “старэйшы” за б(іску)па Мартэна. Калісь – год таму назад, – усё залежала ад яго. Сяньня зьмянілася. Некаторыя кажуць, што ўсё залежьщь цяпер ад кракаўскага сьвятара Дзеваша (напэўна, “Дзівіша”. – А.Н.), які ёсьць прыватным сакратаром Папы. Як бы там нi было, я рашыў ісьці дарогай найпрасьцейшай, а не разглядацца на розныя куткі і кутавую дыплямацыю. Я зрэшты паручыў маю справу сьв. Апосталу Пятру i маю поўны давер да яго. Яшчэ ня меў у жыцьці выпадку, каб ён мяне “падвёў”... З антыкамэры папскай пайшоў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю... У гутарцы хтосьці з нас успомніў, што наступнікам Кард. Філіп (у красавіку споўніцца яму 75 гадоў) мае быць Кард. Рубін. Я заўважыў, што ўкраінцы i беларусы ня будуць хіба задаволеныя». Кардынал Уладыслаў Рубін быў паляк.
Выняткі зь біскупскага дзёньніка ў наступныя дні: «Субота, 15.ІІІ.1980. Дома астаюся... Раблю здымкі артыкулаў з Культуры, асабліва цікавага артыкулу нейкага П. Ліды... які піша супраць ужываньня а. Ул. Чарняўскім бел. мовы i супраць яго паводзінаў. Бароніць даўняй традыцыі, якую накінулі нам палякі i расейцы: паляк – католік, праваслаўны – рускі. Для беларуса мейсца няма ані на зямлі, ані ў небе...
Серада, 19.ІІІ.80. Цяжка мне спаць уночы. Мучаюць розныя думкі, асабліва што сказаць i што прасіць ад Папы, калі дойдзе да аўдыенцыі?... Баліць мне моцна адно, што ніхто з палякаў паважней не зацікавіўся Беларусяй, яе культурай, народам. Беларусь для ix – гэта Расея, дзе дамарослыя апосталы праводзяць свае місіянерскія экспэрымэнты. Гэта я жадаю сказаць Папе Паўлу Яну II. Але як? i калі? Столькі каля яго круціцца людзей, спраў...»
Аўдыенцыю прызначылі на пятніцу 22 сакавіка. Апісвае Ўладыка Чэслаў у сваім дзёньніку: «Таксі вязе мяне на Cortile San Damaso. Віндай (ліфтам. – А.Н.) пад’яжджаю на другі паверх. Бачу Бпа Мартэна. Вітаемся. Ён вядзе мяне далей... Пасьля гутару з пралатам Пэц, палякам з Пазнаншчыны, які кіруе парадкам прыйманьня Папам асоб. Гадзіна 12.15, чую званок ля століка прал. Пэца i перш ён уваходзіць да Папы, які дае знак, каб уваходзіў i я. “Пахвалёны Езус Хрыстус”, кажу. Адначасова Папа кажа па-польску: “Niech będzie pochwalony Jezus Chrystus”. Просіць сесьць. Папа за сталом. Перад ім на стале атляс. Бачу на ім карту Беларусі. Папа кажа: “Маліўся некалькі разоў за Беларусь. Цяпер вось маю яе перад сабой” – паказвае на карту. “Il paese chiuso” (замкнёная краіна. – А.Н.), – паўтарае даслоўна. Кажа: “Меў гутарку з Грамыкам. Казаў яму: няма біскупа ў Беларусі, сьвятароў, касьцёлы ў руінах...” Грамыка на ўсё адказвае спакойна, пэўна, што ў Саветах свабода, што ён пераяжджаў праз Беларусь: цэрквы поўныя людзей... Кажу нашу просьбу: назначце нам біскупа ў асобе а. Ул. Чарняўскага. Калі б Айцец Сьвяты яго выклікаў i высьвяціў, хіба Савецкі ўрад сяньня пры здарэньнях у Афганістане згадзіўся б з гэтакім актам... Я прашу зьвярнуць увагу Папы на адносіны палякаў да Беларусі i беларусаў. Чытаю яму частку з мэморыялу па-лаціне, дзе я кажу, што палякі, няведама чаму Беларусь называюць Расеяй, Беларусь апісываюць беднай, мізэрнай, але калі ix запытаеш пра Беларусь – дык ня ведаюць ані мовы, ані гісторыі, ані культуры. Я кажу: Беларусь сяньня мае шмат прыгожага i то ў розных галінах. Папа вельмі ўважна гэтага слухае, водзіць вачыма за тэкстам, які адчытваю. Мне ў гэтым мамэнце было крыху непрыемна, бо i Папа быў настроены пад тон “Беларусі беднай, няшчаснай”, a пачуў зусім што іншае... Я яшчэ раз кажу: Калі можаш, назнач у Беларусі біскупа. Кажа: “Я чуў пра а. Чарняўскага. Ёсьць нейкія супраць яго закіды”. Кажу: “Пакуль што лепшага ня маем. A калі дзеля якіхколечы [прычынаў] Вы адкінулі б яго, будзем шукаць іншага...” Папскія шамбэляны пачалі ўжо дабівацца ў дзьверы. Папа кажа: “Іншыя мяне чакаюць, трэба канчаць. Мы з табой, Біскуп, ужо мелі здымкі...”. Я на гэта: “Як Айцец Сьвяты жадае. Не хачу займаць лішняга часу”. Папа: “Хадзі, зробім”... Мая аўдыенцыя трывала каля 30 хвілін. Богу, Ягонай Маці i Сьв. Пятру за ўсё я ўдзячны».
З апісаньня відаць, што папа гэтым разам быў лепш падрыхтаваны. Ён ведаў нешта пра айца Чарняўскага i пра закіды супраць яго. Магчыма, гэта звычайнае супадзеньне, але фраза “mondo chiuso” (замкнёны сьвет. – А.Н.), зразумела, у польскай мове, знаходзіцца ў вышэй згаданым артыкуле Мірскага, які сканчае яго такім чынам: «Мне ішло пра жменю фактаў i заўвагаў, якія могуць кінуць прамень сьвятла на гэты замкнёны i малавядомы сьвет (вылучана мною. – A.H.) людзкі, або хутчэй нялюдзкі, які стварыла савецкая ўлада...»150
Аўдыенцыя мела вялікае значэньне. Упершыню беларускі біскуп сказаў польскаму Папу праўду пра стаўленьне палякаў да беларусаў. Ён зрабіў гэта паважна i спакойна, але тым ня менш моцна, не хаваючы нічога, нават самай горкай праўды. Ня выключана, што Ўладыка Чэслаў адчуваў: гэтая сустрэча з Намесьнікам Хрыстовым магла стаць апошняй, i таму ён лічыў сваім абавязкам перад Богам i сваім народам сказаць яму ўсё, што было на сэрцы.
 







All the contents on this site are copyrighted ©.