2008-02-29 17:14:53

З Апостальскай Адгортацыі "Sacramentum Caritatis"


Эўхарыстычныя цэлебрацыі ў малых групах

 
63. У пастырстве здараюцца нетыповыя сітуацыі, калі менавіта з увагі на больш свядомы, актыўны і плённы ўдзел трэба спрыяць цэлебрацыі ў малых групах. Пазнаючы фармацыйную вартасць такіх выбараў, неабходна ўдакладніць, што яны павінны быць згарманізаваны з усёй пастырскай праграмай дыяцэзіі. Насамрэч, такія досведы страцілі б выхаваўчы характар, калі б адбываліся паралельна ці ў спаборніцтве з мясцовым Касцёлам. У сувязі з гэтым Сінод пералічыў некаторыя крытэрыі, якіх належыць прытрымлівацца: малыя групы павінны служыць яднанню супольнасці, а не яе раздзяленню, аб чым павінны сведчыць канкрэтныя паводзіны; гэтыя групы павінны падтрымліваць удзел усёй супольнасці і захоўваць, наколькі магчыма, адзінства літургічнага жыцця ў паасобных сем’ях185.

 
Глыбокі ўдзел у цэлебрацыі

 
Містагагічная катэхеза

 
64. Вялікая літургічная традыцыя Касцёла вучыць, што для плённага ўдзелу неабходны асабісты ўдзел, каб можна было адказаць на таямніцу, якая цэлебруецца праз адданне Богу ўласнага жыцця ў еднасці з ахвярай Хрыста, здзейсненай дзеля збаўлення ўсяго свету. З гэтай прычыны Сінод Біскупаў заклікаў клапаціцца аб адпаведнасці слоў і жэстаў унутранай гатоўнасці. Калі, нягледзячы на ажыўленне, гэтага не хапіла б нашым цэлебрацыям, то гэта пагражала б зваротам да знешняга рытуалізму. Таму неабходна стымуляваць выхаванне ў эўхарыстычнай веры, якая робіць здольнымі вернікаў перажываць асабіста тое, што цэлебруецца. З увагі на істотнае значэнне гэтага асабістага і свядомага participatio, якія павінны быць адпаведныя фармацыйныя сродкі? Айцы Сіноду аднадушна ўказалі на шлях катэхезы містагагічнага характару, якая вядзе вернікаў да ўсё больш глыбокага разумення цэлебраванай таямніцы186. Што датычыць сувязі паміж ars celebrandi і actuosa participatio, належыць перш за ўсё сцвердзіць, што Çлепшая катэхеза аб Эўхарыстыі – гэта сама Эўхарыстыя, добра цэлебраванаяÈ187. Па сваёй сутнасці літургія мае педагагічную здольнасць уводзіць вернікаў у разуменне цэлебраванай таямніцы. Менавіта таму, у найбольш старажытнай традыцыі Касцёла, фармацыйны шлях хрысціяніна, не занядбоўваючы сістэматычнага навучання праўдам веры, меў заўсёды характар досведу, у якім было акрэслена жывое і пераканаўчае спатканне з Хрыстом, абвешчаным аўтэнтычнымі сведкамі. У гэтым сэнсе той, хто ўводзіць у таямніцы, з’яўляецца перш за ўсё сведкам. Бясспрэчна, такое спатканне паглыбляецца падчас катэхезы і знаходзіць сваю крыніцу і сваю кульмінацыю ў цэлебрацыі Эўхарыстыі. З фундаментальнай структуры хрысціянскага досведу бярэ пачатак неабходнасць містагагічнага шляху, у якім заўсёды павінны прысутнічаць тры элементы.
а) Перш за ўсё, тлумачэнне абрадаў у святле збаўчых падзей згодна з жывой традыцыяй Касцёла. Цэлебрацыя Эўхарыстыі, у яе бясконцым багацці, мае няспыннае аднясенне да гісторыі збаўлення. Ва ўкрыжаваным і ўваскрослым Хрысце дадзена па-сапраўднаму цэлебраваць цэнтральную падзею, якая падагульняе ўсю рэчаіснасць (пар. Эф 1,10). Ад пачатку хрысціянская супольнасць разважала над падзеямі з жыцця Езуса, і асабліва над Пасхальнай таямніцай, у кантэксце ўсёй старазапаветнай гісторыі.
б) Містагагічная катэхеза павінна паклапаціцца, акрамя таго, аб увядзенні ў сэнс знакаў, змешчаных у абрадах. Гэтае заданне з’яўляецца асабліва неадкладным у наш час, моцна тэхнізаваны, калі існуе рызыка згубіць здольнасць успрыняцця знакаў і сімвалаў. Містагагічная катэхеза павінна не толькі інфармаваць, але абуджаць і выхоўваць чуллівасць вернікаў на мову знакаў і жэстаў, якія ў спалучэнні са словам ствараюць абрад.
в) Нарэшце, містагагічная катэхеза павінна клапаціцца аб выяўленні значэння абрадаў у сувязі з хрысціянскім жыццём ва ўсіх яго вымярэннях, працы і абавязку, думак і пачуццяў, дзейнасці і адпачынку. Гэта частка містагагічнага шляху паказвае сувязь цэлебраваных у абрадзе таямніц з місійнай адказнасцю вернікаў. У гэтым сэнсе сталым вынікам містагогіі з’яўляецца ўсведамленне, што ўласнае існаванне паступова перамяняецца ў выніку цэлебраваных святых таямніц. Мэтай усяго хрысціянскага выхавання, зрэшты, ёсць фарміраванне верніка як Çновага чалавекаÈ ў сталай веры, якая робіць яго здольным сведчыць ва ўласным асяроддзі аб хрысціянскай надзеі, якая яго натхняе.
Каб мець магчымасць здзяйсняць унутры нашых эклезіяльных супольнасцяў такое выхаваўчае заданне, неабходна мець адпаведна падрыхтаваных выхавальнікаў. Безумоўна, увесь Божы народ павінен адчуваць сябе абавязаным да гэтай фармацыі. Кожная хрысціянская супольнасць паклікана быць месцам педагагічных уводзінаў у таямніцы, якія цэлебруюцца ў веры. У сувязі з гэтым Айцы падчас Сіноду падкрэслілі дарэчнасць большай актывізацыі супольнасцяў кансэкраванага жыцця, рухаў і аб’яднанняў, якія паводле сваіх харызмаў могуць прынесці новы імпульс хрысціянскай фармацыі188. Таксама і ў наш час Дух Святы не скупіцца праліваць свае дары, каб падтрымліваць апостальскую місію Касцёла, якой належыць распаўсюджваць веру і ўзрошчваць яе да сталасці189. 







All the contents on this site are copyrighted ©.