2008-02-23 11:13:13

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус - працяг


I тут пачалі прыходзіць нашыя сьвятары... Я прачытаў прывітаньне i выказаў коратка мэту нашага цяперашняга зьезду i гэтай аўдыенцыі... Тады ахвяраваў Папу маю кніжку The Pontifical Liturgy. Ён адчыніў у некалькі месцах i кажа: “To ż naukowa praca!” (гэта ж навуковая праца. – А.Н.). Аўдыенцыя была скончаная. Мы выходзілі з задаволеньнем хіба ня меншым, як наш беларус, калі ачысьціць асець са снапоў, ix змалоціць, а пасьля аддыхае... Пасьля мы ізноў у беларускае радыё, i там я паінфармаваў айцоў аб маёй гутарцы з папам. Айцец Надсан заўважыў: “Напэўна польскія біскупы імкнуцца Папу накінуць сваю разьвязку адносна Беларусі i беларускага біскупа!” Я аб гэтым ня меў сумніву i перад аўдыенцыяй».
З вышэй прыведзенага апісаньня выглядае, што папа Ян Павал II ня надта добра ведаў беларускія справы. Гэта ня дзіўна, бо да свайго абраньня на Апостальскі Пасад ён быў архібіскупам Кракаўскім i ня меў дачыненьня да Беларусі. Найхутчэй ягонымі інфарматарамі былі кардынал Вышынскі i біскупы зь Беластоку i Драгічына. У польскай эміграцыйнай прэсе зьяўляліся раз-пораз артыкулы пра рэлігійнае становішча ў Беларусі, у якіх аўтары звычайна выступалі супраць увядзеньня беларускай мовы ў каталіцкіх сьвятынях i называлі айца Чарняўскага “беларускім шавіністам”. У вядомым польскім месячніку Культура, што выходзіў у Францыі, нейкі Я. Мірскі ў адказ беларусу У. Брылеўскаму пісаў у 1976 годзе: «У дадзеную хвіліну хачу дадаць, што дзейнасьць а. Чарняўскага сапраўды не падабаецца мне настолькі, наколькі ён намагаецца накідаць людзям свае асабістыя беларускія ідэі, са шкодаю для іхнае веры, калі ён гэта робіць супраць іхнае волі. Дый, беручы аб’ектыўна, ён служыць ня гэтулькі Беларусі, колькі Савецкаму Саюзу, бо ад беларускай мовы ў касьцеле куды бліжэй да расейскай, да праваслаўя i расейскасьці, як ад польскай i лацінскай»147. Далей ён працягвае: «Факты гавораць за сябе. Амаль 100 працэнтаў ксяндзоў, якія належаць да Каталіцкага Касьцёла i падтрымліваюць ягонае жыцьцё на Беларусі, – гэта ксяндзы-палякі (практычна я ня чуў пра нікога іншага, апрача кс. Чарняўскага, які б меў погляды, падобныя да ягоных). Гэтыя ксяндзы здалі добра экзамэн вернасьці да Касьцёлу i мясцовага насельніцтва, у савецкіх лягерох i турмах. Насельніцтва мясцовае ведае пра гэта вельмі добра. Цяпер мацнее i расьце русыфікацыйны націск. Ці сп. Брылеўскі ўсьведамляе, што б было для яго (насельніцтва. – А.Н.), нават для ягонай беларускай часткі, – так думаю, – калі б ксяндзы пачалі ўсё па-беларуску...? Яны б гэта палічылі за ганебую здраду Касьцёлу i ім самім, за выдачу ix на здабычу савецкага Левіятана, які i так ix жарэ»148.
Калі не зважаць на эмацыйны тон, існасьць усяго сказанага зводзіцца да аднаго: Каталіцкая Царква ў Беларусі можа выжыць толькі ў польскай форме i з польскай моваю. Тут няма нічога новага: тое самае казалі польскія ксяндзы ў Беларусі ў XIX i пачатку XX стагодзьдзя. Толькі пасьля Другога Ватыканскага Сабору падобныя аргумэнты выглядаюць дапатопнымі. Безумоўна, тут цяжка сказаць, дзе сканчаецца клопат пра Каталіцкую Царкву i пачынаецца польскі нацыяналізм. Другі аўтар, П. Ліда, у 1980 годзе сказаў пра гэта больш ясна: «Ліквідацыя каталіцызму азначала б таксама ліквідацыю апошняга бастыёну польскасьці, чые ўплывы праз больш як шэсьць стагодзьдзяў фармавалі дух i культуру гэтых земляў»149.
Невядома, ці чытаў папа артыкулы гэтых аўтараў. Адно толькі пэўнае: калі праз год ён ізноў сустрэўся зь біскупам Сіповічам, то быў лепш абазнаны ў беларускіх справах.
Біскуп Сіповіч прыляцеў у Рым 13 сакавіка 1980 году. У рымскім аэрапорце ніхто з марыянаў яго не спаткаў, але ён сустрэў Фіярэнцо Тальёнэ, рэдактара тыднёвай газэты Il Sabato (Субота), які ўзяўся давесьці біскупа Сіповіча да марыянскага дому. Разам зь ім у машыне быў польскі сьвятар з Кракава ксёндз Стычэнь. Распачалася гутарка пра сумны стан рэлігіі ў Беларусі. Вось што запісаў біскуп у сваім дзёньніку: «Кс. Стычэнь сказаў, што кожнага году езьдзіць тут кс. Дзванкоўскі, які піша такжа ў парыскай Культуры. Я кажу: пад псэўдонімам Мірскі? Ён кажа: магчыма, але добра псэўдоніму не памятаю. Зрэшты, калі я моцна скрытыкаваў той артыкул Мірскага, паводле якога польскасьць на Беларусі заховываюць толькі сьвятары, а. Стычэнь шкадаваў, што ўспомніў прозьвішча Дзванкоўскага. Гутарка была цікавая, але падыход да апостальства на Беларусі ў палякаў аказаўся недалёкім ад таго добра мне ведамага за часоў перадваеннай Польшчы».








All the contents on this site are copyrighted ©.