2008-02-16 11:08:47

Першы нумар часопісу "Ave Maria" ў 2008 годзе


Выйшаў першы сёлетні нумар часопіса Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Ave Maria» (№ 1–2 за 2008 г.). Асноўная тэма нумара — 150-я гадавіна аб’яўленняў Маці Божай у Люрдзе.
У жыцці чалавека няма нічога безнадзейнага, для Бога няма нічога немагчымага — такі дэвіз мог бы аб’яднаць увесь змест новага нумара часопіса «Ave Maria» за студзень-люты 2008 года. Нездарма часопіс, як і новы год Панскі для каталіцкіх вернікаў Беларусі, адкрывае Пастырскае пасланне на 2008 год арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча «Абвяшчаць Слова Божае — крыніцу надзеі». Мітрапаліт не толькі дзеліцца з чытачамі планамі правядзення надзвычай важных падзеяў у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі і ва ўсім свеце, але і раскрывае сэнс і вялікае значэнне надзеі ў жыцці хрысціяніна, асабліва ў сучасным секулярызаваным свеце.
Маці хрысціянскай надзеі — Панна Марыя, якая праз свае аб’яўленні асаблівым чынам заклікае чалавецтва да пакаяння, малітвы і навяртання. Паколькі сёлета адзначаецца 150-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Люрдзе, часопіс падрабязна прадстаўляе гісторыю гэтых аб’яўленняў у храналагічным парадку. Артыкул прымушае чытача задумацца: чаму Панна Марыя для сваіх аб’яўленняў абрала менавіта чатырнаццацігадовую дзяўчынку Бэрнадэту, дачку беднага млынара, і, урэшце, чаму людзі ўвесь час патрабуюць усё новых і новых рэчавых доказаў для таго, каб паверыць, але, нават атрымаўшы іх, затрымліваюць візіянера як крымінальнага злачынцу? Ці не з’яўляецца і сёння, праз 150 гадоў, гісторыя гэтага аб’яўлення заклікам да ўзмацнення нашай веры і надзеі? Магчыма, «Літанія да Маці Божай з Люрда», змешчаная ў апошнім нумары часопіса, дапаможа нам у гэтым узрастанні.
Усё ж такі надзея выжывае — няхай у адзінкавых сэрцах, але настолькі самаахвярных, што яны здольныя абудзіць са сну і адрадзіць увесь народ. Пра гэта сведчыць і змешчаная ў адным з рэпартажаў часопіса «Ave Maria» гісторыя пра тое, як у часы панавання атэізму на беларускай зямлі людзі хавалі табэрнакулюм ў звычайнай шафе, — гісторыя, расказаная арцыбіскупам Тадэвушам падчас інгрэсу ў гістарычную магілёўскую архікатэдру: «У горадзе, ператвораным у бастыён атэізму, у звычайнай шафе білася Сэрца Збаўцы!» Пра гэта сведчаць і незлічоныя прыклады самаахвярнасці святароў і вернікаў, праяўленыя менавіта ў наш час, калі ўсё яшчэ ідзе змаганне за аднаўленне і адбудову святыняў, ператвораных у клубы, збожжасклады і г. д.
«Урачыстасць у Бабруйску», «У малітве і працы», «Пад апекаю святога Валянціна» «Старажытны і новы», «Святыні не паміраюць» — ужо толькі назвы артыкулаў, у якіх самі парафіяне дзеляцца сваім вопытам стварэння парафій, заснавання святыняў, шмат гавораць пра моц чалавечай надзеі. Варта адзначыць, што матэрыялы пра гісторыю святыняў — унікальныя па сваёй сутнасці тым, што апавядаюць не толькі пра іх заснаванне, разбурэнне і адраджэнне, але і пра станаўленне жывога Касцёла, якім з’яўляюцца вернікі. Мала валодаць навуковымі энцыклапедычнымі звесткамі пра касцёл як помнік архітэктуры, для чалавека найважней пазнаваць гісторыю чалавецтва.
З гэтага нумара часопіс «Ave Maria» адкрывае новую рубрыку пад сімвалічнаю назваю «Як свечка на алтары», у якой плануецца «расказваць пра лёсы людзей Беларусі, якія ў розныя часы вызначыліся асабліва моцнай верай ды ахвярнасцю і таму могуць служыць прыкладам для вернікаў ХХІ стагоддзя». Першымі такімі «свечкамі» на старонках часопіса сталі беларускі асветнік, першадрукар Францыск Скарына і благаслаўлёны Мечыслаў Багаткевіч, святар і мучанік, які паходзіў з роду Ігната Дамейкі і памёр мучаніцкай смерцю ў 1942 годзе за свае патрыятычныя казанні.
У рэшце рэшт, кожны вернік, нават маючы глыбокую надзею, можа задацца пытаннем: як жа перамагчы ў гэтым свеце, дзе вакол столькі нянавісці, нядобразычлівасці і зла? Адказ просты і адназначны: перамагчы ўсё зло можна толькі сваёю слабасцю, але з Божаю моцаю! Зразумець жа гэты адказ дапаможа працяг публікацыі «Разважанняў аб веры» кс. Тадэвуша Дайчэра.
І галоўнае — не спыняцца, а развівацца, пілігрымаваць у сваім духоўным жыцці. Да гэтага заклікаюць і пра гэта апавядаюць артыкулы «Пілігрымка ў Святую Зямлю. Бэтлеем», «Шчасце веры» (пра пілігрымку ў Тракелі), «Пілігрымка ў Аглону». «У Вільні пілігрымы кладуцца крыжам і плачуць ад шчасця» — расказвае ўдзельніца пілігрымкі ў Тракелі. Ісці да шчасця з Богам і не зважаць ні на што — ні на мазалі, ні на холад, дождж і вецер, — гэта і ёсць дарога сапраўднага хрысціяніна. Дарога веры, надзеі, любові...
Паводле Catholic.By







All the contents on this site are copyrighted ©.