Працэсыяю, якая прайшла вуліцаю дэльля Кончыл”яцонэ ды Сьвятою Імшою ўшанавана
ў Ватыкане Сусьветны Дзень Хворага, які прыпадае 11-га лютага. Ксёндз Герс з Папскае
Рады да спраў душпастырства Сянітарнае Службы сказаў Ватыканскаму Радыё: “сёлетнія
сьвяткаваньні мелі асаблівае значэньне і былі перажываныя ў непасрэднай лучнасьці
з Марыйныю Сьвятыняю ў Люрд, таму што сёлета прыпадала 150-я гадавіна абьяўленьняў
Божае Маці Бэрнардэце Субіру. З гэтае нагоды да Ватыканскае Базылікі прыбылі з Францыі
яе мошчы. Базыліка Сьвятога Пятра, ў якой адслужана Сьвятую Імшу, сталася, быццам
бы, вялікаю “бальніцаю духа”. Прыбыло да яе каля 10-ці тысяч хворых, лекараў ды душпастыраў,
якія спалучыліся з Марыяю пры гробе Пятра на малітве за аздараўленьне целаў і душаў.
Яе вонкавым знакам ёсьць сакрамант намашчэньня хворых, які надзеляецца найбольш патрабуючым”-
сказаў айцец Герс. У гэтым годзе Сусьветны Дзень Хворага ўшаноўваўся пад лозунгам:
“Эўхарыстыя, Люрд і душпастырства хворых”. Францускамоўная супольнасьць Рыму зарганізавала
ў Ватыканскіх Садах працэсыю са сьвечкамі і Імшу пры Гроце Божае Маці з Люрд.