2008-02-09 08:08:39

"Біскуп Чэслаў Сіповіч-- сьвятар і беларус"


2 кастрычніка 1975 году памёр у Лёндане яшчэ адзін беларускі сьвятар – айцец Тамаш Падзява. Ён пражыў 69 гадоў. Маладым клерыкам яго выправілі ў 1929 годзе ў Рым у Русікум. У 1935 годзе як сьвятара з тытулам доктара філязофіі i ліцэнцыятам багаслоўя айца Падзяву накіравалі на працу сярод расейцаў у Харбіне, дзе ён заставаўся 14 гадоў. Арыштаваны камуністамі ў канцы 1948 году, ён правёў наступных сем гадоў у савецкіх турмах i лягерох. Па вызваленьні ў 1955 годзе айца Тамаша выслалі ў Польшчу. У 1969 годзе яму ўдалося выехаць у Рым, а адтуль – у Лёндан. Здароўе айца Падзявы было вельмі слабое. Ён шмат пісаў i супрацоўнічаў у часопісах Божым шляхам i Зьніч, але большая частка ягоных матар’ялаў засталася ў рукапісах. Ён меў незвычайную памяць, усеахопныя веды i здольнасьць вытлумачыць найбольш складаныя рэчы проста i зразумела. У іншых абставінах айцец Падзява мог стаць выдатным філёзафам i духоўным пісьменьнікам, якім беларусы маглі б ганарыцца. Пакінуў па сабе памяць як узорны i глыбока пабожны сьвятар.
Міжнародны Эўхарыстычны Кангрэс у Філядэльфіі 1–8 жніўня 1976 году стаўся апошняй падзеяй сусьветнага маштабу, у якой браў удзел біскуп Сіповіч. Галоўная тэма Кангрэсу была “Хрыстос – Хлеб Жыцьця”, як адказ на “Голад Людзкой Сям’і”. У Кангрэсе ўдзельнічала вялікая i добра зарганізаваная група беларусаў, у вялікай меры дзякуючы стараньням i арганізацыйным здольнасьцям а. Уладзімера Тарасэвіча, пастыра Царквы Хрыста Спаса ў Чыкага. Беларусам, як i іншым нацыянальным суполкам, адводзілася асобная царква для іхнай праграмы i малітваў. Вось у гэтай царкве 7 жніўня Ўладыка Чэслаў служыў урачыстую біскупскую службу, на якой сказаў казань па-беларуску i па-ангельску пра Эўхарыстычнага Хрыста ў сьвятой Літургіі. Вось галоўныя думкі гэтай казані:
«Адной з мэтаў такіх царкоўных падзеяў, як Эўхарыстычны Кангрэс, ёсьць паказаць усяму сьвету веру хрысьціян у Хрыста Эўхарыстычнага, у Хрыста, які да таго прыходу, калі будзе ў славе судзіць жывых i мёртвых, скрываецца пад відам хлеба i віна.
З нагоды сяньняшняга Кангрэсу мы прысьвяцім крыху часу на разважаньне нашай усходняй літургіі, якой сутным элемэнтам зьяўляецца аддаваньне чэсьці Богу Ўсёмагутнаму ў Сьвятой Тройцы праз эўхарыстычную жэртву Хрыста. Калі ўдумацца ў малітвы нашай літургіі, у яе абрады, дык хутка прыйдзем да перакананьня, што яе аўтарам быў сам Дух Сьвяты... A калі Бог стварыў дзіўную рознасьць народаў, расаў i моваў, Бог дае i сродкі прывесьці ix да самога сябе... Вось жа адным з такіх магутных сродкаў i ёсьць сьв. Літургія, усенародны, уселюдзкі акт аддаваньня чэсьці Богу.
A цяпер некалькі канкрэтных фактаў з нашай Літургіі.
Першы: яна ўсё асьвячае, ушляхотнівае, адносіць да Бога, ад каторага мае ўсё пачатак, у каторым усё рухаецца i жыве...
Другі: Літургія вымагае ад нас веры, але ёсьць адначасова магутным сродкам падтрыманьня нашай веры.
Нідзе так моцна не выказана праўдаў веры – уцелаўленьне Хрыста, Яго збаўчыя заслугі, догмат Тройцы Сьвятой, Божае мацярынства, – як у нашай Літургіі. А перадусім прысутнасьць Хрыста ў зьнікомым выглядзе хлеба i віна.
Усе гэта вымагае сільнай... веры... I таму нашая Літургія ў кожнай Божай Службе вымагае, каб быў чытаны або сьпяваны сымбаль Нікейска-Канстантынопальскі, “Веру ў Бога Айца Ўсемагутнага”.
I вось тады, калі мы адпаведна прыгатаваныя вонкава, a перадусім праз акты веры ўнутрана... тады сьвятар можа прыступіць да найбольш таёмнага, але i найбольш магутнага акту ў сьвеце, які можна параўнаць толькі з актам стварэньня сьвету, калі Бог сказаў “Станься!”, i сталася – гэтым актам-дзеяньнем ёсьць словы сьвятара, у сілу якіх хлеб стаецца целам Хрыста, a каплі віна – Ягонай сапраўднай кроўю...
Няхай жа гэты сьвяты Кангрэс... у якім i мы ад імя ўсяго беларускага народу сяньня за веру прадзедаў, за веру Хрыста прасьледаванага маем прывілей прымаць удзел, павялічыць веру ў Хрыста Эўхарыстычнага, зробіць шчасьлівейшай гэту слаўную ўжо краіну, i падтрымае на духу наш народ, за які мы тут горача молімся».
28 ліпеня 1977 году ў шпіталі ў Парыжы пасьля няўдалай апэрацыі ў 66 гадоў памёр айцец Леў Гарошка. Усе, хто нават першы раз сустрэўся з айцом Львом, не маглі не адчуць, што яны ў прысутнасьці чалавека, які жыў праўдаю сваёй веры. Ягоныя казані i артыкулы на рэлігійныя тэмы толькі ўзмацнялі гэтае ўражаньне. У сваіх працах i артыкулах пра Сьвятую Еўфрасіньню Полацкую, беларускую царкоўную архітэктуру, культ Маці Божай у Беларусі, рэлігійны элемэнт у беларускім фальклёры ды іншае ён закранаў тэму хрысьціянскіх каранёў беларускай культуры. Айцец Гарошка бараніў права беларусаў быць сабою i свабодна разьвіваць Богам дадзеныя ім таленты. Яго абурала, калі нехта выкарыстоўваў рэлігію для палітычных мэтаў. У сваёй працы “Пад знакам рускае i польскае веры”146 ён на канкрэтных прыкладах паказаў, як суседзі беларусаў з усходу i захаду пад покрывам рэлігіі праводзілі “Kultutrkampf” супраць усяго беларускага. Айцец Гарошка марыў пра адраджэньне Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Ён шанаваў усе абрады ў Царкве, але ніколі не адчуваў спакусы стаць “бірытуалістам”, г. зн. мець права адпраўляць Службу Божую ў рымскім i бізантыйскім абрадах, залежна ад патрэбы ці выгоды. Ён верыў у роўнасьць усіх абрадаў у Каталіцкай Царкве, i таму для яго “бірытуалізм” азначаў прызнаньне непаўнацэннасьці свайго бізантыйскага абраду. Вестка пра сьмерць айца Льва разышлася сумным рэхам сярод беларусаў па ўсім сьвеце. Сярод шматлікіх лістоў i тэлеграмаў з спачуваньнямі былі таксама тэлеграма ад папы Паўла VI i ліст ад мітрапаліта Андрэя Крыта, галавы Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Пахаваньне адбылося 8 жніўня ў Лёндане.








All the contents on this site are copyrighted ©.