2008-02-08 13:39:24

З Апостальскай Адгортацыі Sacramentum Caritatis"


Знак супакою RealAudioMP3
49. Эўхарыстыя па сваёй сутнасці з’яўляецца сакрамэнтам спакою. Гэтае вымярэнне эўхарыстычнай таямніцы знаходзіць у літургічнай цэлебрацыі асаблівае адлюстраванне ў абрадзе перадачы знаку супакою. Гаворка несумненна ідзе пра знак вялікай каштоўнасці (пар. Ян 14, 27). У наш час, моцна насычаны канфліктамі, гэты жэст набывае, таксама паводле агульнага меркавання, асаблівае значэнне, паколькі Касцёл усё больш адчувае сваё жаданне прасіць Пана аб дары спакою і аб адзінстве для сябе і ўсёй чалавечай сям’і. Спакой з’яўляецца нястрыманым прагненнем кожнага сэрца. Касцёл выказвае просьбу аб спакоі і паяднанні, якая выходзіць з душы кожнага чалавека добрай волі, і скіроўвае яе да таго, хто «ёсць нашым спакоем» (Эф 2, 14) і хто можа прымірыць народы і асобы там, дзе безвыніковымі аказваюцца чалавечыя намаганні. З усяго гэтага становіцца зразумелым, чаму з такой інтэнсіўнасцю людзі адносяцца да абраду супакою ў літургічнай цэлебрацыі. Аднак, у сувязі з гэтым падчас Сіноду Біскупаў звернута была ўвага на стрыманасць гэтага жэсту, каб не быў празмерна выражаны, ствараючы некаторае замяшанне ў сходзе вернікаў адразу перад св. Камуніяй. Пажадана прыпомніць, што для захавання належнай атмасферы стрыманасць у гэтым жэсце неабходна. Гэта не зменшыць яго вялікай каштоўнасці. Неабходна абмяжоўвацца, напрыклад, перадачай знаку супакою тым, хто стаіць побач150.
Удзяленне і прыняцце Эўхарыстыі
50. Іншым момантам цэлебрацыі, пра які неабходна сказаць, з’яўляецца ўдзяленне і прыняцце св. Камуніі. Звяртаюся да ўсіх, асабліва да пасвячаных распарадчыкаў і да тых, хто адпаведна прыгатаваны і, у выпадку рэальнай неабходнасці, упаўнаважаны да паслугі ўдзялення Эўхарыстыі, зрабіць усё магчымае, каб гэты жэст у сваёй прастаце адпавядаў свайму значэнню – асабістаму спатканню з Панам Езусам у сакрамэнце. Што датычыць прадпісанняў наконт правільнай практыкі, адсылаю да нядаўна выдадзеных дакументаў151. Усім хрысціянскім супольнасцям належыць верна выконваць дзейнічаючыя нормы, бачачы ў іх выраз веры і любові, якую ўсе мы павінны мець у адносінах да гэтага найвышэйшага сакрамэнту. Акрамя таго, не належыць занядбоўваць каштоўны час удзячнасці пасля св. Камуніі: акрамя выканання адпаведнага спеву даволі карысным можа быць таксама захаванне сабранымі цішыні152.
У сувязі з гэтым хачу звярнуць увагу на пастырскую праблему, з якой часта даводзіцца сустракацца ў наш час. Маю на ўвазе той факт, што ў некаторых абставінах, як, напрыклад, падчас св. Імшаў, цэлебраваных з нагоды шлюбаў, пахаванняў ці падобных выпадкаў, на цэлебрацыі прысутнічаюць акрамя практыкуючых вернікаў таксама тыя, хто на працягу гадоў не набліжаўся да алтара ці, магчыма, знаходзіцца ў жыццёвай сітуацыі, якая не дазваляе прыступаць да сакрамэнтаў. Іншы раз здараецца, што прысутнічаюць асобы іншых хрысціянскіх канфесій ці нават іншых рэлігій. Падобныя абставіны здараюцца таксама і ў касцёлах, якія наведваюць турысты, асабліва ў гарадах мастацтва. У гэтых выпадках зразумелай з’яўляецца неабходнасць кароткіх і пераканаўчых раз’ясненняў значэння сакрамэнтальнай Камуніі і ўмоў яе прыняцця. Там, дзе ёсць сітуацыі, у якіх немагчыма гарантаваць належную яснасць адносна значэння Эўхарыстыі, трэба правільна ацаніць магчымасць замены эўхарыстычнай цэлебрацыі цэлебрацыяй Божага слова153.
Разасланне: «Ite, missa est»
51. Урэшце, хацеў бы затрымацца над тым, што Айцы Сіноду сказалі адносна заключнага разаслання на заканчэнне эўхарыстычнай цэлебрацыі. Пасля благаслаўлення дыякан ці святар адпускае народ словамі: «Ite, missa est». Гэтае разасланне паказвае нам сувязь паміж цэлебраванай Імшой і хрысціянскай місіяй у свеце. У старажытнасці «missa» азначала проста «выхад». Аднак ў хрысціянскім жыцці яно набыло больш глыбокае значэнне. Выраз «выхад» на самой справе перамяняецца ў «місію». Гэтае разасланне выражае сцісла місійную сутнасць Касцёла. Таму варта дапамагаць Божаму народу паглыбляць разуменне гэтага вымярэння эклезіяльнага жыцця, якое бярэ пачатак з літургіі. У гэтай перспектыве могуць быць карысны адпаведна падабраныя тэксты для малітвы над народам і заключнага благаслаўлення, якое тлумачыць гэтую сувязь паміж св. Імшой і хрысціянскай місіяй154.
Actuosa participatioСапраўдны ўдзел
52. Другі Ватыканскі Сабор справядліва падкрэсліў важнасць актыўнага, поўнага і плённага ўдзелу ўсяго Божага народу ў эўхарыстычнай цэлебрацыі155. Зразумела, аднаўленне, здзейсненае ў мінулыя гады, паспрыяла значнаму прагрэсу, якога жадалі Айцы Сабору. Аднак мы не павінны хавацца ад таго факту, што часамі выяўляецца некаторае неразуменне, менавіта адносна сэнсу гэтага ўдзелу. Таму належыць растлумачыць, што гэтыя словы не адносяцца да простага знешняга дзеяння падчас цэлебрацыі. На самой справе актыўны ўдзел, якога жадаў Сабор, павінен быць зразуметы глыбей, каб дасягнуць большага разумення таямніцы, якая цэлебруецца, і яе сувязі са штодзённым жыццём. Надалей важнай з’яўляецца рэкамендацыя саборнай канстытуцыі «Sacrosanctum Concilium», якая заклікае вернікаў прысутнічаць на эўхарыстычнай літургіі «не ў якасці чужых ці нямых гледачоў», але ўдзельнічаць «у святым дзеянні свядома, цалкам і актыўна»156. Працягваючы разважанні, Сабор кажа, што вернікі, «сфармаваныя Божым словам, жывяцца пры стале Целам Пана; складаюць падзяку Богу; прыносяць беззаганную ахвяру не толькі праз рукі святара, але разам з ім, і вучацца ахвяроўваць сябе самых і з дня ў дзень праз заступніцтва Хрыста ўдасканальваюцца ў адзінстве з Богам і паміж сабою»157.
Удзел і святарская паслуга
53. Прыгажосць і гармонія літургічнага дзеяння адлюстроўваецца ў парадку, паводле якога кожны пакліканы да актыўнага ўдзелу. Гэта азначае празнанне розных іерархічных функцый, заключаных у самой цэлебрацыі. Варта нагадаць, што актыўны ўдзел у ёй не адназначны з выкананнем пэўнай паслугі. Асабліва не прыносіць карысць актыўнаму ўдзелу вернікаў замяшанне, выкліканае няздольнасцю адрозніваць у касцёльнай супольнасці розныя паасобныя заданні158. А менавіта, неабходна, каб было яснае разуменне спецыфічных заданняў святара. Ён незаменным чынам, як пацвярджае традыцыя Касцёла, з’яўляецца тым, хто ўзначальвае ўсю эўхарыстычную цэлебрацыю ад пачатковага прывітання да заключнага благаслаўлення.








All the contents on this site are copyrighted ©.