2008-02-06 13:19:19

Пасланьне Сьвятога Айца Бэнэдыкта XVI на Вялікі Пост 2008 году


Дарагія браты і сёстры!
1. Штогод Вялікі пост становіцца для нас падараванаю Божым Провідам нагодаю больш глыбока спасцігнуць сэнс і значэнне нашага быцця хрысціянамі, а таксама заахвочвае нас нанава адкрыць Божую міласэрнасць, каб, у сваю чаргу, стаць больш міласэрнымі ў адносінах да нашых братоў. У перыяд Вялікага посту Касцёл клапатліва прапануе асаблівыя заданні як канкрэтную дапамогу вернікам у гэтым працэсе ўнутранага аднаўлення, а менавіта малітву, пост і міласціну. У сёлетнім традыцыйным пасланні на Вялікі пост я хацеў бы больш падрабязна засяродзіцца на практыцы міласціны, якая з’яўляецца канкрэтным спосабам дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, і ў той жа час аскетычным практыкаваннем з мэтаю вызваліцца ад прывязанасці да зямных дабротаў. Тое, наколькі моцнаю з’яўляецца прывабнасць матэрыяльных багаццяў і наколькі цвёрдаю павінна быць нашая рашучасць не абагаўляць іх, адназначна сцвярджае Езус: «Не можаце служыць Богу і мамоне» (Лк 16, 13).
Міласціна дапамагае нам перамагчы гэтую неадступную спакусу і вучыць нас ісці насустрач патрэбам бліжніх, дзелячыся з іншымі тым, што мы маем дзякуючы Божай шчодрасці. Для гэтага прызначаныя спецыяльныя зборы ахвяраванняў на карысць бедных, якія падчас Вялікага посту адбываюцца ў многіх рэгіёнах свету. Такім чынам, унутранае ачышчэнне дапаўняецца жэстам касцёльнай еднасці, як гэта адбывалася ўжо ў раннім Касцёле. Святы Павел гаворыць пра гэта ў сваіх пасланнях, пішучы пра збор сродкаў для супольнасці ў Ерузалеме (пар. 2 Кар 8–9; Рым 15, 25–27).
2. Паводле евангельскага вучэння, мы не гаспадары, а толькі распарадчыкі тых дабротаў, якія маем: такім чынам, іх нельга разглядаць як выключную ўласнасць, а толькі як сродкі, з дапамогаю якіх Пан Бог заклікае кожнага з нас стаць прыладаю Ягонага провіду ў адносінах да бліжняга. Як нагадвае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, матэрыяльныя даброты набываюць сацыяльную значнасць толькі ў адпаведнасці з прынцыпам іх універсальнага прызначэння (пар. № 2404).
У Евангеллі выразна выказана суровае папярэджанне Езуса тым, хто мае зямныя даброты і выкарыстоўвае іх толькі для ўласных патрэбаў. Перад абліччам мноства людзей, пазбаўленых усяго, якія пакутуюць ад голаду, як цяжкі дакор гучаць словы святога Яна: «Калі хтосьці мае дастатак у свеце і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа быць у ім?» (1 Ян 3, 17). Гэты заклік дзяліцца найбольш вымоўна гучыць у краінах, дзе большасць насельніцтва складаюць хрысціяне, таму што яшчэ большая іх адказнасць перад мноствам тых, хто пакутуе ў нястачы і пакінутасці. Прыйсці ім на дапамогу — гэта ў большай ступені абавязак справядлівасці, чым справа міласэрнасці.
3. Евангелле асвятляе адну з характэрных рысаў, уласцівых хрысціянскай міласціне: яна не павінна быць напаказ. «Няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, — кажа Езус, — каб міласціна твая была патаемнай» (Мц 6, 3–4). Крыху ж раней ён ужо сказаў пра тое, што нельга хваліцца сваімі добрымі ўчынкамі, каб не трапіць у небяспеку застацца без узнагароды ў небе (пар. Мц 6, 1–2). Вучань павінен клапаціцца пра тое, каб усё, што ён робіць, было на большую хвалу Божую. Езус навучае: «Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах» (Мц 5, 16). Такім чынам, усё належыць рабіць на хвалу Божую, а не дзеля нашай пахвалы. Няхай усведамленне гэтага, дарагія браты і сёстры, суправаджае кожны жэст дапамогі бліжняму, каб пазбегнуць яго ператварэння ў сродак звярнуць на сябе ўвагу. Калі робячы добры ўчынак, мы не імкнемся да хвалы Божай і сапраўднага дабра для нашых братоў, але, хутчэй, клапоцімся пра кампенсацыю ў выглядзе асабістай выгады ці, прынамсі, пахвалы, у такім выпадку мы паступаем насуперак евангельскаму духу. У сучасным грамадстве іміджу неабходна быць вельмі ўважлівым, таму што гэтая спакуса бясконца вяртаецца. Евангельская міласціна — гэта не проста філантропія, а хутчэй, канкрэтны выраз міласэрнай любові — багаслоўскай цноты, якая патрабуе ўнутранага навяртання да любові Бога і братоў, да наследавання Езуса Хрыста, які, паміраючы на крыжы, без рэшты аддаў сябе за нас. Як жа не ўзнесці падзякі Богу за тых многіх людзей, якія ў цішыні, у баку ад праектараў нашага медыя-грамадства ў гэтым духу здзяйсняюць высакародныя справы дзеля падтрымкі бедных у патрэбе? Нічога не варта даваць свае ўласныя даброты іншым, калі ад гэтага сэрца надзімаецца марнаю пахвальбою, таму не шукае чалавечага прызнання за здзейсненыя справы міласэрнасці той, хто ведае, што Бог, «які бачыць патаемнае», патаемна яго ўзнагародзіць.
4. Запрашаючы нас да больш шырокага погляду на міласціну, які выходзіць па-за межы выключна матэрыяльнага, Святое Пісанне вучыць нас, што больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць (пар. Дз 20, 35). Калі мы дзейнічаем з любоўю, тым самым выяўляем праўду нашага існавання, бо мы сапраўды былі створаныя не для саміх сябе, але для Бога і для братоў (пар. 2 Кар 5, 15). Кожны раз, калі мы з любові да Бога дзелімся нашымі дабротамі з бедным чалавекам, які знаходзіцца ў патрэбе, мы адчуваем, што паўната жыцця паходзіць з любові і ўсё вяртае нам як благаслаўленне ў выглядзе супакою, унутранага задавальнення і радасці. Нябесны Айцец за нашую міласціну ўзнагароджвае нас радасцю. Нават больш за тое: як адзін з духоўных плёнаў міласціны святы Пётр называе прабачэнне грахоў. «Любоў, — піша ён, — закрывае мноства грахоў» (1 П 4, 8). Як часта паўтарае велікапосная літургія, Бог дорыць нам, грэшнікам, магчымасць атрымаць прабачэнне. Калі мы дзелімся тым, што маем, з беднымі, гэта рыхтуе нас да прыняцця гэтага дару. У гэтую хвіліну я думаю пра ўсіх тых, хто ўсведамляе сабе цяжар учыненага зла і менавіта з гэтай прычыны адчувае сябе аддаленым ад Бога, знаходзіцца ў страху і амаль не бачыць магчымасці звярнуцца да Яго. Міласціна, збліжаючы нас з іншымі людзьмі, збліжае нас з Богам і можа стаць прыладаю спраўднага навяртання і паяднання з Ім і з нашымі братамі.
5. Міласціна выхоўвае шчодрасць любові. Святы Джузэпэ Бэнэдэтто Каталенго не раз паўтараў такую параду: «Ніколі не лічыце маеты, якія даеце, таму што, як я заўсёды кажу, калі, даючы міласціну, левая рука не павінна ведаць, што робіць правая, таксама і правая не павінна ведаць, што робіць яна сама» (Выказванні і думкі, Edilibri, № 201). З гэтага пункту гледжання вельмі яскравым з’яўляецца ўрывак з Евангелля пра ўдаву, якая ў нястачы сваёй укінула ў скарбонку святыні «увесь пажытак свой» (Мк 12, 44). Яе маленькая і нічога не вартая лепта становіцца вымоўным знакам: гэтая ўдава дае Богу не са свайго лішку, дае нават не столькі тое, што мае, а тое, чым ёсць сама. Аддае ўсю сябе.
Гэты кранальны эпізод з’яўляецца часткаю апісання дзён, якія непасрэдна папярэднічалі муцы і смерці Езуса, які, як адзначае святы Павел, стаў бедным дзеля нас, каб мы ўзбагаціліся Ягоным убоствам (пар. 2 Кар 8, 9); аддаў усяго сябе за нас. Вялікі пост таксама праз практыкаванне міласціны стымулюе нас наследаваць Ягоны прыклад. У яго школе мы можам навучыцца ператварыць сваю жыццё ў суцэльны дар; наследуючы Яго, мы становімся здольнымі і гатовымі даць не толькі нешта з таго, што маем, але саміх сябе. Ці ж не зводзіцца ўсё Евангелле да адзінай запавадзі любові? Такім чынам, велікапосная практыка міласціны становіцца сродкам паглыблення нашага хрысціянскага паклікання. Бескарысліва ахвяруючы сабою, хрысціянін сведчыць пра тое, што законы існавання залежаць не ад матэрыяльных багаццяў, а ад любові. Менавіта любоў надае вартасць міласціне, натхняючы на розныя формы дароў у адпаведнасці з магчымасцямі і становішчам кожнага чалавека.
6. Дарагія браты і сёстры, Вялікі пост запрашае нас да духоўнай «трэніроўкі», у тым ліку і з дапамогаю давання міласціны, каб узрастаць у любові і бачыць у бедных самога Хрыста. У Дзеях святых Апосталаў апавядаецца пра тое, як апостал Пётр, адказваючы на просьбу кульгавага ад нараджэння, які прасіў міласціну каля брамы святыні, сказаў яму: «Срэбра і золата не маю, але што маю, тое даю табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэта ўстань і хадзі» (Дз 3, 6). У міласціне мы даем нешта матэрыяльнае як знак большага дару, які можам перадаць іншым праз абвяшчэнне Хрыста і сведчанне пра Яго, бо ў Ягоным імені маем сапраўднае жыццё. Няхай гэты перыяд будзе адзначаны асабістымі і супольнымі намаганнямі стаць бліжэй да Хрыста, каб быць сведкамі Ягонай любові. Марыя, Маці і верная Слуга Пана, дапамажы вернікам весці велікапоснае «духоўнае змаганне» са зброяй малітвы, посту і міласціны ў руках, каб прыйсці да святкавання пасхальных урачыстасцяў духоўна адноўленымі. З гэтымі пажаданнямі я шчыра ўдзяляю ўсім Апостальскае Благаслаўленне.
Ватыкан, 30 кастрычніка 2007 г.
Benedictus PP XVI








All the contents on this site are copyrighted ©.