2008-01-31 11:58:19

У Рыме знаходзяцца з візітам Ad limina Apostolorum ( да грабоў Апостальскіх) - біскупы Украінскай грэка-каталіцкай Царквы. Узначальвае дэлегацыю кардынал Любамір Гузар. Упершыню ўсе 7 біскупаў візантыйскага абраду прыбылі да Папы Рымскага. На Ўкраіне 5 мільёнаў вернікаў гэтай Царквы.


Ad limina Apostolorum - напачатку існавання Сусветнае Царквы практыка наведвання магілаў апосталаў Пятра і Паўла тычылася біскупаў, што служылі вакол Рыма. Ад 13 стагоддзя яна распаўсюдзілася на ўвесь каталіцкі свет. Штопяць год біскупы з кожнага кантыненту прыбываюць да Святога Пасаду.( Нашы беларускія каталіцкія біскупы былі тут упершыню ў 1997, потым у 2003 годзе на чале з кардыналам Казімірам Свёнткам). Цяпер Украінскія біскупы распачалі сваё знаходжанне ў Вечным горадзе, адслужыўшы раніцай 28 студзеня Архіярэйскую Літургію ў базіліцы Святога Пятра. Кардынал Любамір Гузар, галава дэлегацыі, у сваім інтэрв'ю для СМІ адзначыў выключную важнасць такога візіту для ўсяе краіны."У Царкве апосталы заўсюды цешацца асаблівым шанаваннем. Вярхоўныя апосталы Пётр і Павел абодва загінулі за веру ў Рыме, дзе й пахаваныя. Пілігрымка да іхных грабоў заўсёды спалучаная з візітам да біскупа Рыма, наступніка Пятра - Папы Рымскага. Біскупы прадстаўляюць становішча ў сваіх дыяцэзіях. "
Асабістыя сустрэчы пастыраў украінскіх грэка-католікаў адбываюцца ў ведамствах Ватыкана. Яны праводзяць багаслужбы ў Рымскіх базіліках. Візіт завершыцца 2 лютага.







All the contents on this site are copyrighted ©.