2008-01-31 12:09:53

Памёр Кастусь Акула


29.01.2008 г. у Канадзе, адышоў у лепшы свет Кастусь Акула.
Кастусь Акула (Аляксандр Ігнатавіч Качан) – вядомы грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі, таленавіты празаік, паэт, драматург.
Нарадзіўся ў 1925 г. у вёсцы Верацеі Вілейскага павета (цяпер Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.). У 1943 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1944 - у афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны (БКА). Ваяваў у Другім польскім корпусе генерала Андэрса 8-й Брытанскай арміі, якая знаходзілася ў Італіі, быў узнагароджаны медалём "За вайну", "Залатой Зоркай Італіі". Скончыў Брытанскую афіцэрскую школу (1946) і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію. Пасля вайсковай службы прыехаў у Англію, а ў чэрвені 1947 г. іміграваў у Канаду.
Кастусь Акула з'яўляўся адным з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары. Пісаў і друкаваўся ў розных беларускіх эмігранцкіх выданнях. У Канадзе шмат часу аддаваў арганізацыі беларускіх суполак, заснаванню царквы ў Таронта, працы ў нядзельных школках, рэдагаванню часопіса "Зважай", супрацоўніцтву з беларусамі ЗША. К.Акула быў адным з арганізатараў Згуртавання беларусаў Канады і яго першым старшынёй. Наладжваў выпуск штомесячнай газеты "Беларускі эмігрант". У Беларусі і на эміграцыі Кастусь Акула вядомы сваімі празаічнымі творамі - раманамі "Змагарныя дарогі", “За волю”, трылогіяй "Гараватка". К.Акула (адзіны з беларускіх пісьменнікаў замежжа) напісаў раман на англійскай мове "Заўтра - гэта ўчора" ("Tomorrow is yesterday", 1968) пра лёс беларусаў і Беларусі ваеннай і паваеннай пары. Раман зараз рыхтуецца да выдання ў перакладзе на беларускую мову Ірыны Варабей у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчына”.








All the contents on this site are copyrighted ©.