Сьвята наверненьня Апостала Паўла было апошнім днём Тыдня Малітваў за Адзінства
Хрысьціян. Рымскія сьвяткаваньні гэтага Тыдня канчаюцца ўрачыстаю экумэнічнаю вячэрняю
пад старшынствам Папы ў Базыліцы Сьвятога Паўла за Мурамі. Гэтак было і сёлета. На
Вячэрню прыбыў таксама Гэнэральны Сакратар Сусьветнае Рады Цэркваў пастар Самуэль
Кобія, як таксама прадстаўнікі іншых хрысьціянскіх веравызнаньняў. Сапраўдны
экумэнізм мае быць ўкаранёны ў малітве- сказаў Папа ў сваім слове ў часе экумэнічнае
вячэрні. Прыверненьне поўнага адзінства перавышае нашыя сілы. Не ляжыць у нашай
сіле рашэньне, калі і як гэта поўнасьцю зьдзейсьніцца. Гэта можа ажыцявіць толькі
Бог. Жаданьне адзінства- сказаў яшчэ Бэнэдыкт 16- мае быць прысутным у нашай штодзённай
малітве. Людзі, якія маліліся заўсёды несьлі прымірэньне. Гэта ад малітвы выйшаў
вядомы нам сёньня экумэнічны рух. Сьвяцейшы Айцец прыпомніў яшчэ, што ўжо ў 1895-м
годзе Папа Лявон ХІІІ запрапанаваў малітву за абьяднаньне хрысьціян. Сто гадоў таму
назад пачатак такім малітвам даў айцец Поль Ватсон, тады яшчэ належаў да Эпіскапальнага
Касьцёла. У 30-х гадах новы імпульс унёс айцец Кутур”е з Ліёну. Пад ягоным уплывам
італьянская трапістка Марыя Габрыеля Сагэдду, ахвяравала ў 1936-м годзе сваё жыцьцё
ў гэтым намеры. Яе 25-ць гадоў таму назад Папа Ян Павал ІІ бэатыфікаваў у той жа
рымскай Базыліцы Сьвятога Паўла. На заканчэньне свайго казаньня Папа Бэнэдыкт 16
спаслаўся таксама да году прысьвечанага сьведчаньню і навучаньню Апостала Народаў.
Гэтыя сьвяткаваньні пачнуцца 28-га чэрвеня, гэтага году, ў Базыліцы Сьвятога Паўла
за Мурамі.