2008-01-21 13:27:34

Багародзічная малітва "Анёл Гасподні" з Папам у нядзелю 20-га студзеня


А паўдні гэтага дня Сьвяцейшы Айцец сустрэўся з вернікамі і паломнікамі, якія прыбылі на Плошчу Сьвятога Пятра ( а было іх больш за сто тысяч) каб супольна адгаварыць гэтую марыйную малітву. У сваім разважаньні, перад адгаварэньнем малітвы “Анёл Гасподні” Папа гаварыў аб Тыдні Малітваў за Адзінства Хрысьціян, які працягваецца ўжо сто гадоў.
RealAudioMP3 Католікі, праваслаўныя, англікане і пратэстанты сьвядомыя таго, што падзелы сярод іх ёсьць перашкодаю ў прыйманьні Эвангэльля, супольна ўпрошваюць Госпада дару поўнага адзінства. Мы ўсе забавязаныя да малітвы і ўздыманьня дзеяньняў, якія накіраваныя да пераадоленьня ўсялякіх падзелаў паміж хрысьціянамі, адказваючы на жаданьне Хрыста “Ut unum sint” ( Каб усе былі адно)- сказаў Папа. Малітва, перамена сэрца, ўзмацаваньне вузаў паміж намі твораць аснову гэтага духоўнага ўзрыву, які можа хутка давесьці вучняў Хрыста да супольнага адпраўляньня Эўхарыстыі- знаку іх поўнае еднасьці.
На Плошчы Сьвятога Пятра былі прысутнымі, між іншым, члены Англіканскае супольнасьці Францішканаў Прымірэньня, заснаванае Паўлам Ваттсанам, які даў пачатак Тыдню малітвам за Адзінства Хрысьціян. Тэмаю сёлетняга Тыдня ёсьць словы ўзятыя з Пасланьня Апостала Паўла да Тэсалёнікаў: “Безупынна маліцеся”. Прыпамінаючы яе Папа сказаў, што эвангэлізацыйная місія Касьцёла ідзе экумэнічнаю дарогаю, дарогаю еднасьці веры, эвангэльскага сьведчаньня і сапраўднага братэрства. Рымскія сьвяткаваньні Тыдня Малітваў за Адзінства Хрысьціян закончацца вячэрняю, якой будзе старшынстваваць у Базыліцы Сьвятога Паўла ў Рыме, Папа Бэнэдыкт 16 у пятніцу 25-га студзеня.
Гонг
Плошчу Сьвятога Пятра ды прылеглыя да яе вулічкі выпаўнілі натоўпы вернікаў, якіх было , як мы сказалі раней, больш за сто тысяч. Яны прыйшлі ў нядзелю 20 студзеня, каб выказаць сваю салідарнасьць з Бэнэдыктам 16 пасьля адкліканьня ягонага візіту ў рымскі унівэрсытэт “Ля Сапенца”. Дзякуючы за ініцыятыву свайму вікарыю для рымскае дыяцэзыі, кардынаму Руіні, Папа прыпомніў, што ахвотна прыняў запросіны на інаўгурацыю акадэмічнага году на гэты Унівэрсытэт. Прызнаў, што ведае і мае вялікую пашану да гэтага Унівэрсытэту і чуецца прывязаным да студэнтаў, з якімі сустракаўся ў Ватыкане пры многіх нагодах. “На жаль, створаны клімат зрабіў тое, што мая прысутнасьць была непажаданаю”- сказаў Бэнэдыкт 16. Прыпомніў, што адклікаючы візіт насуперак сабе, пераслаў рэктару Унівэрсытэту “Ля Сапенца” прамову, асабіста падрыхтаваную на гэтую акалічнасьць.
20-га студзеня ў Італіі ўшаноўваецца Дзень Каталіцкіх Школаў. Вітаючы іх настаўнікаў ды вучняў, што прыбылі на Плошчу Сьвятога Пятра, Папа сказаў, што каталіцкія адукацыйныя пляцоўкі выконваюць важную ролю ў выхаваўчым працэсе. Заахвоціў настаўнікаў ды выхавацеляў, каб міма цяжкасьцяў, з адвагаю ды даверам працягвалі служэньне новым пакаленьням..








All the contents on this site are copyrighted ©.