2008-01-12 09:26:10

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус-- працяг


Калі хто заслугоўваў пашаны i гонару, дык гэта Ўкраінская Каталіцкая Царква за сваю рашучую i сьмелую пазыцыю ў абароне сваёй веры. Тым ня менш ідэя Ўкраінскага Патрыярхату выглядала даволі спрэчнай, не абавязкова сама ў сабе, а таму, што яна ўзьнікла ў неадпаведны час, калі Ўкраіна не была свабоднаю, i ў неадпаведным месцы: не на Ўкраіне, а на эміграцыі. Сіповіч заняў наагул слушную пазыцыю, бо ён ня меў мандату гаварыць ад імя ўсёй Беларускай Вуніяцкай Царквы. Можна шкадаваць пра рэзкі тон, што не дапускаў пярэчаньняў; але магчыма, ён выкліканы “рэакцыяй у адказ” на вельмі ж кароткі ліст Сьліпога, які ставіў пытаньне рубам: “так” або “не”. Сумна тое, што пасьля такога абмену лістамі адносіны між двума герархамі значна пахаладалі.
Адну з найбольшых цяжкасьцяў пастырскай працы сярод беларусаў на эміграцыі складала вялікая расьцярушанасьць вернікаў i недахоп сьвятароў. У абавязкі біскупа Сіповіча як апостальскага візытатара, згодна з інструкцыяй Усходняй Кангрэгацыі 1960 году, уваходзіла адведваць беларускія асяродкі прынамсі раз на год. У час, калі ён узначальваў закон марыянаў, біскуп Сіповіч імкнуўся спалучаць кананічныя візытацыі марыянскіх кляштараў з адведваньнем беларусаў. Гэта давалася яму нялёгка, але іншага выйсьця не было. Толькі пасьля 1969 году падарожжы біскупа набылі чыста “беларускі” характар. Цягам 1970–1978 гадоў ён ня толькі наведаў эўрапейскія краіны – Нямеччыну, Францыю, Бэльгію, але й зрабіў шэсьць доўгіх падарожжаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі i Канаду.
Другім важным спосабам трымаць сувязь i разьвязваць важныя пытаньні мусілі стаць зьезды сьвятароў. Ha зьезьдзе ў 1960 годзе пастанавілі праводзіць іх раз на некалькі гадоў. На жаль, доўгі час гэтае рашэньне заставалася нявыкананым. Зьезды 1961 году ў Кэнігштайне i 1962 году ў Рыме былі хутчэй прынагоднымі зборкамі. Калі біскуп Сіповіч стаў генэралам марыянаў, пра зьезд не магло весьціся нават гутаркі. Наступны сапраўдны зьезд беларускіх сьвятароў прайшоў толькі 2–7 жніўня 1972 году ў Лёндане. Ён распачаўся ў аўторак 2 жніўня ўвечары малітваю i духоўнай гутаркай Уладыкі пра месца сьвятара ў царкве ў пасьлясаборны пэрыяд. Гэтую гутарку можна назваць праграмнай. Вось галоўныя думкі:
«Ад часу заканчэньня апошняга Сыноду Хрыстова Царква перажывае глыбокі працэс аднаўленьня... Кіруючыся дэкрэтамі апошняга Сабору, а такжа апошніх біскупскіх сынодаў, мы пастараемся правесьці працу нашага зьезду ў духу Эвангельля... Пасланство, місія, заданьне сьвятара ёсьць аднолькавым з пасланством Царквы, якой даручыў Хрыстос. Яно ня ёсьць палітычнае, эканамічнае, грамадзкае, але рэлігійнае... Сьвятар павінен весьці людзей да збаўленьня, a іншага практычнага Царква шляху да гэтай мэты ня знае, як толькі праз навучаньне (Божае слова), праз удзеляньне сьвятых тайнаў. Божае слова, якое падае з вуснаў сьвятара, павінна весьці да сакрамантаў (тайнаў), бо яны маюць быць пажывай хрысьціянскага жыцьця. Сьвятар у сваім служэньні ёсьць цэнтрам той царкоўнай клетачкі, якую называем парахвіяй, місіяй, капэляніяй ці як інакш. Сяньня Царква жадае, каб народ як найбольш праяўляўся ў жыцьці Царквы... Аднак ніколі ўдзел сьвецкіх людзей у літургічным жыцьці не заступіць сьвятарства i сьвятара. Toe тайнае ўнутранае жыцьцё ў Царкве, якое адбываецца праз сакраманты, яно не ад людзей, а ад Бога. Сакраманты няма сэнсу прымаць дзеля прывычкі, горш – бяз веры. Таму трэба прыгатаваньня да ix кожнага хрысьціяніна, вялікай веры з боку сьвятара. Сяньня Царква дапускае вернікаў бліжэй да аўтара, дазваляе забіраць ім голас у шматлікіх царкоўных або зьвязаных зь імі справах. Невядома чаму некаторыя сьвятары зрабілі з гэтага выснаў, што яны павінны прыблізіцца да народу. Але ў чым i як? Ня толькі ў вонкавым выглядзе, але i ў жыцьці сьвецкім. Пачаўся страшэнны крызіс сярод нашай брацьці... Ва ўсіх краінах сьвету адчуваецца недахоп прызваньняў. Пачаліся вялікія цяжкасьці ў адносінах паміж біскупамі i сьвятарамі... Факт астаецца фактам, што i тут трэба глыбокай веры, каб сьвятар у асобе біскупа бачыў апостала, a біскуп у асобе сьвятара бачыў зроджанага сына праз ласку Духа Сьвятога, праз узлажэньне сваіх рук. Таксама адносіны сьвятароў між сабой бяз веры ў надпрыродную місію, без цярплівасьці i любові ня змогуць існаваць так, каб былі прыкладам для сьвецкіх i каб ix апасталят быў багаты пладамі.
Дагэтуль я парушыў некалькі пытаньняў агульнага парадку, якія, аднак, настолькі сутныя, што без усьведамленьня ix... цяжка прыступаць да разгляду асаблівага паложаньня беларускага сьвятара... Перадусім, хто мы ёсьць самі? Хто нас вучыў, узгадоўваў? Хаця ўсе мы былі забавязаныя студыяваць хрысьціянскую філязофію, тое самае багаслоўе, але блізу кожны з нас быў у іншай сэмінарыі... Ніхто з нас ня меў шчасьця студыяваць у сваёй собскай мове... Мы былі нават у такіх умовах, што аб нашай беларускай культуры ў прошлым сьведама нашы прафэсары замоўчвалі або рабілі з яе капітал сваёй, але для нас чужой, культуры... Калі апошняя вайна выкінула... масы людзей за межы Бацькаўшчыны, знайшлося сярод ix i пару беларускіх сьвятароў. Так ці інакш дайшлі іншыя. Усе мы трымалі між сабой лучнасьць, доказам гэтага ня толькі нашы прынагодныя спатканьні, але такжа зьезды... Усе нашы зьезды займаліся беларускім душпастырствам на чужыне. Найважнейшай справай была справа герархіі. Тады ўсе мы прасілі Апостальскі Пасад аб двух біскупаў: для каталікоў лацінскага абраду i ўсходняга. Чаму i як яно сталася, што Апостальскі Пасад даў беларусам толькі аднаго, i то ўсходняга абраду, ня тут мейсца разглядаць гэтае пытаньне... Трэба было згадзіцца з воляй Апостальскага Пасаду i весьці далей працу ў скамплікаваных абставінах чужыны.
Наша беларуская эміграцыя першая ў гісторыі сьведамая. Гэты гонар “першая” невялікі, бо тысячы беларусаў улілося ў чужыя эміграцыі i назаўсёды страчаныя для Беларусі. Наша арганізаванае рэлігійнае жыцьцё такжа першы раз у гісторыі. У кожнай краіне, дзе знайшоўся беларускі сьведамы сьвятар патрыёт, ён гоніць першую баразну... Якая, аднак, наша эміграцыя не была, толькі таму, што сьведамая, прыняла нас, сваіх сьвятароў... 25 гадоў нашага эміграцыйнага жыцьця многа чаго навучыла нас. Прыйшла нейкая стабілізацыя жыцьця, пачаўся тварыцца характар нашай эміграцыі ў кожнай краіне. Вось усё нам трэба разглядзець, разважыць, каб унікнуць памылак, каб працаваць пазытыўна. У нас вялікія цяжкасьці, але ці большыя, чымся былі для Апосталаў? Для Апостала Паўла?»








All the contents on this site are copyrighted ©.