Ражджэственскае пасланьне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філярэта, Патрыяршага Экзарха
ўсяе Беларусі
Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай
Царквы!«Бога ніхто не бачыў ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўлонні Айца, Ён явіў.»
(Ін. 1: 18)Гэтыя словы апостала і евангеліста Іаана Багаслова адкрываюць нам неспасціжныя
тайны быцця Бога ў Трох Асобах і спасіцельнай для чалавецтва місіі Яго Адзінароднага
Сына. Са старажытных часоў людзі адважна шукалі сустрэчы з ісцінным Богам на сцяжынах
свайго жыцця, каб іх знаходжанне на зямлі і адыход у вечнасць былі асветлены святлом
праўды Божае. Але нават калі Гасподзь адкрываў перад чалавекам скарбы Сваёй прамудрасці,
якая захоўваецца адвеку ў Свяшчэнным Пісанні, — нават і тады не кожны быў гатовы прыняць
Закон Жыцця і кіравацца яго спасіцельнымі запаведзямі. З глыбіні стагоддзяў даносяцца
да нас скрушныя словы старазапаветнага праведніка, свяшчэнніка Ездры: «Якая карысць
нам, калі нам паабяцaны бессмяротны час, а мы рабілі смяротныя справы? Нам прадкaзана
вечная надзея, а мы...зрабіліся мітуслівымі, нам падрыхтавaна жыллё здароўя і спакою,
а мы жылі дрэнна... хадзілі па шляхах злых» (3 Езд. 7: 49–52). Ішлі стагоддзі,
міналі тысячагоддзі… Чалавечы род сталеў, а са сталеннем памнажаліся яго грахі і хваробы.
Ён заставаўся па-ранейшаму жорсткім, але без Бога ўсё вастрэй перажываў сваю адзіноту.
Бо сэрца чалавека, часам, насуперак яго характару, з гадaмі ўсё больш жадае і міласэрнай
спагaды, і благадатнай дапамогі Божай. І тады Бог Айцец прамовіў Слова Любові,
і «Слова стала плоццю, і жыло сярод нас, поўнае благадаці і ісціны» (Ін. 1: 14). Так
Сын Божы стаў Сынам Чалавечым. Вечны — Ён нарадзіўся на зямлі, каб пражыць жыццё чалавека
і памерці, як памірае чалавек. Усемагутны — спазнаў увесь цяжaр жыцця ў пакутнай і
смяротнай плоці. Ён, Бязгрэшны, узяў на Сябе грахі ўсяго свету і адкупіў іх, стаўшы
падобным да старазапаветнага ахвярнага агнца. І ўсё гэта нам зноў тлумачыць апостал
і евангеліст Іаан Багаслоў: «Бог ёсць любоў, і хто не любіць, той не спазнаў Бога»
(1 Ін. 4: 8); «Бог ёсць святло, і няма ў Ім ніякай цемры» (1 Ін. 1: 5); «Бог ёсць
дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і ісціне» (Ін 4: 24). Якія
простыя для разумення гэтыя адкравенні пра Бога, Ражджаство Якога мы святкуем сёння!
Яны настолькі ж блізкія і натуральныя для чалавечай прыроды, як жаданне любові і аднадумства
з дарагімі людзьмі, як пошук сапраўднага сяброўства і вернасці, як успамін альбо мара
пра цяпло бацькоўскага дома і пра бесклапотнае дзяцінства… Свята Рожджаства Хрыстовага
ззяе самымі яркімі і чыстымі колерамі дзяцінства; ён такі ж таямнічы і велічны ў сваёй
прастаце, як і Самoе Богадзіця Іісус, Якое мірна спіць у яслях, асветленае ззяннем
Віфлеемскай зоркі і сагрэтае дыханнем свойскіх жывёл. І нішто не можа парушыць спакою
гэтай ціхай Ражджэственскай ночы, калі хор небажыхароў заклікае зямных жыхароў заспяваць
гімн спрадвечнай гармоніі: «Слава ў вышніх Богу, і на зямлі мір, у людзях добрая воля!»
Узлюбленыя браты і сёстры! Нашым хрысціянскім пакліканнем было і застаецца здзяйсненне
ў жыцці гэтага Ражджэственскага ангельскага песнапення. Бо місіяй хрысціяніна з’яўляецца
якраз тое, каб ва ўсякі час і ва ўсіх жыццёвых абставінах умець узнoсіць славу ў вышніх
Богу! Нібы тлумачачы сэнс Ражджэственскага гімна, Сам Хрыстос Спасіцель настойліва
пераконваў веруючых у Яго: «па тым пазнaюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце
мець паміж сабою» (Ін. 13: 35), бо, дзе царствуе евангельская любоў, — на той зямлі
ўсталёўваецца надзейны мір. Але праслаўляць Бога і ўмацоўваць мір можа толькі
той, чыя асабістая воля нязменна скіравана на дабро бліжніх і дальніх людзей. Таму
выхаванне ў сабе добрай волі з’яўляецца мэтаю нашага з вамі зямнога жыцця. Урэшце,
для таго мы і ўзводзім храмы і манастыры, адкрываем духоўныя школы і развіваем багаслоўе,
даследуем гісторыю Царквы і Бацькаўшчыны, каб прынeсці ў жыццё радасць Ражджаства
і Уваскрасення Хрыстовага. Бо ў прасторы паміж гэтай альфай і амегай нашай хрысціянскай
веры знаходзіцца вялікая радасць злучэння Бога з чалавекам, — тая самая, пра якую
дабравeсціў Віфлеемскім пастухам у ноч Ражджаства Ангел Гасподні, кажучы: «нарадзіўся
вам сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь» (Лк. 2: 10–11).
Узлюбленыя! У мінулым годзе ў епархіях Беларускага Экзархата адбываліся ўрачыстасці
ў гонар 1015-годдзя заснавання Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Нам рана падводзіць
вынікі, бо мы знаходзімся яшчэ ў самым пачатку вельмі цяжкага шляху аднаўлення Царквы
на нашай зямлі ў тым яе значэнні і ў той годнасці, якая запатрабавана шматпакутнай
гісторыяй нашага народа. Але мы бачым, што не дарэмныя нашы намаганні і не марныя
спадзяванні, бо за апошнія пятнаццаць гадоў ўзрасло і цяпер уваходзіць у самастойнае
жыццё новае пакаленне нашых суайчыннікаў, якія з маленства далyчаны да Святых Хрыстовых
Тайнаў і нязменна знаходзяцца ва ўлонні Царквы. На іх ускладаем мы нашы спадзяванні,
бо яны не страчаны ні для Бога, ні для людзей, ні для Бацькаўшчыны. У цяперашні
вельмі няпросты час на хрысціянах ляжыць асаблівая адказнасць за стан свайго сэрца
і розуму. Мы пакліканы не толькі захоўваць перад абліччам свету нашу веру ў Бога,
але і праяўляць глыбіню свайго асабістага даверу да Тварца. Нам трэба не палохацца
буйства стыхій свету гэтага, і тым больш забабонаў і пустых страхаў, — а ў любых абставінах
бязбоязна жыць і сведчыць пра Госпада нашага Іісуса Хрыста як Спасіцеля свету. Прыгадаем
словы, якія прагучалі ў 1593 годзе з вуснаў дабравернага князя Канстанціна Канстанцінавіча
Астрожскага. «Мы не паветра і не вецер сцеражом, — звяртаўся ён да сваіх адзінаверных
суайчыннікаў, — але ісцінную веру, трымаючыся яе, захоўваем». Гэты верны сын Праваслаўнай
Царквы і сапраўдны герой нашай Бацькаўшчыны ўмеў быць цвёрдым у сваёй веры, у яе абароне
і ўмацаванні. У надыходзячым годзе нам належыць аддаць князю Канстанціну Астрожскаму
даніну вечнай і ўдзячнай памяці, бо ўжо чатыры стагоддзі мінула з дня яго спачыну.
За гэты час гісторыя нашага народа шмат разоў пацвярджала ісціннасць яго глыбокага
пераканання ў тым, што толькі праваслаўная вера бацькоў можа з’яўляцца асноваю для
нашай свабоды ад ілжэвучэнняў, для нашай незалежнасці ад стыхій свету гэтага і для
нашага ўмацавання ў запаведзях Госпада Іісуса Хрыста. Сардэчна вітаю з радасным
святам Ражджаства Хрыстовага ўсіх хрысціян Беларусі і ўсіх суайчыннікаў, што жывуць
за межамі Беларускай зямлі. Веру, што і ў надыходзячым Навалецці добрасці Божай,
паводле слова Псалмапеўца, «Гасподзь дасць сілу народу Свайму, Гасподзь благаславіць
народ Свой мірам» (Пс. 28: 11). Амінь. Філарэт,Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы
Экзарх усяе Беларусі