2008-01-05 09:10:02

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


19 жніўня 1979 году ў агародзе Марыян Гаўз моладзь ладзіла пікнік. Сабраліся там i старэйшыя. Адзін зь ix, праваслаўны, як апісаў пасьля сам Уладыка, «падышоў да мяне... i кажа: “Мы жадалі б, каб Папа зрабіў вас, Уладыка, архіепіскапам ці нават кардыналам, але мы не хацелі б памыліцца ў нашых просьбах...” Ці мог бы я ім штось парадзіць!.. Я на гэта сказаў: “Толькі да Папы належыць павышаць у Кат. Царкве герархаў. Я вам не даю ніякай рады...” Усе беларусы праваслаўныя адносяцца да мяне куды лепш, чымся на пачатку маёй працы тут у Вялікай Брытаніі».
Біскуп Сіповіч добра ведаў, што беларускае грамадзтва ў цэлым яшчэ не дасьпела да экумэнічнага дыялёгу. Таму ён стараўся заўсёды тактоўна i абачліва ставіцца да праваслаўных, перадусім да тых асобных людзей, якія прыходзілі да яго з пытаньнямі веры. Не шукаючы лёгкіх часовых “посьпехаў”, Сіповіч кіраваўся старым i добра выпрабаваным правілам: “Salus animarum suprema lex” (збаўленьне душаў – найвышэйшы закон).
Раздзел: Цяжкая біскупская мітра
Вышэй ужо згадвалася, што біскуп Сіповіч як апостальскі візытатар меў даволі абмежаваныя правы. Тым ня менш, як першы i адзіны за паўтара стагодзьдзя беларускі каталіцкі біскуп, ён адчуваў маральную адказнасьць за ўсіх беларускіх каталікоў на Бацькаўшчыне i на чужыне. Беларускія каталікі, з свайго боку, глядзелі на яго як на свайго рэлігійнага правадыра i чакалі ад Яго, магчыма, больш, чым ён мог зрабіць. Такім чынам, яму даводзілася нялёгка, асабліва калі прыняць пад увагу, што цягам шасьці гадоў ён узначальваў і закон марыянаў.
У Лёндане, свабодны ад абавязкаў у марыянскім законе, Уладыка Чэслаў зноў апынуўся ў цэнтры беларускага жыцьця, якога яму не ставала ў Рыме. Ён кінуўся з галавой у беларускія справы. Біскуп прысутнічаў на ўсіх беларускіх імпрэзах – зборках, канфэрэнцыях, сьвяткаваньнях, якія звычайна адбываліся ў вялікай залі Дому сьв. Пятра або ў бібліятэцы. Ён любіў прымаць гасьцей – сьвятароў, вучоных-славістаў, беларусаў з усяго сьвету, у тым ліку з Польшчы i савецкай Беларусі. Зь вядомых прычынаў апошнія не хацелі ніякага розгаласу. Для ix, прывучаных, што “каталік” i “паляк” – тое самае, роўна як “праваслаўны” i “рускі”, сустрэча зь беларускім каталіцкім біскупам, які гаварыў у царкве i па-за царквою па-беларуску, паходзіла на аб’яўленьне.
Адным з найбольш выдатных гасьцей беларускага асяродку быў кардынал Язэп Сьліпый. Ён адведаў Марыян Гаўз 12 траўня 1970 году. У капліцы сьв. Пятра i Паўла ён адслужыў сьвятую Літургію разам зь біскупамі Аўгустынам Горнякам, украінскім экзархам у Англіі, i Чэславам Сіповічам. У казані кардынал Сьліпый зьвярнуўся да беларусаў з заклікам шанаваць i захоўваць сваю рэлігійную i нацыянальную спадчыну.
Біскуп Сіповіч ведаў кардынала Сьліпога ад 1963 году, калі той прыехаў у Рым. Біскуп меў да яго вялікую павагу, але не заўсёды згаджаўся зь ім. У прыватнасьці, біскуп Сіповіч крытычна ставіўся да ідэі Ўкраінскага або Кіева-Галіцкага Патрыярхату. Згодна з канцэпцыяй ягоных прыхільнікаў, ён меў абымаць ня толькі ўкраінскія, але й беларускія землі, што даўней уваходзілі ў склад Кіеўскай Мітраполіі. Пераважная бальшыня ўкраінскіх біскупаў падтрымлівала ідэю патрыярхату, але некаторыя зь ix мелі сур’ёзныя сумневы. Такім быў Аўгустын Горняк, украінскі экзарх у Англіі. 30 лістапада 1971 году ён паказаў біскупу Сіповічу, які ў яго абедаў, лісты ад Усходняй Кангрэгацыі i самога Сьвятога Айца зь ветлівым, але адмоўным адказам адносна Кіева-Галіцкага Патрыярхату. Адмова тлумачылася прычынамі кананічнага, пастырскага i экумэнічнага характару.
Нягледзячы на такое стаўленьне Рыму, Сьліпый не закінуў ідэі патрыярхату. 2 чэрвеня 1972 году ён пісаў біскупу Сіповічу: «Абапіраючыся на даўнюю гісторыю, пытаюся, ці Вы жадалі бы належаць да нашага Патрыярхату, канстытуцыю якога мы цяпер канчаткова апрацоўваем, зразумела з сваёй аўтаноміяй, ці не? Прашу ласкавага хуткага адказу»145.
Біскуп Сіповіч адказаў доўгім лістом 30 чэрвеня: «У вашым кароткім лісьце Вы парушылі вельмі важную справу: справу належаньня Беларускай Каталіцкай Царквы да Ўкраінскага Патрыярхату. Дагэтуль я ня меў нагоды забіраць голасу ў справе Ўкраінскага Патрыярхату, хаця ўжо ў часе апошняга Экумэнічнага Сабору да мяне зьвяртаўся адзін з украінскіх Біскупаў з пытаньнем, ці я згодны падпісаць супольную просьбу да Апост. Пасаду. Я ўважаў, што беларускаму Біскупу ў сучасных абставінах не выпадае ўваходзіць у сьцісла ўнутраныя справы ўкраінскай Царквы.
Што датычыць беларускага Патрыярхату – бо толькі аб такім магла б быць мова – магу высказаць мой собскі погляд, які магчыма ня будзе розьніцца з тым, што думае беларускае каталіцкае духавенства на эміграцыі.
Аб беларускім патрыярхаце можа быць гутарка толькі тады, калі б былі гэтакія ўмовы:
1) Калі настане рэлігійная еднасьць у беларускім народзе i калі ён увесь, або прынамсі яго большая частка, прызнае Наступніка Сьв. Апостала Пятра сваёй Галавой.
2) Справа Беларускага Патрыярхату ёсьць зусім неактуальнай на чужыне. Яна павінна вырашацца пры адпаведных умовах на Беларусі.
3) Гістарычныя сувязі беларусаў i ўкраінцаў у адной Кіеўскай Мітраполіі не зьяўляюцца de jure divino (з Божага ўстанаўленьня. – A.H.) i ў зьмененых сучасных абставінах немагчыма трымацца даўніх арганізацыйных рамак, бо i Хрыстос ня радзіць уліваць новага віна ў старыя мяхі.
4) Беларускім Патрыярхатам можа заняцца або Экумэнічны Сабор або Апостальскі Пасад.
З усяго тут сказанага вынікае мая пакорная просьба да Вашай Дастойнасьці, да якой маю асаблівую пашану i любоў, каб у той прыгатоўвыванай констытуцыі Ўкраінскага Патрыярхату Беларускі Патрыярхат у такой ці іншай форме быў абмінуты».








All the contents on this site are copyrighted ©.