2007-12-29 09:02:06

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус - працяг


Абрамчык памёр 29 траўня. Ha пахаваньне 4 чэрвеня прыехалі біскуп Сіповіч i праваслаўны сьвятар айцец Аўген Смаршчок. Калі дамаўляліся пра парадак пахаваньня, «Спадарыня Абрамчык заявіла: “Мікола быў праваслаўным i я жадаю, каб служыў праваслаўны сьвятар”. Я маўчаў, а а. Смаршчок сказаў: “Мы з Уладыкам ведаем, што i як нам рабіць. Мы ўжо разам служылі па пакойным Марговічу ў Мюнхэне”. Факт аднак ёсьць, што Абрамчык сябе за праваслаўнага не лічыў, хіба толькі па мэтрыцы. Для яго кожны беларус сьвятар быў аднолькава цэнны. Вунію ён уважаў за беларускую нацыянальную рэлігію».
Увосень 1975 году Ўладыка Чэслаў, які тады знаходзіўся ў Амэрыцы, на просьбу беларусаў зь Нью-Ёрку i ваколіцаў згадзіўся адслужыць 5 кастрычніка перад Помнікам Герояў на беларускім могільніку ў Нью-Брансўіку службу за ўсіх беларусаў, што памерлі за Бацькаўшчыну або сталіся ахвярамі перасьледу. 2 кастрычніка ён наведаў Кліўлэнд i зайшоў да мітрапаліта Андрэя Крыта, галавы Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Біскуп запісаў у сваім дзёньніку: «У гутарцы з Мітрапалітам хутка я пачуў гэткі сказ: “Вось да мяне звоняць i звоняць, i пытаюць, чаму гэта біскуп Сіповіч мае ўжо высьвячаны мною перасьвячваць помнік герояў на могілках у Нью Брансўік?” Я аб гэтым нават i ня думаў з Мітрапалітам гутарыць. Калі мяне запрасіў С. Гутырчык памаліцца перад помнікам, дык я прыняў гэта ахвотна, i зь перакананьнем, што за ўвесь парадак адказваюць арганізатары. A памаліцца перад агульнабеларускім помнікам на беларускіх могілках я ня меў намеру ў нікога прасіць дазволу. Добра аднак сталася, што мітрапаліт Андрэй успомніў аб гэтым. Тады я выясьніў, што не зьбіраюся высьвячанага помніка перасьвячваць; таксама папрасіў Мітрапаліта адказаць тым, што да яго тэлефануюць, так, як трэба ўсім гэта разумець».
Прыйшоў дзень 5 кастрычніка: «Едзем на беларускія могілкі... Прыгожы дзень. На могілках даволі шмат людзей i старэнькі Родзька з хорам. Вэтэраны на чале з камандзірам Гутырчыкам трымаюць строй... Аблачаюся каля помніка, асыстуе Фр. Бартуль. Казань. На пачатку я сказаў, што там, дзе беларусы мяне запрашаюць, – іду да ix, i ніколі яшчэ ня здарылася выпадку, каб я меў з боку беларусаў пэўныя цяжкасьці. Далей я сказаў, за каго маемо маліцца i назваў шмат імёнаў, пачынаючы ад К. Каліноўскага аж да апошніх мучанікаў за веру i бацькаўшчыну. Наступна разьвіў думку паводле motto Гётэ “Die Marmoren sprechen” (мармуры гавораць. – А.Н.). Помнік герояў – гэта сымбаль нашых пакут i нашай славы. Але гэты сымбаль трэба ажывіць, пазнаючы нашу мінуўшчыну i гледзячы ў будучыню... Абед-прыняцьце пад царквой (праваслаўнай. – А.Н.)... Прамаўляюць: Кажура, Стома, Адамцэвіч (паляк), Сокал, Уладзімір Русак, інж. Васіль Русак. Усе прамовы спакойныя, поўныя прыхільнасьці да маёй асобы, чуваць словы “Бог i Бацькаўшчына”, часта паўтараныя. Уладзімір Русак успамінае сцэну з часоў нямецкіх табараў, калі беларускі праваслаўны сьвятар прат(аерэй) Сьцяпанаў пацалаваўся з дзек(анам) Міхасём Маскалікам. Ён дадае: “Магло б штосьці падобнае быць i сяньня...” Гэта намёк на тое, што ані на могілках, ані ў залі не было праваслаўнага сьвятара. Запраўды гэта сумна i для мяне... Адказваючы ўсім, я шчыра падзякаваў i папрасіў, каб мой прыезд сюды ня стаўся новым нейкім штуршком да нязгоды... Як на могілках, так i ў залі я адчуў дабрату нашых людзей. Каб яны мелі разумнейшых сьвятароў, само сабой прышло б да еднасьці. “I папоўскае закляцьце, i ксяндзоўскі нагавор” хутка зьніклі б. Тымчасам аднак цярпліва, тактычна i з Божай помаччу трэба далей гнаць першую баразну...»
У 1979 годзе 25 сакавіка, сьвята Дабравешчаньня (Зьвеставаньня) i дзень незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, выпаў у нядзелю. Біскуп напісаў у сваім дзёньніку: «У капліцы вельмі мала людзей. Сумна ў душы, бо ж гэта сьвята Багародзіцы i наша нацыянальнае. Прычына, чаму некаторыя не прыйшлі на Багаслужбу, бо а гадз. 4 рм (“post meridiem” г. зн. папаўдні. – А.Н.) мае быць акадэмія i прыняцьце ў доме сьв. Пятра, 39 Гольдэн Роад, N.12. Мне прышла думка такая, каб усіх перад зборкай-акадэміяй заклікаць у нашу капліцу i памаліцца, хаця коратка, за Беларусь. Пагаварыў я з Я. Міхалюком, з Я. Сяўковічам, a. Пякарскім (праваслаўны сьвятар БАПЦ). Усе згадзіліся. Усе сабраліся ў капліцу. Адсьпявалі “Ойча наш” i “Магутны Божа”. Сьпеў быў вельмі вялы, нягучны, але маем надзею, што Бог прыняў малітву. У залі зборкай кіраваў Алесь Зданковіч. Кароткі вельмі даклад прачытаў у анг. мове Янка Сяўковіч. Пасьля я гаварыў. Тры тэмы парушыў: 1) сяньняшняе сьвята царкоўнае Благавешчаньня; 2) сэнс нашага нацыянальнага сьвята; 3) дзень маткі. Магчыма, гаварыў я крыху задоўга... У запраўднасьці я жадаў “надрабіць” у залі, чаго дзеля адсутнасьці людзей ня мог зрабіць у капліцы. Як часта i як горка адчуваецца наш рэлігійны падзел! Хаця i мілыя добрыя людзі, але імі не пакіруеш, бо паміж намі ёсьць яшчэ перагароды, калі не нацыянальнага, дык рэлігійнага парадку. Божа, дай нам еднасьць!»
Позна ўночы 1 жніўня 1979 году на парозе Марыян Гаўз зьявіліся двое маладых людзей. Гэта былі праваслаўныя сэмінарысты з Варшавы, беларусы зь Беласточчыны. Параіўшыся з айцом Надсанам, Уладыка Чэслаў вырашыў даць ім гасьціну i аплаціць курсы ангельскай мовы. Яны прабылі ў Марыян Гаўз шэсьць тыдняў i пакінулі па сабе як найлепшае ўражаньне. Уладыка Чэслаў меркаваў прыняць іншых праваслаўных сэмінарыстаў на наступнае лета, але праваслаўны мітрапаліт Варшаўскі Базыль (сам беларус) ня даў згоды.








All the contents on this site are copyrighted ©.