2007-12-22 10:56:47

Папа Бэнэдыкт 16 сустрэўся з кардыналамі ды з членамі Рымскае Курыі, з нагоды Сьвята Божага Нараджэньня


У сваёй прамове да іх Сьвяцейшы Айцец найбольш ўвагі прысьвяціў справам Лацінскае Амэрыкі. Сказаў, што калі ў месяцы травені наведаў Бразылію то там кананізаваў сына гэтае зямлі Сьвятога Антонія Гальвао. Перад усім аднак засяродзіўся ў сваёй прамове на 5-й Агульнай Канфэрэнцыі Эпіскапатаў Лацінскае Амэрыкі і Караібаў, што адбылася ў Апарэсыдзе. Спаслаўся да ейнае тэмы, якая гучала: “Вучні і місіянары Ісуса Хрыста, каб у Ім нашыя народы мелі жыцьцё”.
Папа зьвярнуў увагу на тое, што быць вучням Хрыста значыць пазнаваць Яго і жыць згодна са справядлівасьцю, якую Ён паказвае. “Вера ахоплівае ўсё- працягваў Бэнэдыкт 16-ы. Гэтае слова тычыцца жыцьця Хрыста і Яго справядлівасьці. У веры мы атрымліваем Хрыстовую справядлівасьць, перажываем яе самыя і перадаем іншым. Дакумант з Апарэсыды падкрэсьлівае гэта канкрэтна, гаворачы аб Добрай Навіне, якая тычыцца годнасьці чалавека, жыцьця, сям”і, навукі ды тэхнікі, чалавечае працы, паўсюднага прызначэньня даброў зямлі і экалогіі. У гэтых вымярэньнях выяўляецца нашая справядлівасьць, перажываецца веру, якая адказвае на выклікі нашых часоў”.
Вучаць Хрыста мае быць адначасна місіянаром- працягваў Папа сваю прамову да кардыналаў ды членаў Рымскае Курыі з нагоды Сьвята Калядаў. Некаторыя запытваюцца- сказаў Сьвяцейшы Айцец- ці трэба яшчэ сёньня весьці эвангэлізацыю? Ці ўсе рэлігіі не павінны лепш у мірным суіснаваньні супрацоўнічаць для дабра чалавецтва? Сапраўды неабходнасьць супрацоўніцтва, талерантнасьці ды ўзаемнае пашаны не падлянае дыскусіі- адказаў Бэндыкт 16- ды прыпомніў заангажаваньне Каталіцкага Касьцёла ў міжрэлігійны дыялог, свой ўдзел ў сустрэчы ў Неапалі ( Італія) ў месяцы кастрычніку ды станоўчую ацэнку ліста 138-х музульманскіх вучоных. Падкрэсьліў аднак неабходнасьць дзяліцца з іншымі пасланьнем Хрыста і надзеяю, што выплывае з Яго.
З іншых сёлетніх здарэньняў Папа пералічыў сваё пісьмо да кітайскіх католікаў, якія з радасьцю яго прынялі ды пілігрымку веры ў Аўстрыю. Успомніў таксама шматлікія сустрэчы з моладдзю: на аўдыенцыях, ў часе апостальскага падарожжа ў Бразылію ды сустрэчу ў Лорэто (Італія), што адбылася ў месяцы верасьні.








All the contents on this site are copyrighted ©.