2007-12-21 13:17:39

Гудагай-- памерла сястра Юзэфа Ждановіч


19 снежня 2007 года а 15.30 у кляштары Сясцёр Кармэлітанак Дзіцятка Езус у Гудагаі ва ўзросце 77 гадоў адышла да Пана сястра Юзэфа Ждановіч, кляўзуровая дамініканка.
Святой памяці сястра Юзэфа была родам з-пад Ашмянаў. У ордэн дамініканак паступіла ўжо пасля ліквідацыі кляштара ў Вільні, калі сёстры разышліся ў розныя парафіі, каб перажыць час пераследу і дапамагаць святарам. У складаны перыяд месцам яе манаскай фармацыі, а пазней месцам пастаяннага жыхарства і апостальства стала м. Гудагай. Разам з с. Сабінай яна жыла ў невялічкай хатцы побач з касцёлам: укрыта, не носячы габіту, у пакоры ўсё сваё жыццё аддала малітве і працы ў парафіі. Калі ў 1990 годзе кармэліты босыя вярнуліся ў санктуарый, сястра Юзэфа клапацілася пра айцоў і братоў, як маці: служыла парадай, прымала кожнага з усмешкай і любоўю, рыхтавала есці, прала, даглядала агарод, але перадусім малілася – верна і вельмі шмат.
Пасля адновы супольнага жыцця ў Вільні, па розных прычынах яна засталася адна ў Гудагаі, радуючыся блізкасці славутага ласкамі абраза Маці Божай. Калі пагоршыўся стан яе здароўя, ахвяравала Богу праз Марыю свае пакуты і хваробу ў інтэнцыі Кармэлю, з якім адчувала цесную сувязь. Да канца сваіх дзён успамагала святароў, клерыкаў і вернікаў, якія лічылі яе святой (парафіяне за незвычайную дабрыню называлі яе проста сястра Юзя або Юзэфка).
Апошні перыяд свайго жыцця яна правяла ў кляштары кармэлітанак Дзіцятка Езус у Гудагаі, якія ўдзялілі святой памяці сястры Юзэфе памяшканне і акружылі апекай.
Памолімся за памерлую Сястру і будзем спадзявацца, што ў валадарстве Бога, якога ў сваёй пакоры і глыбокім даверы праслаўляла на зямлі, будзе заступацца таксама за нас.








All the contents on this site are copyrighted ©.