2007-12-08 16:33:28

Папа Бэнэдыкт 16 на Гішпанскай Плошчы


І сапраўды, ў суботу 8-га сьнежня, пасьля абеду, як сам Папа сказаў у прывітаньні пасьля адгаварэньня Багародзічнае малітвы “Анёл Гасподні”, ён наведаў славутую Гішпанскую Плошчу ў Рыме. Там знаходзіцца статуя Божае Маці, якая стаіць на антычнай калоне і ўвекавечвае догму Непарочнага Зачацьця Марыі.
Перад прыбыцьцём на Гішпанскую Плошчу Бэнэдыкт 16 наведаў Касьцёл Найсьвятой Тройцы. Сьвятая Тройца на Гарах над славутай гішпанскай лесьвіцай- парафія рымлянаў французскага паходжаньня з пэрыяду ўцёкаў ад Напалеона Банапарта. У ёй Папа сустрэўся таксама з працаўнікамі камэрцыйных структур, што маюць свае магазіны блізка гэтае славутае плошчы. Дарэчы, ёсьць тут не толькі найбагацейшыя буцікі, але і шмат танных магазінаў, якімі часта кіруе моладзь.
Перад статуяй Марыі сабраліся тысячы рымлянаў і турыстаў з цэлага сьвету на чале з Вікарыям Рымскае Дыяцэзыі, кардыналам Руіні. Быў таксама і бурмістр Вечнага Гораду Вальтэр Вэльтроні. З усімі імі Папа Бэнэдыкт 16 памаліўся перад статуяй Марыі ды аддаў Ёй пашану.
У сваёй прамове сказаў, між іншым, што мы прыбылі сюды, на Гішпанскую Плошчу, каб ужо традыцыйна скласьці пашану Найсьвятой Дзеве Марыі, ў дні, ў якім увесь Касьцёл ўшаноўвае сьвята Ейнага Непарочнага Зачацьця. Бяручы прыклад з майго пашаныгоднага Папярэдніка- сказаў Бэнэдыкт 16—таксама і я абьядноўваюся з вамі, дарагія вернікі Рыму, каб затрымацца ля падножжа Марыі, якая ад 150-ці гадоў стаіць на гэтай калоне нашага Гораду.
Яшчэ раз, у гэты сьвяточны дзень, Каталіцкі Касьцёл паказвае сьвету Марыю як на знак упэўненае надзеі і канчатковае перамогі дабра над злом. Тая, якую называем “Поўная ласкі” прыпамінае нам, што мы ўсе браты і што Бог наш Стварыцель і Айцец. Без Яго- сказаў Папа да вернікаў Рыму- ці горш супраць Яго, мы ніколі не зможам знайсьці дарогі, якая вядзе да любові, не зможам ніколі перамагчы уладу нянавісьці і насільля, не зможам ніколі пабудаваць стабільны мір. У маёй энцыкліцы “Spe salvi”- сказаў на заканчэньне Сьвяцейшы Айцец-- я напісаў, што Касьцёл глядзіць на Марыю і прызывае Яе як “зорку надзеі”. У нашым падарожжы мы маем патрэбу “ сьвятла надзеі”. Хто, апрача Марыі, можа быць для нас “Зоркаю Надзеі”? Яна, дзякуючы свайму “так”, увайшла ў гэты сьвет і ягоную гісторыю. За Яе пасрэдніцтвам Бог стаўся чалавекам і пасяліўся сярод нас.
Непасрэдна з Гішпанскае Плошчы Бэнэдыкт 16 вярнуўся ў Ватыкан.








All the contents on this site are copyrighted ©.