2007-12-08 12:53:13

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- прыцяг


Дэкрэт” біскупа Сіповіча закранаў інтарэсы Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы i сьвятароў не-марыянаў, i таму яны мелі поўнае права ведаць пра яго. Аднак ён ніколі не даводзіўся да агульнага ведама i заставаўся толькі запісаны ў марыянскіх кнігах, не даступных для тых, хто не належаў да іхнага закону. Тым ня менш такую справу цяжка ўтрымаць у сакрэце, i зьвесткі пра “дэкрэт” дайшлі да іншых. Можна ўявіць, як адчувалі сябе сьвятары не-марыяне. Затое марыяне ня мелі ніякага сумневу ў законнасьці “дэкрэту”. Той самы айцец Сельскі ў сваім пратаколе з кананічнай візытацыі 20 лютага 1977 году напісаў: «Галоўны будынак (г. зн. Марыян Гаўз. – А.Н.)... i Дом сьв. Кірылы ёсьць уласнасьцю закону айцоў марыянаў» (The main building... and St Cyril House are the property of the Congregation of Marian Fathers). Ён таксама “ахрысьціў” комплекс чатырох будынкаў (разам зь Бібліятэкай Ф. Скарыны) новым, дасюль нечуваным, імем: “Missio Mariana et Alboruthena” (Марыянская і беларуская місія)!
Юрыдычная аснова “дэкрэту” біскупа Сіповіча, далікатна кажучы, сумнеўная, але мэта яго зразумелая: стварыць матар’яльную базу (напрыклад, праз здаваньне ўнаймы пакояў для кватарантаў) для існаваньня беларускага марыянскага кляштару ў Марыян Гаўз. Для Місіі i сьвятароў не-марыянаў пакідаўся Дом сьв. Пятра, 39 Гольдэн Роўд, пра які таксама біскуп гаворыць у сваім “дэкрэце”: «Разважыўшы ўсё i спытаўшыся рады ў зацікаўленых асобаў, пастанаўляю i вырашаю, што дом, які носіць імя Сьвятога Пятра на 39 Гольдэн Роўд, Фінчлей, N.12, разам з агародам i мэблямі, ёсьць уласнасьцю Беларускай Каталіцкай Місіі ў Вялікай Брытаніі. Цяперашні пачэсны Рэктар Місіі ці ягоны наступнік, зможа свабодна распараджацца гэтым домам паводле патрэбаў Місіі»143. Але ж рэктарам Місіі заўсёды меў быць марыянін... Нават не дапушчалася магчымасьць, што аднаго дня ў Лёндане можа не застацца ніводнага беларускага марыяніна або што рэктарам можа быць сьвятар не-марыянін. Дый факт, што адзін з дамоў прызначаўся для матар’яльнага забясьпечаньня марыянаў, між тым як сама Місія i сьвятары не-марыяне нічога не атрымлівалі, ня мог служыць базаю мірнага і плённага супрацоўніцтва.
Празь дзевяць гадоў, 22 кастрычніка 1977 году, біскуп Сіповіч напісаў свой “тэстамэнт”, у якім паўтарыў свае ранейшыя распараджэньні наконт дамоў. Яны не належалі яму асабіста, таму “тэстамэнт” ня меў юрыдычнай моцы i мог толькі выказваць ягоныя асабістыя пажаданьні. А яны не зьмяніліся, нягледзячы на зусім інакшыя вонкавыя абставіны.
У 1977 годзе было зразумела, што беларускія марыяне ў Лёндане ня маюць будучыні. Айцец Падзява памёр у 1975 годзе; праз два гады, у ліпені 1977 году, у Парыжы памёр айцец Гарошка. Засталіся 64-гадовы практычна сьляпы айцец Журня i айцец Германовіч, якому мінула 87 гадоў. Біскуп прыняў кандыдатам у марыяны аднаго немца, які спрабаваў шчасьця ўжо ў дзьвюх духоўных сэмінарыях. Гэты вельмі сымпатычны малады чалавек, які хварэў на алергію да працы, доўга не затрымаўся. Прыехаў таксама з Польшчы малады марыянін рымскага абраду Антон Лось (пляменьнік старэйшага Антона Лося, якога некалі біскуп Сіповіч стараўся сьцягнуць на Захад). Айцец Антон добра размаўляў па-беларуску, але заявіў, што ён паляк i не зацікаўлены працаваць сярод беларусаў, дый яшчэ i ва ўсходнім абрадзе. Неўзабаве i ён пайшоў, куды яго вяло сэрца, – у кляштар польскіх марыянаў. Але калі б гэтыя двое засталіся ў Марыян Гаўз, ці была б гэта тая “Новая Друя”, пра якую марыў біскуп Сіповіч?
Мэта Царквы – пашыраць Валадарства Божае сярод людзей. Гэта не азначае, што ейныя прадстаўнікі дасьведчаныя ва ўсіх людзкіх справах або што яны вольныя ад абавязку трымацца тых агульных законаў i правілаў, якімі кіруецца грамадзтва. Калі б царкоўныя ўлады памяталі пра гэта, можна было б пазьбегнуць шмат якіх непаразуменьняў. Што да біскупа Сіповіча, то, не сумняваючыся ў ягоных добрых намерах, нельга аднак пазбыцца ўражаньня, што яму часам пайшла б на карысьць парада добрага юрыста. Застаецца яшчэ адна акалічнасьць – сакрэтнасьць. Кожная арганізацыя ці ўстанова мае свае нутраныя сакрэты. Аднак нельга трымаць у сакрэце пастановы, якія наўпрост закранаюць інтарэсы іншых асобаў, бо гэта можа прывесьці толькі да нездаровых падазрэньняў i недаверу.
Раздзел: Экумэнізм па-беларуску
У 1969 годзе біскуп Сіповіч вярнуўся “дамоў” у Лёндан, дзе 22 гады раней пачынаў сваю пастырскую дзейнасьць. Вольны ад абавязкаў генэрала марыянаў, ён мог прысьвяціць больш часу беларускім справам, царкоўным i грамадзкім.
Марыян Гаўз з двума іншымі дамамі i Бібліятэкай Ф. Скарыны стаў значным беларускім рэлігійна-культурным цэнтрам, вядомым далёка за межамі Англіі. Там месьцілася капліца сьв. Пятра i Паўла, дзе праходзілі рэгулярныя штодзённыя багаслужбы i малітвы, рэдакцыя часопісу Божым шляхам i інтэрнат для беларускіх хлапцоў. Вялікая заля ў Доме сьв. Пятра на 39 Гольдэн Роўд была месцам культурных i грамадзкіх імпрэзаў. Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі праводзіла там свае зборкі; Англа-Беларускае Таварыства ладзіла свае гадавыя курсы лекцыяў па беларускай культуры. Ладзіліся i адмысловыя падзеі, як, напрыклад, вечар паэзіі Янкі Купалы i Якуба Коласа ў ангельскім перакладзе Веры Рыч увосень 1972 году, канфэрэнцыя пра сярэднявечную культуру Ўсходняй Эўропы ў сакавіку 1976 году ці прэзэнтацыя кнігі праф. МакМіліна Гісторыя беларускай літаратуры ў траўні 1977 году. Бібліятэка прыцягвала славістаў з усяго сьвету, ня кажучы пра літаральна сотні беларускіх наведнікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.