2007-12-01 08:56:51

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Як ужо гаварылася вышэй, айцец Журня прыехаў y Лёндан y 1966 годзе, a Падзява – на тры гады пазьней. Такім чынам, y другой палове 1969 году ў Марыян Гаўз жылі, апрача біскупа, чатыры айцы марыяне i два законныя браты. Гэта быў пэрыяд найвышэйшага росквіту “Новай Друі”. Пасьля пачаўся працэс павольнага, але непазьбежнага заняпаду.
Будучыня “Новай Друі” ў Марыян Гаўз ад самага пачатку выглядала няпэўна, бо ня склалася адпаведных умоваў для ейнага нармальнага існаваньня i разьвіцьця. Перадусім не было свайго асяродзьдзя, зь якога маглі б прыходзіць новыя кандыдаты. Марыян Гаўз ня мог таксама існаваць без матар’яльнай дапамогі звонку. Пытаньне новых пакліканьняў, на жаль, да канца засталося нявырашаным, a справу матар’яльнай базы для Марыян Гаўз біскуп Сіповіч разьвязаў па-свойму.
Усходняя Кангрэгацыя дала ў 1960 годзе біскупу Сіповічу як апостальскаму візытатару для беларусаў 10 тысяч фунтаў на куплю дому на 41 Гольдэн Роўд пад інтэрнат сьв. Кірылы Тураўскага. Пра гэта біскуп пісаў 20 кастрычніка 1960 году архібіскупу Ўэстмінстэрскаму кардыналу Годфрэю: «Дзейнасьць Беларускай Каталіцкай Місіі паволі разрастаецца, i цяпер, каб задаволіць новыя патрэбы, зьявілася неабходнасьць купіць другі дом... Мы ўжо знайшлі адпаведны дом, што знаходзіцца на 41 Гольдэн Роўд N.12, насупраць Марыян Гаўз»137. Праз два месяцы, 20 сьнежня Сіповіч зноў пісаў кардыналу: «Далучаю копію ліста Ўсходняй Кангрэгацыі да мяне датычна дому на 41 Гольдэн Роўд, Лёндан N.12, які, з вашай дапамогай, Беларуская Каталіцкая Місія купляе на інтэрнат для беларускіх дзяцей»138.
Такім чынам, дом на 41 Гольдэн Роўд не належаў марыянам. Гэта ясна адзначыў таксама іхны генэрал айцец Шкутанс y пратаколе кананічнай візытацыі ў жніўні 1962 году, дзе сказана, што «Інтэрнат i дом, што знаходзіцца на вуліцы Гольдэн Роўд 41 – уласнасьць С. Кангрэгацыі для Ўсходніх Цэркваў, дадзены для ўжытку беларускіх айцоў марыянаў»139. Гэтае апошняе цьверджаньне не зусім адпавядае праўдзе, бо дом даваўся не “для ўжытку... айцоў марыянаў”, a для Беларускай Каталіцкай Місіі. У сакавіку 1965 году біскуп Сіповіч, ужо як генэрал марыянскага закону, праводзіў кананічную візытацыю Марыян Гаўз. У пратаколе візытацыі за 27 сакавіка 1965 году ён напісаў даслоўна: «Інтэрнат для хлапцоў знаходзіцца ў двух асобных дамах, 39 i 41 Гольдэн Роўд N.12, недалёка ад Марыян Гаўз... Абодва дамы былі купленыя за грошы сабраныя або пазычаныя ніжэй падпісаным (г. зн. Сіповічам. – А.Н). Гэтыя грошы не належаць марыянам (вылучана мною. – А.Н.), але былі дадзеныя ў распараджэньне ніжэй падпісанаму як Візытатару для беларусаў. Таму абодва дамы, дзе цяпер жывуць i ўзгадоўваюцца беларускія хлопцы, ня ёсьць уласнасьць марыянаў (вылучана мною. – А.Н.), хоць могуць служыць для пашырэньня марыянскай дзейнасьці»140. Тут усё ясна сказана, з той толькі заўвагай, што грошы на куплю дому 41 Гольдэн Роўд былі не “сабраныя ці пазычаныя”, а дадзеныя Ўсходняй Кангрэгацыяй.
Наступная кананічная візытацыя, праведзеная таксама біскупам Сіповічам, адбылася ў сакавіку 1968 году. Сярод “дэкрэтаў” у пратаколе візытацыі ёсьць наступны: «Разважыўшы ўсё i спытаўшыся рады ў зацікаўленых асобаў, пастанаўляю i вырашаю, што дом, які носіць імя сьвятога Кірылы Тураўскага на 41 Гольдэн Авэню (памылка: трэба было “Роўд”. – А.Н.), Фінчлей, Лёндан N.12, разам з агародам, гаражом i мэблямі, якія там ёсьць i якія могуць быць набытыя ў будучыні, ёсьць уласнасьцю беларускіх марыянаў (вылучана мною. – А.Н.), роўна як i “Марыян Гаўз”, з усімі юрыдычнымі і практычнымі наступствамі»141.
Пратакол, у якім знаходзіцца гэты “дэкрэт”, мае тытул “Visitatio canonica Domus Londinensis II (Alboruthenae), Marian House, Holden Avenue, London N.12, diebus 2–7 Martii 1968 peracta” (Кананічная візытацыя Лёнданскага Дому II [беларускага], Марыян Гаўз, Гольдэн Авэню, Лёндан N.12, праведзеная ў днях 2–7 сакавіка 1968 году). Унізе подпіс “Ceslaus Sipovic, Eppus tit. Mariamitanus, Superior Generalis” i круглая пячатка “Superior Generalis CC. RR. Marianorum”. Такім чынам генэрал закону марыянаў “аддаў” марыянам дом, набыты апостальскім візытатарам для беларусаў на патрэбы Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Toe, што генэрал марыянаў быў адначасова візытатарам для беларусаў, не мяняе сутнасьці справы i толькі паказвае на небясьпеку спалучэньня дзьвюх розных функцыяў у адной асобе. У тым “дэкрэце” біскуп Сіповіч дае юрыдычнае абгрунтаваньне сваёй пастановы: «Я раблю гэтую пастанову на аснове наступнага ліста Пачэснага Спадара А. Рывэрса, фінансавага сакратара Ўэстмінстэрскай Архідыяцэзіі, да мяне ад 11 верасьня 1963 году, у якім ён кажа: “Афіцыйна пацьвярджаю, што Дом сьв. Кірылы, 41 Гольдэн Роўд, Фінчлей N.12, які Вы купілі i за які заплацілі ў студзені 1961 г., зарэгістраваны на імя Ўэстмінстэрскай Рыма-Каталіцкай Дыяцэзіяльнай Даверчай Рады. Гэта наша Дыяцэзальная Даверчая Карпарацыя, упаўнаважаная дзейнічаць як юрыдычная давераная асоба ад імя якой-колечы дабрачыннай арганізацыі ці ўстановы. Яна захоўвае маёмасьць ад Вашага імя i ў кожную хвіліну, згодна з Вашымі інструкцыямі, перадасьць яе таму, каму Вы загадаеце...”»142
Дыяцэзіяльная даверчая рада – гэта ўстанова, на імя якой рэгіструецца ўся маёмасьць каталіцкіх арганізацыяў, установаў i фондаў у дыяцэзіі. Яна дзейнічае не ад свайго імя, a згодна з інструкцыямі ўласьнікаў. У гэтым сэнсе яна падобная да банку, які распараджаецца грашыма сваіх кліентаў згодна зь іхнымі інструкцыямі. Такім чынам, ліст каноніка Рывэрса да біскупа Сіповіча ня розьніцца ад ліста дырэктара банку, які дзякуе кліенту за тое, што той адкрыў рахунак у ягоным банку, i чакае ягоных далейшых інструкцыяў. Ліст мае на ўвазе, што кліент – законны ўласьнік. У ніякім выпадку ён ня можа служыць як юрыдычнае пацьверджаньне ўласнасьці.








All the contents on this site are copyrighted ©.