2007-11-29 16:15:14

Прыйшло паведамленне, што на сходзе айцоў-дэканаў Беларускай праваслаўнай Царквы аб'яўлена аб стварэнні Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі .


Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт старшынстваваў на сходзе, які адбыўся ў Мінскім епархіяльным упраўленні. Кіраўніком новага Аддзела прызначаны клірык Свята-Духава кафедральнага Сабора іярэй Аляксандр Шымбалёў. Спадар Аляксандр з'яўляецца старэйшым выкладчыкам Белдзяржпедагагічнага універсітэта, аўтарам падручніка па астраноміі для 11 класаў. Ягонаму аддзелу даручаныя клопаты аб нядзельных царкоўных школах і іншых структурах для моладзі, вылучэнне ініцыятываў адукацыйнага характару. Прысутным на сходзе даклалі аб падпісанні Дэклярацыі хрысціянскіх канфесій Беларусі па супрацьдзеянні распаўсюджанню СНІДу, што адбылася 27 лістапада ў Прэзідыўме АН РБ.
Былі таксама разгледжаныя цяжкасці і праблемы святых айцоў у акармленні паствы і наогул прыхадскім жыцці.
Ганаровым госцем праваслаўнага сходу быў начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Мінскага аблвыканкама спадар Леанід Пархімовіч. Ён таксама меў слова: расказаў пра духоўна-асветніцкую сумесную праграму "Сям'я Беларусі" і яе ажыццяўленні пры актыўным ўдзеле Беларускай праваслаўнай Царквы на прыкладзе Слуцка.







All the contents on this site are copyrighted ©.