2007-11-24 09:00:43

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


“Марыянскі аспэкт”, калі ён меў нейкі сэнс, мог азначаць толькі адно: жаданьне марыянаў утрымаць Беларускую Каталіцкую Місію ў Англіі ў сваіх руках. Гэта стасавалася з думкамі біскупа Сіповіча і зь ягонай ідэяй “Новай Друі”. Аднак ён ніколі не забываўся i пра “беларускі аспэкт”, які для Сельскага i яму падобных быў пустым гукам. 19 лютага 1977 году Сельскі, наведаўшы Бібліятэку Ф. Скарыны, пакінуў такі запіс у кнізе наведнікаў: «May God bless the work of Marian Fathers and this apostolate among the White Russian people» (Хай Бог блаславіць працу айцоў марыянаў i гэтае апостальства сярод беларускага люду). Як кажуць, далейшыя камэнтары лішнія.
“Новая Друя” мела патрэбу ў беларускіх сьвятарах-марыянах. A ix на Захадзе не было. На пакліканьні сярод моладзі разьлічваць не даводзілася. Заставаліся колішнія друйскія марыяне ў Польшчы. Ад старэйшых айцоў, бадай, не выпадала чакаць нейкай дапамогі. Дашута пісаў Сіповічу 17 ліпеня 1961 году: «Сяджу тут з Казюком (Смулькам. – А.Н) і збліжаемся да прыстані, гдзе спаткаемся з нашымі айцамі, Андрэем i Фабіянам (Цікотам i Абрантовічам. – А.Н.). Старасьць i недамаганьне што раз лепей даецца адчуваць. Але я яшчэ трымаюся, a вось а. Казімір ледзь дзержыцца. З трудом перасоўваецца na пакоі i сьв. Службу спраўляець седзячы ды па амацку (вобмацкам. – А.Н.). Трэба яму памагаць». Ім было маркотна, што цяпер, калі ўзьнікла магчымасьць зноў працаваць сярод беларусаў, яны нічым не маглі дапамагчы. Той самы Дашута пісаў біскупу Сіповічу 15 ліпеня 1963 году: «Жутка нам, што ня можам працаваць сярод сваіх i вам памагаць, але затое працуем цэлай душой для нашых братоў поль(скіх)».
З “малодшымі” друйскімі айцамі паўставалі свае цяжкасьці. Справа прыезду Антона Лося, пра якога так шмат гаварылі раней, неяк зусім заглухла. Дашута ў згаданым лісьце пісаў: «На Антоняга не надзейцеся, каб да вас прыехаў, бо папсуў сам сабе». Цяжка сказаць, што гэта мела значыць, але вядома, што Лося разглядалі як кандыдата на вышэйшыя пасады ў марыянскай польскай правінцыі. Дый сам ён ня рваўся на Захад. У лісьце за 5 чэрвеня 1969 году ён пісаў біскупу Сіповічу, што жадаў бы прысьвяціць рэшту свайго жыцьця працы «сярод братоў на ўсходзе» (wśród braci na wschodzie) i што «было б карысна выехаць заграніцу, каб набыць шырэйшы погляд, але ніколі да працы» (korzystnie byłoby wyjechać zagranicę, aby nabrać szerszego spojrzenia – ale nigdy do pracy).
Нечаканасьцю для біскупа Сіповіча стаўся ліст за 10 сьнежня 1961 году айца Францішка Апячонка з Варшавы. Пасьля прыкрага абмену думкамі ў 1957 годзе Сіповіч не спадзяваўся, што той калі-небудзь яму напіша. Але тады Апячонак ня ведаў, што праз тры гады Сіповіч будзе біскупам, зь якім лепш жыць у згодзе. Ён пісаў: «Пра ліст, які я некалі пісаў да Вашай Эксцэленцыі з Скурца, таксама заўсёды памятаю. Прашу прабачыць мне. Я пісаў глупствы. Вашая Эксцэленцыя ў ніякай меры не заслугоўвае таго, што я там пісаў... У кожным выпадку, мне сорамна за той ліст, перапрашаю за прыкрасьць i прашу забыцца пра яго»135. Безумоўна, такое публічнае “вызнаньне грахоў” сталася невыпадковым. Далей Апячонак пісаў: «А цяпер просьба: каб Эксцэленцыя дапамог нам выбрацца адсюль. Прынамсі нам, беларусам. Мы тут задыхаемся. Ня маем чаго рабіць... Я ахвотна дапамог бы вам у вашай працы. Стварылі б мы другую Друю»136.
Сіповіч адказаў 10 лютага 1962 году: «Вітаю тваю думку аб стварэньні новай Друі. Заўважу толькі, што яна крыху спозьненая. Пачатак той Друі ўжо існуе, i каб ты адгукнуўся тады, калі я да цябе напісаў першы раз, то сяньня справа выглядала б інакш. Нягледзячы на ўсё, будзем рабіць паводле пасловіцы: “Лепш позна, чым ніколі”... Цяпер дазволю табе зьвярнуць увагу на адно: каб ты безадкладна заняўся сваёй роднай мовай, літаратурай, гісторыяй. Беларусы ж не бушмэны ці іншыя паўдзікія, да каторых, аднак, калі едзецца на працу, дык у першую чаргу вывучаецца іхнюю мову, абычаі etc. Калі маеш запраўды добрую волю працаваць сярод сваіх суродзічаў, дык падгатоўся да гэтага. Беларусы на чужыне маюць зарганізаванае жыцьцё як кожны іншы культурны народ: свае арганізацыі, свае школы, свае цэрквы i касьцёлы».
Апячонак, відаць, не чакаў такога адказу. 24 сакавіка ён пісаў Сіповічу: «Ліст Эксцэленцыі такі паважны, што па прачытаньні мяне аж дрыжыкі схапілі (po przeczytaniu go aż mnie ciarki obleciały). Вашая Эксцэленцыя кажа мне вывучаць мову, літаратуру, звычаі i г. д. беларускага народу... Баюся, каб не прыйшлося Вашай Эксцэленцыі расчаравацца ў сваіх спадзяваньнях. З моваю, спадзяюся, ня буду мець большых цяжкасьцяў, але ўсё іншае, дык яно хіба ўжо не для мяне... Нягледзячы на ўсё аднак пасьля сьвятаў зьбіраюся ў Варшаву i буду шукаць беларускія газэты i кнігі».
Цяжка сказаць, ці Апячонак сапраўды ўзяўся за вывучэньне беларускае мовы, ня кажучы пра літаратуру й гісторыю, бо ўсе лісты да Сіповіча пісаў па-польску. Сам Сіповіч прасіў свайго брата Петруся, які жыў у Польшчы, 10 сьнежня 1962 году: «Перадай залучаны тут ліст а. Франуку (Апячонку. – А.Н.). Я вельмі цешуся, што ён надумаўся напісаць гэтакі ліст, але калі ён сапраўды мае добрую волю, дык ён усюды можа быць са сваімі. Стыдна мне за яго, што ён ня ўмее склеіць нават аднаго сказу ў сваёй роднай мове». Таму, магчыма, не вялікая шкода, што ўсе ягоныя стараньні прыехаць y Лёндан засталіся бяз вынікаў.
Калі айцец Апячонак сам прасіўся ў Англію, дык айцоў Тамаша Падзяву i Фэлікса Журню хацелі бачыць айцец Германовіч i біскуп Сіповіч. Але й іхны прыезд напаткаў вялікія цяжкасьці з боку як дзяржаўных, так i духоўных уладаў. Айцу Журню двойчы адмовілі ў замежным пашпарце, i ён пастанавіў ужо болей не старацца. Айцец Гарошка неяк даведаўся ад тых, што прыяжджалі з Польшчы, што для атрыманьня пашпарту важныя, як ён пісаў біскупу Сіповічу 6 лістапада 1962 году, «не дакумэнты, якія ім высылалі адгэтуль, але спрытныя людзі ў міністэрствах, якія дзейнічалі, атрымаўшы паважнае “куку ў руку”». Пасьля айцец Германовіч любіў казаць, што айца Журню “купілі” ад палякаў. Паўставалі таксама i нутраныя цяжкасьці. Айцец Дашута пісаў біскупу Сіповічу на Каляды 1962 году: «Нам здаецца, што вашы запросіны нашых айцоў нічога тут не памогуць, a нават зашкодзяць. Такі ўжо тут клімат y адносінах да вашай працы». 15 ліпеня 1963 году ён зноў пісаў: «Фаму i Фэлька (Падзяву i Журню. – А.Н.) тож ня пусьцяць: думаю, што даведаліся чаму».








All the contents on this site are copyrighted ©.