2007-11-22 13:52:48

Мітрапаліта Кандрусевіча прыняў Дзяржсакратар Ватыкана


20 лістапада 2007 г. арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч быў прыняты Дзяржаўным Сакратаром Ватыкана кардыналам Тарчызіо Бэртонэ.
Тадэвуш Кандрусевіч інфармаваў кардынала Бэртонэ пра тое, што 10 лістапада ў мінскім архікатэдральным касцёле адбылося яго кананічнае ўступленне на пасаду арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага (інгрэс). Мітрапаліт падкрэсліў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні інгрэсу святароў, законнікаў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў як сведчанне таго, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі жыве і дынамічна развіваецца. Арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў кардыналу Бэртонэ пра саму ўрачыстасць інгрэсу, пра ўдзел у ёй біскупаў з розных краінаў, святароў, законнікаў, кансэкраваных асобаў, шматлікіх вернікаў з усёй Беларусі, прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы і дзяржаўных уладаў, палітыкаў, дыпламатаў, а таксама пра віншаванне, дасланае Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам як сведчанне асаблівай увагі да жыцця Каталіцкага Касцёла ў краіне. Пры гэтым ён адзначыў, што гэтая падзея выклікала вялікую зацікаўленасць журналістаў і шырока асвятлялася ў афіцыйных і незалежных сродках масавай інфармацыі як з Беларусі, так і з-за мяжы.
Кардынал Бэртонэ з удзячнасцю і задавальненнем выслухаў гэтае паведамленне. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч абмеркаваў з Дзяржсакратаром Ватыкана таксама актуальную сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і яго надзённыя праблемы. Кардынал Бэртонэ выказаў вялікую зацікаўленасць жыццём і дзейнасцю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, яго праблемамі і тым, што робіцца для іх вырашэння. Ён таксама выказаў спадзяванне на далейшае развіццё ўзаемадзеяння з грамадствам і дзяржавай у вырашэнні актуальных праблемаў.
Арцыбіскуп Кандрусевіч паінфармаваў, што ў першай палове будучага года плануецца візіт кардынала Бэртонэ ў Беларусь. Ён выказаў спадзяванне на тое, што візіт «другой асобы» Горада Дзяржавы Ватыкан у Рэспубліку Беларусь стане значнай падзеяй у жыцці Каталіцкага Касцёла на Беларусі, паспрыяе вырашэнню яго праблемаў, развіццю дыялога з грамадствам і дзяржавай, а таксама — што вельмі важна — з Праваслаўнаю Царквою
Паводле Catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.