2007-11-17 09:16:40

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Бібліятэка атрымала ў падарунак шмат рукапісаў (аўтографаў) твораў вялікіх беларускіх паэтаў i пісьменьнікаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага, Ларысы Геніюш ды іншых, у тым ліку аўтограф славутай паэмы Янкі Купалы Курган.
Біскуп Сіповіч разумеў каштоўнасьць архіўных дакумэнтаў для гісторыі, як палітычнай, так царкоўнай i культурнай. Ён увесь час заахвочваў асобаў i арганізацыі перадаваць свае архівы ў бібліятэку. Таму архіўныя фонды Бібліятэкі імя Скарыны даволі вялікія i яшчэ чакаюць сваіх дасьледчыкаў. Найстарэйшы дакумэнт у бібліятэцы, пісаны беларускай моваю, паходзіць з канца XV стагодзьдзя. Асабліва багатыя царкоўныя архівы пачынаючы з ХVІІІ стагодзьдзя. Ёсьць шмат дакумэнтаў з гісторыі Царквы ў Заходняй Беларусі за пэрыяд 1918–1939 гадоў. Тут знаходзяцца таксама архівы беларускіх сьвятароў, aа. Германовіча, Гарошкі, Падзявы, Татарыновіча, Салаўя, Францішка Чарняўскага ды іншых. Свае прыватныя архівы перадаў у бібліятэку і біскуп Сіповіч, паказваючы такім чынам, што ён жадае, каб яны сталіся часткаю беларускай гістарычнай спадчыны.
У музэі зьвяртаюць на сябе ўвагу два слуцкія паясы, абодва набытыя біскупам Сіповічам, а таксама невялікая калекцыя грошай Вялікага Княства Літоўскага з ХV–ХVІІ стагодзьдзяў. Некаторыя экспанаты мелі цікавую гісторыю перад тым, як трапілі ў музэй. Напрыклад, фігуру ўкрыжаванага Хрыста, цікавы прыклад беларускага народнага рэлігійнага мастацтва, даслаў адзін нямецкі каталіцкі сьвятар. У часе вайны ён, капэлян нямецкай арміі, быў у Беларусі і знайшоў гэтую фігуру на вуліцы ў Менску, куды яе, напэўна, выкінулі з музэю. Ён перахоўваў яе шмат гадоў. Даведаўшыся пра беларускага біскупа, перадаў яе яму, бо, як патлумачыў у лісьце, гэтая сьвятыня належыць беларускаму народу.
Біскуп Сіповіч заўсёды паўтараў, што бібліятэка – уласнасьць усяго беларускага народу. Таму дзякуючы ягоным намаганьням у 1979 годзе яна атрымала статус дабрачынна-навуковай установы, якой кіруе бібліятэчная Рада. У Раду ўваходзяць, апрача беларусаў, ангельскія навукоўцы, якія займаюцца беларусістыкай. Ha жаданьне біскупа Сіповіча ў Раду ўвайшоў таксама сьвятар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцец Ян Пякарскі.
Ha другі дзень пасьля адкрыцьця бібліятэкі біскуп Сіповіч адзначыў у сваім дзёньніку: «Усе здаволеныя, бо Бог у сваёй дабраце дапамог нам асягнуць вялікую справу: заснаваць сваю Бібліятэку i Музэй. Гэта ёсьць неабходным, каб нас зналі i цанілі, дый каб мы пазналі самі собскую гісторыю, мову, мастацтва i г. д. Беларускае дрэва, каб дало плады, павінна запусьціць глыбокія карэньні. Рознага роду дробненькія маніфэстацыі, рататарныя друкі, гура-патрыятычная шуміха пройдуць з першым подыхам ветру, аб ix хутка ўсе забудуцца. Таму, нягледзячы на ўсякага роду цяжкасьці, нам трэба будаваць трывалкі дом усенародны. Божа, памагай i надалей!»
Апошнія дзесяць гадоў жыцьця біскупа Сіповіча ягоны стан здароўя ўсё пагаршаўся. Ён таксама бачыў, як многія ягоныя праекты i мары сканчаліся няўдачай: адыходзілі да вечнага жыцьця беларускія сьвятары, i не заставалася каму ix замяніць; спроба ўсталяваць апостальскую адміністратуру ў Беларусі скончылася нічым; ня споўнілася мара пра “Новую Друю” у Лёндане. У гэтых абставінах Бібліятэка i Музэй імя Францішка Скарыны была вялікай удачай, i таму яна рабілася яму ўсё даражэйшай. Біскуп зрабіў сабе працоўны пакой у бібліятэцы i праводзіў там увесь час, вольны ад іншых заняткаў. Больш за ўсё ён радаваўся, калі мог з гонарам паказваць наведнікам скарбы беларускай культуры, што захоўваліся ў бібліятэцы.
З усіх праектаў i пачынаньняў біскупа Сіповіча Бібліятэка імя Францішка Скарыны сталася найбольш трывалай i даўгавечнай. Яна й цяпер стаіць як помнік любові аднаго чалавека да свайго народу i Бацькаўшчыны – любові, якую не змаглі зьнішчыць ці аслабіць гады жыцьця на чужыне.
Раздзел: Справы марыянскія ды іншыя
Як ужо згадвалася вышэй, у Марыян Гаўз месьціліся дзьве ўстановы. Адна зь ix – законны дом (кляштар) беларускіх марыянаў. Яго заснаваў у чэрвені 1962 году генэрал марыянаў з дазволу пантыфіка i згоды архібіскупа Ўэстмінстэрскага. Ад імя Апостальскага Пасаду дазвол дала Кангрэгацыя для Ўсходніх Цэркваў, бо кляштар меў быць усходняга абраду. Першым супэрыёрам стаў айцец Гарошка, а пасьля ягонага выезду ў Парыж – айцец Германовіч. Апрача іх, пры кляштары жылі таксама айцы марыяне Тамаш Падзява i Фэлікс Журня, хоць апошні належаў да рымскага (лацінскага) абраду.
Другая ўстанова – Беларуская Каталіцкая Місія бізантыйскага абраду. Яе заснавала ў 1947 годзе Ўсходняя Кангрэгацыя. Першым рэктарам Місіі стаў айцец Сіповіч, а пасьля таго, як ён атрымаў біскупскую годнасьць, – айцец Гарошка. Да Місіі належалі таксама сьвятары не-марыяне – айцы Надсан i Тамушанскі. Айцец Журня, як “лаціньнік”, да Місіі ня меў дачыненьня.
Пасьля 1970 году абавязкі рэктара Місіі выконваў біскуп Сіповіч, а ягоным намесьнікам быў айцец Надсан.
Дзьве ўстановы, хоць i розныя, цесна супрацоўнічалі між сабою. Звычайна супрацоўніцтва ладзілася, хоць адчувалася, што марыяне, калі б маглі, хацелі б мець усё ў сваіх руках. У 1962 годзе генэрал марыянаў Станіслаў Шкутанс выказаўся датычна інтэрнату для хлопцаў, што было б лепей, каб марыяне кіравалі ім ня толькі фармальна, але й на справе. Гэтыя словы паўтарыў біскуп Сіповіч у 1965 годзе пад час сваёй візытацыі. У 1971 годзе ягоны наступнік Я. Сельскі (паляк ці польскі амэрыканец) удакладніў: «Дзеля гэтага патрэбны прынамсі яшчэ адзін малодшы марыянін». У 1974 годзе Сельскі ў сваёй справаздачы зь візытацыі пісаў: «Пытаньне будучыні “марыянскага” аспэкту гэтай Місіі i розных формаў ейнага апасталяту выклікае трывогу»134.
Між іншага, калі яшчэ ў 1962 годзе ў сваёй справаздачы Шкутанс пісаў, што а. Надсан “прызначаны (addictus) для Беларускай Місіі”, для Сельскага два не-марыянскія сьвятары, Надсан i Тамушанскі, былі “прыпісаныя да Лёнданскага Дому II” (Domui Londinensi II adscripti). Праўда, гэтыя айцы нічога ня ведалі аб іхнай “прыпісцы” ў марыянскім доме – неістотна, які яго нумар, – i ў сваёй наіўнасьці шчыра верылі, што яны сьвятары Беларускай Каталіцкай Місіі. Узьнікла даволі далікатная сытуацыя, калі Сельскі захацеў “візытаваць” айцоў не-марыянаў. Біскуп Сіповіч якісьці зьніякавелы прыйшоў да айца Надсана i сказаў, што “Айцец генэрал” хацеў бы зь ім убачыцца. Айцец Надсан з павагі да біскупа адказаў, што будзе рады прыняць генэрала, калі той прыйдзе да яго. Сустрэча адбылася ў працоўным пакоі айца Надсана. Ён прыняў генэрала ветліва, як кожнага іншага госьця, але ня больш.








All the contents on this site are copyrighted ©.