2007-11-12 09:39:45

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Усе думалі, што бібліятэкарам будзе айцец Гарошка. Але выйшла інакш. Пасьля маленькага непаразуменьня, як расставіць кніжныя паліцы, ён ня толькі адмовіўся ад бібліятэкарства, але зрокся пасады рэктара Місіі ды старэйшага марыянскага кляштару i прасіў у біскупа дазволу выехаць назад у Парыж. Справа паліцаў – дробязь, але гэты сумны выпадак паказаў, што айцец Гарошка адчуваў сябе ня вельмі шчасьлівым у Лёндане. Выдатны чалавек, бездакорны i ахвярны сьвятар, нястомны працаўнік, ён вырозьніваўся таксама вялікім індывідуалізмам. Больш як дваццаць гадоў айцец Леў жыў i працаваў сам i прызвычаіўся сам разьвязваць усе пытаньні. Ягоны намер стаць марыянінам прыйшоўся неспадзяванкай для тых, хто яго ведаў. Гады, праведзеныя ў Лёндане, да якога ён так i ня змог прызвычаіцца, былі, магчыма, найменш прадуктыўнымі ў ягоным жыцьці. У красавіку 1970 году ён выехаў у Парыж, але ўжо ўлетку гэтага году стаў дырэктарам беларускіх праграмаў на Ватыканскім радыё замест айца Татарыновіча, які дасягнуў пэнсійнага веку. Можна сьмела сказаць, што пад кіраўніцтвам айца Гарошкі беларускія праграмы ўзьняліся на ровень, не перасягнуты да нашых дзён.
Пасьля выезду айца Гарошкі бібліятэкарам стаў айцец Надсан.
Рамонт i ўладкаваньне дому, а таксама перанос кнігаў з Марыян Гаўз занялі амаль год.
Нарэшце ў суботу 15 траўня 1971 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Беларускай Бібліятэкі i Музэю імя Францішка Скарыны. Бібліятэку адкрыў прафэсар параўнаўчай славянскай філялёгіі Оксфардзкага Ўнівэрсытэту Робэрт Оты (Robert Auty), а пасьвяціў яе архібіскуп Дамэніко Энрычы, апостальскі дэлегат у Вялікай Брытаніі. На адкрыцьцё сабраліся Экзарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Англіі біскуп Аўгустын Горняк, сьвятар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцец Ян Абабурка, намесьнік мэра Фінчлей, брытанскія вучоныя-славісты, сябры брытанскага парлямэнту, а таксама прадстаўнікі ўкраінцаў, палякаў, славакаў i інш., ня кажучы пра вялікую колькасьць беларусаў з Англіі, Францыі, Нямеччыны i Канады.
Наступнага дня, у нядзелю 16 траўня, у капліцы сьв. Пятра i Паўла ў Марыян Гаўз прайшла ўрачыстая Літургія. Біскуп Сіповіч напісаў у сваім дзёньніку: «Сьвятая літургія ў капліцы ў Марыян Гаўз. Шмат народу. Прысутныя такжа а. Абабурка i яго жонка. Даю яму асобнае мейсца, але ён жадае “быць з людзьмі” i сьпяваць з хорам. Адчуваецца маліцьвенны глыбокі настрой. Падсьведама кожны з прысутных разумее, як вялікай справай была б для беларусаў рэлігійная еднасьць! У казаньні зьвяртаю ўвагу на вялікія постаці з гісторыі Беларусі, a перадусім на Францішка Скарыну».
Адкрыцьцё Бібліятэкі імя Францішка Скарыны было сапраўдным сьвятам беларускай культуры, а таксама вялікім дасягненьнем яе галоўнага заснавальніка – біскупа Сіповіча. Але праца яшчэ толькі пачыналася.
Бібліятэка мела дзьве галоўныя мэты: 1) сабраць i захаваць усе магчымыя пісьмовыя матар’ялы пра Беларусь, асабліва тыя, што знаходзяцца ў прыватных руках на чужыне, каб ня даць ім загінуць; 2) зрабіць дасяжнымі гэтыя матар’ялы для тых, хто цікавіцца Беларусьсю, іншымі словамі, стаць “вакном беларускай культуры на Захад”.
Можа, пачатковыя фонды бібліятэкі і здаваліся вялікімі, але людзі абазнаныя ўсьведамлялі, што багата якіх асноўных працаў пра Беларусь не ставала. Пачаліся стараньні, каб запоўніць гэтыя “дзіркі”. Параўнаўча лёгка было знайсьці сучасныя выданьні. Усе кніжныя выдавецтвы ў Савецкай Беларусі належалі дзяржаве, i іхныя выданьні замаўляліся праз кніжныя агенцтвы ў заходніх краінах. Каштавалі яны даволі дорага, i ніколі не было пэўнасьці, што замовы поўнасьцю выканаюць. Бібліятэка імя Францішка Скарыны спрабавала наладзіць непасрэдную сувязь зь бібліятэкамі ў Беларусі i прапанаваць ім кнігаабмен. Некаторыя згадзіліся. Асабліва плённым атрымалася супрацоўніцтва зь Бібліятэкай Акадэміі навук у Менску. Дзякуючы яму Бібліятэка Скарыны атрымала разам з новымі кнігамі даволі шмат ранейшых выданьняў, што ўжо не трапляліся ў продажы. Наўзамен пасылалі ў Менск эміграцыйныя выданьні, якіх нельга было здабыць у савецкай Беларусі. Гэтак утварылася маленькая шчыліна ў “жалезнай заслоне”. Шмат кніжак прыслаў у бібліятэку айцец Уладыслаў Чарняўскі. Звычайна ён адпраўляў свае пакункі зь Вільні – там правяралі ня так строга, як у Менску.
Каб набыць выданьні XIX i пачатку XX стагодзьдзя, бібліятэка наладзіла сувязь з букіністычнымі кнігарнямі, якія спэцыялізаваліся на славянскіх кнігах, у Нямеччыне, Галяндыі, Францыі, Швэцыі i Злучаных Штатах Амэрыкі. Беларусь слаба ведалі на Захадзе, i таму часам шанцавала даволі танна набыць рэдкія кнігі. Напрыклад, у Нямеччыне бібліятэкар купіў Кароткую гісторыю Беларусі Ластоўскага (Вільня, 1910) за пяць нямецкіх марак (тры даляры). Другой крыніцай старых выданьняў сталі прыватныя кнігазборы беларускіх эмігрантаў у розных краінах. Пакідаючы Бацькаўшчыну, шмат хто зь ix браў з сабою беларускія кнігі. Даведаўшыся пра бібліятэку, яны, людзі ўжо немаладога веку, ахвотна аддавалі ix. Біскуп Сіповіч i айцец Надсан заўсёды памяталі пра гэта, наведваючы беларусаў у розных краінах. Шмат каштоўных кніг падаравалі ў бібліятэку праф. Антон Адамовіч зь Нью-Ёрку, пісьменьнік Юрка Віцьбіч з Саўт-Рывэр, Аўген Каханоўскі з Кліўлэнду, Чэслаў Будзька з Чыкага i a. Ян Тарасэвіч зь Ляйлю.
Найцяжэй было знайсьці старадрукі. Часам яны прадаваліся на аўкцыёнах. Так, у лютым 1972 году бібліятэка набыла кнігу Новый Завет и Псалмы куцеінскага друку 1652 году на царкоўнаславянскай мове зь беларускімі камэнтарамі на палёх, а ў чэрвені на аўкцыёне купіла рукапіс беларускага паходжаньня Архіерэйскай Боскай Літургіі на царкоўнаславянскай мове з паралельным лацінскім перакладам (таксама з 1652 году).
Пры канцы 1975 году (28 лістапада – 1 сьнежня) ў Монтэ-Карлё адбыўся вялікі аўкцыён, на якім прадаваўся фрагмэнт Скарынавай Кнігі Царстваў (Прага, 1518). Бібліятэка зьвярнулася да беларусаў Англіі з заклікам дапамагчы ёй купіць гэты фрагмэнт. Айца Надсана выправілі ў Монтэ-Карлё з загадам, каб без рарытэту не вяртаўся. У сапраўднасьці ён вярнуўся ня толькі зь ім, але й зь іншымі цікавымі старадрукамі, сярод якіх два супрасьлеўскія выданьні: Літоургікон 1695 году i Собраніе припадков 1722 году.
У 1973 годзе Леанід Галяк перадаў у бібліятэку асобнік Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 году, які ён уратаваў ад немцаў. Выехаўшы пасьля вайны ў Амэрыку, ён перахоўваў гэты каштоўны помнік беларускае культуры, пакуль не знайшоў вартай яго бібліятэкі.
Асобную групу складае даволі багатая калекцыя першых выданьняў твораў беларускіх пісьменьнікаў. Сярод ix – Вязанка Янкі Лучыны, Жалейка i Шляхам жыцьця Янкі Купалы, Вянок Максіма Багдановіча, Рунь і Дзьве душы Максіма Гарэцкага, першая рэдакцыя паэмы Сымон-музыка Якуба Коласа (1918) i шмат іншых. Ёсьць таксама першае выданьне Беларускай граматыкі Б. Тарашкевіча (1918).








All the contents on this site are copyrighted ©.