2007-11-03 09:36:54

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Біскуп Сіповіч ведаў пра сілы, якія зьбіраліся супраць яго. Але ня з гэтай прычыны ён больш не жадаў узначальваць закон марыянаў. Шэсьць гадоў ён стараўся сумясьціць два абавязкі i ўбачыў, як гэта цяжка. У дадатак пагоршылася ягонае здароўе. Таму перад ім стаяў выбар. I тут у яго не ўзьнікала ніякіх сумневаў: марыяне мелі іншых кандыдатаў на кіраўнічую пасаду, а ён быў адзіным беларускім каталіцкім біскупам. Тым ня менш наступнага дня ён ня зьняў свайго прозьвішча зь сьпісу кандыдатаў. Можа, ён хацеў адысьці з гонарам: атрымаўшы ў першым галасаваньні больш галасоў за іншых, падзякаваць за давер. Але яму не далі гэтага шанцу. У першым галасаваньні Сельскі (паляк) атрымаў 16 галасоў, Сіповіч – 13, Рымшэліс (летувіс) – 4, Жэшутэк (паляк) – 1. У другім галасаваньні Сельскі меў 17 галасоў, Рымшэліс – 9, Сіповіч – 8. Нарэшце ў трэцім галасаваньні Сельскі атрымаў 18 галасоў i стаў генэралам. Рымшэліс i Сіповіч атрымалі 12 i 4 галасы. Вышынскі i польскія камуністы маглі радавацца.
Калі Сіповічу й было прыкра, ён гэтага не паказаў. Хіба толькі праз год, калі марыянская капітула сабралася зноў, каб абмеркаваць “абнаўленьне” іхнага закону ў духу пастановаў Ватыканскага Сабору. На пачатку першага паседжаньня 22 ліпеня 1970 году, як занатаваў Сіповіч у сваім дзёньніку, «Айцец Генэрал вітае мяне i запрашае да стала старшыні. Адказваюся ад гэтага гонару i сядаю разам з а. Матулісам».
Так скончыліся шэсьць цяжкіх гадоў у жыцьці біскупа Сіповіча. Палагодзіўшы ўсе справы ў Рыме, ён вярнуўся ў Лёндан 20 жніўня 1969 году. У сваім дзёньніку ён зазначыў: «Пачынаецца новы пэрыяд у маім жыцьці. Шэсьць гадоў было дастаткова, каб крыху “адвыкнуць” ад Лёндану i розных тутэйшых клопатаў. Няхай будзе Божая воля ва ўсім! Ня ёсьць прыпадкам, што я ізноў мушу жыць з такімі, а не іншымі людзьмі. Не праз нейкую расьцярушанасьць Бог сабраў нас у гэтым доме, які я сам купляў, аднаўляў, парадкаваў!»
Раздзел: “Exegi Monumentum”
22 жніўня 1969 году з Рыму ў Лёндан прыехаў айцец Тамаш Падзява. У Рым ён трапіў з Польшчы ў студзені i застаўся там да канца марыянскай капітулы. Як сапраўдны філёзаф, а. Тамаш на дзень спазьніўся. У Флярэнцыі ён сышоў зь цягніка, i той далей пакаціў без айца Тамаша, але зь ягонымі рэчамі. Наступным цягніком ён даехаў да Балёніі, дзе дзякуючы ветлівасьці італійскай чыгункі яго чакалі ягоныя валізкі. Цягнік ішоў у Кале праз Швайцарыю. Айцец Падзява ня меў швайцарскай транзытнай візы, але на гэткія “дробязі” ён не зважаў. Прыехаў у Лёндан на станцыю Вікторыя, ня ведаючы ні слова па-ангельску. Ніхто яго не сустрэў, бо ня ведаў пра ягоны прыезд. Неяк дазваніўся ў Марыян Гаўз. Біскуп Сіповіч паехаў яго шукаць і... не знайшоў. Нарэшце прывезьлі яго ў Марыян Гаўз айцы Гарошка i Германовіч.
З прыездам айца Падзявы ў Марыян Гаўз стала, акрамя біскупа, чатыры сьвятары марыяне i два браты. Такім чынам, усё сьведчыла, што мара біскупа пра “Новую Друю” паволі набывае канкрэтную форму, калі б ня век законьнікаў: наймалодшы зь ix меў 55 гадоў.
Сьвятары-марыяне, апрача айца Журні, які трымаўся рымскага абраду, належалі да Беларускай Каталіцкай Місіі бізантыйскага абраду. У Місіі былі два сьвятары не-марыяне, айцы А. Надсан i P. Тамушанскі. Місія i законны дом (кляштар) марыянаў – дзьве розныя ўстановы, хоць яны шчыльна супрацоўнічалі між сабою. Празь іх недастатковае разьмежаваньне з часам узьніклі сур’ёзныя цяжкасьці, але спачатку ніхто не зьвяртаў на гэта асаблівай увагі.
Сьвятары Беларускай Місіі ня толькі выконвалі сьвятарскія абавязкі, займаліся інтэрнатам i часопісам Божым шляхам. Яны бралі ўдзел і ў беларускім грамадзкім жыцьці. Айцец Гарошка шмат гадоў уваходзіў ва ўправу Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі i Беларускага Дабрачыннага Фонду. Айцец Надсан быў сябрам рэдкалегіі англамоўнага часопісу The Journal of Byelorussian Studies i аўтарам многіх ягоных артыкулаў, а таксама рэгулярна чытаў лекцыі на Курсах беларускай культуры, якія штогод ладзіла Англа-Беларускае Таварыства.
Біскуп Сіповіч, вольны ад абавязкаў генэрала марыянскага закону, мог знайсьці час для навуковай працы. Неўзабаве ў The Journal of Byelorussian Studies зьявіліся ягоныя артыкулы з царкоўнай гісторыі ў Беларусі. Ён таксама зьбіраў матар’ялы да біяграфіі айца Цікоты.
Біскуп Сіповіч быў заўсёды вялікім кнігалюбам i на працягу свайго жыцьця здолеў сабраць багата цікавых i рэдкіх выданьняў. У 1960 годзе другі кнігалюб, а. Леў Гарошка, перавёз свае кнігі з Парыжу ў Лёндан. Такім чынам узьнікла невялікая, але вельмі вартасная бібліятэка, якая мела каля 5000 назоваў. Палову ix складалі кнігі рэлігійнага характару на розных мовах, а астатняе – кнігі беларускія або пра Беларусь. Бібліятэка сьпярша знаходзілася ў адным даволі вялікім пакоі ў Марыян Гаўз, але ўсе разумелі, што там яна заставацца ня можа i трэба знайсьці для яе адпаведнае месца, якое дазволіла б ёй расьці i павялічвацца.
Неўзабаве пасьля свайго прыезду ў Лёндан, недзе ў пачатку верасьня, на пасьляабедзенным шпацыры біскуп Сіповіч раптам сказаў: «Трэба заснаваць беларускую бібліятэку!» Такая думка ўжо раней прыходзіла шмат каму, i таму ўсе сьвятары адразу падтрымалі яе. Усе таксама аднагалосна згадзіліся, што бібліятэка павінна насіць імя беларускага першадрукара Францішка Скарыны.
Якраз у тым часе прадаваўся дом на Гольдэн Роўд пад нумарам 37, побач з нумарам 39, які ўжо належаў Місіі. Каштаваў ён як на той час даволі шмат – 12 тысячаў ангельскіх фунтаў. Давялося ўзяць пазыку. Каб сплаціць яе, усе сьвятары “ападаткаваліся”, аддаючы на бібліятэку частку ахвяраў, якія вернікі давалі ім за адпраўленьне багаслужбаў. Такім чынам, кожны зь ix ахвяраваў на працягу некалькіх гадоў блізу 2 тысяч фунтаў. Безумоўна, гэтага было мала, i таму 1 лістапада 1969 году ініцыятары зьвярнуліся да беларусаў усяго сьвету з просьбаю дапамагчы бібліятэцы. Заклік, надрукаваны ў часопісе Божым шляхам, падпісалі, акрамя біскупа Сіповіча, Абэрон Гэрбэрт, старшыня Англа-Беларускага Таварыства, i Павал Навара, старшыня Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі. Такім чынам, ад самага пачатку вызначалася, што бібліятэка будзе агульнабеларускай установаю, a ня ўласнасьцю якой-небудзь царкоўнай ці грамадзкай арганізацыі.
12 лютага 1970 году біскуп Сіповіч атрымаў ключы ад дому. 15 лютага пасьля Літургіі лёнданскія беларусы зладзілі “ўводзіны” ў бібліятэку, хоць на той час апрача голых сьценаў i непакрытай падлогі там нічога не было. Нягледзячы на такую спартанскую абстаноўку, сярод прысутных панаваў сьвяточны i радасны настрой. Айцец Гарошка зрабіў цікавы даклад пра лёс беларускіх бібліятэкаў на працягу гісторыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.