2007-10-26 09:52:51

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар І Беларус- працяг


Размова з кардыналам Вышынскім была апошняй спробаю ўратаваць праект Апостальскай Адміністратуры ў Беларусі. Біскуп Сіповіч не забыўся пра яго да канца жыцьця i рабіў, што мог, але з кожным годам станавілася ясьней, што ўсе ягоныя стараньні не даюць чаканых вынікаў. Ня месца тут шукаць вінаватых, але здаецца, што Польская Каталіцкая Царква ня можа зьняць зь сябе адказнасьці за тое, што адбылося.
Айцец Уладыслаў Чарняўскі належаў да закону марыянаў, i таму цікава, як ставіліся да ягонай дзейнасьці іншыя, асабліва польскія марыяне. Айцец Віталіс Хамёнак, апошні з “старэйшых” друйскіх айцоў, выселеных палякамі ў 1938 годзе, пісаў 10 красавіка 1969 году з Варшавы біскупу Сіповічу: «А(йца) Уладыслава ня бачыў яшчо. Тут такія адносіны да яго асобы, – ня ведаю ці адведае нас? У ягоных абставінах, лепш было б, каб ён прамаўляў двума языкамі (мовамі) i гэта падняло б выдайнасьць яго працы. Штось ня піша да мяне i я ня ведаю, ці пісаць да яго магу?» Айцу Хамёнку тады споўнілася 80 гадоў, i ён сур’ёзна хварэў. У лісьце ён выказваў ня столькі свае думкі, колькі тое, што чуў вакол сябе. Але вось праз паўгоду айцу Чарняўскаму ўдалося прыехаць у Польшчу. Два сьвятары сустрэліся, i айцу Віталісу шмат што стала ясным. Ён пісаў 20 лістапада 1969 году ў Англію нейкаму, відаць польскаму, марыяніну, які перадаў ягоны ліст біскупу Сіповічу: «Я размаўляў з айцом Уладыславам. Ён быў у мяне. Тое, што пра яго казалі, гэта былі плёткі (To, co mówiono o nim, to były plotki). Працуе так, як трэба працаваць добраму каталіцкаму сьвятару. Працы мае шмат: бо сьвятароў навокал няма. Робіць, што можа i ёсьць усім для ўсіх. Мае вельмі вялікія абмежаваньні, a дапамогі ніадкуль. Ягонае становішча вельмі цяжкае i труднае».
17 лістапада 1971 году, за месяц перад сьмерцю (ён памёр 24 сьнежня), калі айцец Хамёнак ужо ня мог сам трымаць асадку, ён папрасіў польскага марыяніна а. Прочака напісаць ад імя айца Віталіса айцу Фэліксу Журню ў Лёндан. У канцы айцец Віталіс паставіў свой подпіс, «хоць – як зазначыў сам Прочак, – усяго ліста не чытаў». У лісьце Прочак сярод іншага піша пра свае ўражаньні з паездкі ў Беларусь: «Добры гэты беларускі люд i, мусіць, – на маю думку – гэта вялікае дабрадзейства, што ня ўсё або і зусім нічога не даходзіць з-за мяжы ад суайчыньнікаў132. Я сам заўважыў i вынес уражаньне з размоваў, што старэйшае пакаленьне, якое трымаецца веры, лепш жадае маліцца па-польску, бо так яго навучылі i мае польскія малітаўнікі133. Паўстае пытаньне з моладзьдзю i дзецьмі, але ix няшмат у касьцёлах... Уладыслаў (Чарняўскі. – А.Н.) працуе вельмі ахвярна, i, магчыма, калі б яму ўдалося мець уплыў на малодшае пакаленьне, ён мог бы атрымаць высокую ацэнку пазьней у гісторыі. Але, на жаль, так бадай ня будзе. Шкада, што пры ягоных вялікіх стараньнях i ахвярнасьці ў яго няма прыроднай i надпрыроднай разважнасьці, чым ён настроіў супраць сябе частку людзей, ня кажучы пра ксяндзоў».
Айцец Журня перадаў ліст біскупу Сіповічу, а той зрабіў на ім наступную зацемку: «Ліст напісаны а. Прочакам, a падпісаны а. Віталісам. Сам а. Прочак кажа ў канцы: “choć nie czytał całego listu!” Нават паміраючы, a. Віталіс такога паклёпу на а. Уладыслава Чарняўскага не падпісаў бы!»
У першай палове 1969 году біскуп Сіповіч займаўся марыянскімі справамі, у тым ліку падрыхтоўкай да іхнай генэральнай капітулы i выбару новага генэрала (супэрыёра). Аднак перад тым, у лютым i сакавіку, ён зрабіў сваё апошняе падарожжа ў Паўднёвую Амэрыку (Бразылія i Аргентына) для візытацыі марыянскіх законных дамоў. Ён быў вельмі стомлены. Яшчэ 7 ліпеня 1968 году, пасьля візытацыі аднаго марыянскага кляштару ў Чыкага, ён пісаў: «Заканчэньне кананічнай візытацыі... Сяньняшні дзень вельмі цяжкі! Бог дае яшчэ сілы працаваць для нашага закону, але часам адчуваю, што я на мяжы маіх сілаў фізычных i духовых. У нашых дамох шмат трутняў, а сярод добрых айцоў няма культуры, энтузіязму».
21 сакавіка 1969 году, вярнуўшыся з Паўднёвай Амэрыкі, ён так закончыў свой дзёньнік падарожжа: «Надыходзіць генэральная капітула. Спадзяюся, што Бог уволіць мяне ад абавязкаў генэрала. Такжа скончацца мае падарожжы i займуся больш працай у дома».
Капітула распачала сваю працу 10 чэрвеня i доўжылася да 30 ліпеня. Выбары новага генэрала мелі адбыцца 28 ліпеня. Напярэдадні біскуп Сіповіч напісаў: «Радзяцца сябры Капітулы адносна заўтрашніх выбараў... Мая грэшная асоба не павінна ўваходзіць у нейкія разважаньні. Калі б мяне i выбралі – трэба зрачыся. Ходзяць слухі (з вуснаў а. Буковіча?), што мяне не жадаюць генэралам ані кард. Вышынскі, ані камуністычная польская партыя. Калі гэта праўда, дык вельмі ж сумна. Што я магу быць непажаданым успомненым дзейнікам – per se patet! (самазразумела. – А.Н.). Асабліва – кажуць, – дзеля Ап. Адміністр. у Беларусі i дзеля прыходу ў Кастамлотах».
Кастамлоты – маленькая грэка-каталіцкая (вуніяцкая) парафія над ракой Буг пры польска-беларускай мяжы. Сьвятаром у гэтай парафіі быў (і ёсьць) польскі марыянін, які пад уплывам айца Тамаша Падзявы прыняў усходні абрад. Грэка-Каталіцкую Царкву ў Савецкім Саюзе зьнішчылі i забаранілі, таму маленькая вуніяцкая парафія літаральна ў ix на парозе, пэўна, дзейнічала на савецкіх камуністаў як чырвоны шмат на быка i стварала цяжкасьці для іхных польскіх калегаў. Яны вінавацілі Сіповіча ў тым, што ён бараніў Кастамлоты ў Рыме i перад кардыналам Вышынскім.








All the contents on this site are copyrighted ©.