2007-09-25 13:01:35

З нашага цыклу "Сьвет першых хрысьціянаў"- працяг


Да ІХ стагоддзя амаль усю ўсходнюю частку Еўропы займалі славянскія плямёны. У той час як усе народы, што жылі ад іх на захад і на поўдзень, былі асвечаны Хрысціянствам, славяне заставаліся яшчэ язычнікамі. Але ў ІХ стагоддзі Хрысціянства пачало распаўсюджвацца і паміж імі. Вядома, што да славянаў, якія жылі на беразе Балтыйскага мора, побач з германцамі, Хрысціянства прыйшло непасрэдна ад германскіх місіянераў. Асноўная ж частка славянскіх плямёнаў прыймала веру з Канстанцінопаля ў форме ўсходняга веравызанння, хаця потым некаторыя славянскія краіны прыймалі Хрысціянства ад Рыма.
Апосталамі славянаў па праву лічацца Святыя Кірыл і Мяфодзій. Адныя славянкія народы яны асвяцілі евангельскім навучаннем непасрэдна самі, а іншыя праз славянскую азбуку, якую яны вынайшлі, а таксама праз пераклад святых і багаслоўскіх кніг на славянскую мову. Кірыл і Мяфодзій былі грэкамі. Нарадзіліся яны ў македонскім горадзе Фессалонікі, што на зямлі сучаснай Грэцыі. Іх бацька Леў быў памошнікам галоўнага ваяводы Македоніі. У той грэцкай правінцыі здаўна было шмат славянаў і браты пазнаёміліся з іх мовай.
Кірыл быў малодшым братам, ён нарадзіўся ў 827 годзе і да прыняцця манаства яго звалі Канстанцін. Пятнаццацігадовым юнаком ён трапіў да імператарскага двара ў Канстанцінопалі, дзе яго бацька меў сувязі, і там выхоўваўся разам з маладым імператарам Міхаілам ІІІ. Кірыл паказаў вялікія поспехі, асабліва ў дыялектыцы і філасофіі, таму потым атрымаў прозвішча філосафа. Пасля заканчэння адукацыі яго зрабілі патрыяршым бібліятэкарам, але ён, адчуваючы прыхільнасць да сузіральнага жыцця, патаемна пайшоў у манастыр. Пасля доўгіх перакананняў застацца бібліятэкарам, яму, нарэшце, прапанавалі званне настаўніка філасофіі, або дакладней званне вольнага філосафа, мудраца. Вельмі хутка Кірыл, сапраўды, стаў вядомы сваёй адукаванасцю. Каля 50-х гадоў ІХ стагоддзя ён прыймаў удзел у іканаборчых спрэчках, прычым удала абверг звергнутага Канстанцінопальскага Патрыярха іканаборца Іоанна Грамматыка, празванага Ананіям. У 851-м годзе, па даручэнні імператара Візатныі Міхаіла ІІІ і Царкоўнага сабора, Кірыл хадзіў да сарацынаў дзеля абароны шанавання іконаў і ўвогуле Хрысціянскай веры.
Між тым, брат яго Мяфодзій пасля смерці бацькі атрымаў пасаду ваяводы ва ўсходняй частцы Македоніі, дзе жылі славяне, прыблізна на зямлі сёняшняй незалежнай краіны Македоніі. Тут ён яшчэ больш пазнаёміўся з побытам і моваю славян. Але Мяфодзій, як і Кірыл, адчуваў пакліканне да сузіральнага жыцця, таму і пайшоў у манастыр на гары Алімп. Святыя браты вялі там жыццё падзвіжніцкае, праводзячы час у малітве і чытанні кнігаў.

Падчас гэтага прыбывання ў манастыры браты вырашылі весці місіянарскую дзейнасць сярод славянаў. Там у 855 годзе яны вынайшлі славянскую азбуку, якая называлася глаголіца і пачалі перакладаць святыя і багаслоўскія кнігі на славянскую мову. У 858 годзе браты часова павінны былі пакінуць сваю працу. Хазары, якія жылі ў Крыму і на паўночных берагах Чорнага мора і меўшыя ў валадарстве сваім некаторыя славянскія плямёны, прыслалі да імператара Міхаіла ІІІ пасольства прасіць у яго вучонага чалавека, які б мог спрачацца аб рэлігійных рэчах з магаметанамі і габрэямі, якія распаўсюджвалі сярод хазараў свае навучанні. Імператар, паклікаўшы з манастыра Кірыла, адправіў яго да хазараў, разам з ім пайшоў і брат яго Мяфодзій.
У хазараў яны мелі значны поспех, верагодна паміж славянамі, бо некаторыя з іх хрысціліся. Аднак у Х-м стагоддзі хазары яшчэ былі часткова мусульманамі, часткова юдэямі, а часткова язычнікамі. На землях паўвострава Крым Кірыл і Мяфодзій знайшлі рэшткі Святога Папы Клімента, які быў біскупам Рыма, прыблізна, з 92-га па 99-ы год, і памёр там у выгнанні, рэшткі яны ўзялі з сабою. Пад час вандраванняў па хазарскіх землях, зносіны са славянамі яшчэ больш умацавалі рашучасць Кірыла і Мяфодзія заняцца іх навяртаннем. Вярнуўшыся ад хазараў, яны выдаліліся ў манастыр, дзе працягвалі працаваць і паспелі перакласці на славянскую мову чытанні з Евангелля і Апостала на літургіі, Псалтыр, ранішнюю службу, гадзіны, вячэрню і літургію.
Па месцы жыхарства бліжэйшымі славянамі да Візантыі былі паўднёва-усходнія плямёны, якія здаўна пасяліліся ў Фракіі і Македоніі. Адныя з іх жылі вольна, іншыя былі пад уладай Візантыі. У VII стагоддзі фракійскіх славянаў пакарылі балгары, ваяўнічае племя, якое прыйшло з берагоў Волгі і Камы. Народы тыя змешваліся і стварылася адно племя, хутчэй славянскае, якое атрымала назву ад балгараў. Хрысціянства пачало распаўсюджвацца ў Балгарыі ў 60-х гадах ІХ стагоддзя. У 864-м годзе ахрысціўся балгарскі князь Барыс.
Адначасова з гэтым вера Хрыстова распаўсюджвалася яшчэ ў дзвюх славянскіх краінах – Маравіі і Паноніі. І гэта ўжо было пры асабістым удзелу славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія. У 862-м годзе мараўскі князь Расціслаў прыслаў да імператара Візантыі Міхаіла ІІІ пасольства з просьбай прыслаць да яго настаўнікаў, якія б ведалі мову і маглі б навучыць яго народ сапраўднай веры. У Маравію, на зямлю і Славакіі, Міхаіл ІІІ паслаў Кірыла і Мяфодзія, якія прыйшлі туды ў 863-м годзе і пасяліліся ў сталіцы, горадзе Велеград. Князь Расціслаў, яго пляменнік Святаполк і шмат іншых адразу прынялі ад іх хрост. Багаслужбы на славянскай мове, пераклад святых кніг, якія яны прынеслі з сабою, вельмі вабіў мясцовых жыхароў мараваў, якія хацелі прыймаць хрост толькі ад Кірыла і Мяфодзія.







All the contents on this site are copyrighted ©.