2007-09-22 10:08:17

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус - працяг


Ha пачатку 1968 году два праваслаўныя сьвятары з Маскоўскага Патрыярхату прыехалі вучыцца ў Рым. Ix пасялілі ў Русікуме. Адзін зь сьвятароў, Пётра Раіна, быў беларусам, другі, Уладзімер Ражкоў, – расейцам.
17 сакавіка 1968 году біскуп Сіповіч рабіў даклад пра Францішка Скарыну ў Папскім Усходнім Інстытуце. Ha ім прысутнічаў айцец Раіна, які потым сказаў біскупу Сіповічу: «Вы гаварылі аб Скарыне з нацыянальнай гордасьцю».
8 красавіка айцец Раіна прыйшоў адведаць біскупа Сіповіча. Яны доўга размаўлялі. Вось выняткі гутаркі зь дзёньніка біскупа Сіповіча: «(Айцец Раіна) Расказаў мне гэтакі факт. Ён быў праваслаўным парахам каля Оршы. Адной нядзелі прыйшла да яго жанчына каталічка i запытала: ці магла б выспавядацца i прычасьціцца, астаючыся каталічкай? Айцец Раіна адказаў, чаму ж не?! У другую нядзелю прыйшло каля 10 жанчын каталічак, а пазьней каля сотні... На маё пытаньне: “Якая вялікая была ваша парафія?” – адказаў: “Мы ня лічым i не рэгіструем. Хто прыходзіць да нас, таго абслугоўваем. Мітрапаліт Менскі Пітырым, – разумны чалавек, – гэтак нам казаў рабіць, i мы рабілі”. За часоў Хрушчова зачынілі на Беларусі каля 800 праваслаўных цэркваў. Найбольшая віна падае на праваслаўнага Біскупа Варлаама, які заслугоўвае на імя д’явала... Ён зачыніў i сэмінарыю ў Жыровіцах, дзе вучыўся сам Раіна, а яго прафэсарам быў а. Баравы... Хрушчоў i біскуп Варлаам зьнішчылі Царкву... “Найважнейшай рэчай – кажа а. Раіна, – цяпер утрымаць Бога ў сэрцы людзей. Народ добры на Беларусі. Поўныя цэрквы. Спадзяёмся, што ня будзе горш”... Айцец Раіна кажа, што ён з Палесься. Так i выглядае!»
16 красавіка, перад выездам праваслаўных сьвятароў у Маскву на праваслаўны Вялікдзень, у Русікуме прайшла разьвітальная вячэра. На яе запрасілі і біскупа Сіповіча. Пасьля ён пакінуў у дзёньніку свае разважаньні: «Як гэта ўсё ацэньваць? Трэба падзіўляць сьмеласьць езуітаў, але i Мітр(апаліта) Нікадыма, што згадзіўся выслаць сваіх протаерэяў у хрысьціянскі цэнтр пад апеку езуітаў. Дзеля розных, аднак, прычын айцы езуіты былі змушаныя на вачах сваіх іншых студэнтаў хадзіць на пятках перад гэтымі быццам рэпрэзэнтантамі Масквы. Варта было б заўважыць i тое, што “Русікум” дагэтуль поўнасьцю рэпрэзэнтаваў царскую старую “сьвятую” Расею implicite (уключна. – А.Н.) з усімі яе захопніцка-імпэрыялістычнымі імкненьнямі. Гэтыя два протаерэі – людзі савецкія! Было-ні-было, Саветы не Расея. Адзін з ix сьведама прызнаецца да сваёй беларускасьці: Пэўне ж, абраднасьць “праваслаўная” усё тушуе, але ці не прыйшоў час, каб “Русікум” стаўся “Совецікум”?»
Два сьвятары вярнуліся пасьля Вялікадня. 10 сьнежня айцец Раіна прыйшоў да біскупа Сіповіча ўсхваляваны i распавёў пра прыкры выпадак, які зь ім здарыўся. Вось як апісаў яго біскуп: «Пару тыдняў таму назад ён (Раіна. – А.Н.) i яго сябра а. Уладзімір Ражкоў меліся ісьці да Кард. Я. Сьліпога. Калі аб гэтым паведаміў сакратар Кардынала, а. Пётр Раіна прыняў тэлефон. Пасьля, не знайшоўшы а. Уладзіміра, сам адзін паехаў з візытам да Кардынала. Калі пасьля яны спаткаліся, а. Уладзімір са злосьцю стаў крычаць: “Хто цябе ўпаўнаважыў ісьці да Кардынала?! Поговорим в Москве!..” Так а. Уладзімір здрадзіў свой характар i выявіў, што ён ёсьць “упаўнаважаны” даносчык. Расказваў аб гэтым а. Пётр са сьлязамі. Ён такжа сказаў: “Вельмі шмат усяго ў мяне набалела, але цярплю, пакуль мае дзеці скончаць школу”».
Біскуп Сіповіч i айцец Раіна ліставаліся доўгі час пасьля таго, як абодва пакінулі Рым. Айцец Раіна дапамог біскупу дастаць некаторыя беларускія кнігі, а таксама фатакопіі Бібліі Скарыны з Нацыянальнай бібліятэкі ў Маскве.
Шмат часу i клопатаў каштавала біскупу Сіповічу справа апостальскага адміністратара для каталікоў рымскага (лацінскага) абраду ў Беларусі.
Каталіцкая Царква ў Беларусі знаходзілася ў вельмі сумным становішчы. Ha ўсёй тэрыторыі БССР было ўсяго некалькі дзясяткаў сьвятароў, пераважна ў досыць старым веку, i ніводнага біскупа ці апостальскага адміністратара, ніякай герархічнай арганізацыі. Больш за тое, бальшыню сьвятароў складалі палякі або апалячаныя беларусы. Яны жылі пераважна ў заходніх раёнах Беларусі, якія да 1939 году зазналі польскае панаваньне i ўваходзілі ў склад Віленскай i Пінскай дыяцэзіяў. Для тых частак гэтых дыяцэзіяў, што пасьля вайны 1939–1945 гадоў засталіся ў межах Польшчы, прызначаліся апостальскія адміністратары (звычайна біскупы) у Беластоку i Драгічыне. Несумнеўна, гэтыя адміністратары ўважалі, што маюць таксама юрысдыкцыю на тэрыторыі з таго боку польска-савецкай мяжы. Але сапраўдная ўлада належала Варшаве. Біскуп Сіповіч 1 сьнежня 1968 году меў доўгую гутарку з галавой Польскай Царквы кардыналам Стэфанам Вышынскім. Ён запісаў у сваім дзёньніку: «Кардынал мае юрысдыкцыю на частку Пінскай і Віленскай дыяцэзіяў, якія калісьці належалі да гэтых дыяцэзіяў пад Польшчай. Мусіць вельмі асьцярожна гэтай юрысдыкцыяй карыстацца, каб не пашкодзіць у душпастырскай працы тым сьвятаром на Беларусі. Ён часам высьвячае для Беларусі сьвятароў, але аб гэтым ніхто абсалютна не павінен ведаць. Сувязі ён мае з Беларусяй праз законьніцаў».
Для біскупа Сіповіча гэта ня сталася навіною, хоць добра было пачуць пацьверджаньне з вуснаў самога кардынала. Амаль на два гады раней, 28 лютага 1967 году, летувіскі сьвятар і прыяцель айца Чарняўскага пралат Крывайціс зь Вільні сказаў яму: «Польскія сьвятары робяць усё магчымае, каб палянізаваць беларусаў. Перавозяць розныя кніжкі літургічныя i іншыя. Ёсьць трох назначаных Кард. Вышынскім такіх ягоных дэлегатаў: Арановіч, Тамковіч Алёйзы, П. Барташэвіч. Усе заядлыя палякі».








All the contents on this site are copyrighted ©.