2007-09-21 14:57:42

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вяртаецца ў Менск


У пятніцу 21-га верасьня Папа Бэнэдыкт 16 назначыў монс. Тадэвуша Кандрусевіча Менска- Магілёўскім Арцыбіскупам-Мітрапалітам, адклікаючы яго адначасна з пасады арцыбіскупа-мітрапалітва маскоўскае архідыяцэзыі “Божае Маці”. Ён зойме месца 93-х гадовага кардынала Казіміра Сьвёнтка, які быў летась накіраваны на пэнсію.
Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся ў 1946-м годзе ў Адэльску на Гарадзеншчыне. Скончыў Ленінградзкі палітэхнічны Інстытут і некалькі гадоў прарабіў інжынерам у Вільні. 31-га траўня 1981-га году па сканчэньні Ковенскай Духоўнай Сэмінарыі быў рукапаложаны ў сьвятары. Абараніў доктарскую дысэртацыю “Самасьвядомасьць Царквы паводле дакумантаў Другога Ватыканскага Сабору”.
З 1988-га году жыў у Беларусі. 10-га траўня 1989-га году быў прызначаны Апостальскім Пасадам біскупам для Менскай дыяцэзыіі. У красавіку 1991-га году прызначаны Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду паўночнай Эўрапэйскай часткі Расіі. У сакавіку 1999-га году выбраны Старшынём Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расеі а ў лютым 2002-га году прызначаны Папам Янам Паўлам ІІ мітрапалітам новаствораных рымска-каталіцкіх япархій Расеі.
Тадэвуш Кандрусевіч валодае беларускай, польскай, расейскай, літоўскай, ангельскай і італьянскай мовамі.

На месца мітрапаліта Кандрусевіча ў Маскву Папа Бэнэдыкт 16 назначыў монс. Паўло Пэццы, італьянца. Нарадзіўся ён 8-га жніўня 1960-га году ў Руссі ў раёне Эмілія Романія. У гадах 1985-90 вывучаў філазофію ды тэалогію на Папскім Унівэрсытэце Сьвятога Тамаша. Быў рукапаложаны ў сьвятары 22-га сьнежня 1990-га году. Працаваў у розных касьцельных установах, між іншым, быў дырэктарам каталіцкага часопісу а ў гадах 1993-98 быў дэканам дэяцэзыі Перамяненьня Гасподняга ў Новасыбірску; дацэнтам Вышэйшай Духоўнай Сэмінарыі “Марыя Каралева Апосталаў” у Сан Петрабургу ды ад 2006-га году ёсьць рэктарам гэтае сэмінарыі.
Валодае рускай, ангельскай, гішпанскай ды французкай мовамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.