2007-09-20 11:36:39

Кардынал Бэртонэ: Касьцёл не павінен займацца палітыкай


«Касцёл не павінен непасрэдна займацца палітыкай», — адзначыў у нядзелю 16 верасня 2007 г. Дзяржаўны сакратар Ватыкана, кардынал Тарчызіо Бэртонэ падчас прэс-канферэнцыі ў Ліхені (Польшча), якая адбылася з нагоды беатыфікацыі кс. Станіслава Папчынскага.
«Касцёл сам па сабе не займаецца палітыкай і не павінен у яе ўцягвацца. Задачу пабудовы справядлівага грамадства павінны найперш вырашаць самі палітыкі і дзяржавы», — падкрэсліў кардынал Бэртоне, адказваючы на пытанне пра ўдзел Каталіцкага Касцёла ў палітычным жыцці.
Бліжэйшы супрацоўнік Папы адначасова зазначыў, што Касцёл «павінен быць рэцэнзентам палітычнага жыцця». «Каталіцкі Касцёл не займае непасрэдна пэўнай палітычнай пазіцыі, але пакідае за сабой права ацэньваць дзейнасць палітыкаў і вызначаць этычныя правілы грамадскага жыцця, каб, абапіраючыся на евангельскія каштоўнасці, будаваць справядлівае грамадства», — дадаў кардынал Бэртоне.
«Еўропа змяняецца, бо ў яе прыходзяць новыя людзі, і праз гэта яна губляе сваю тоеснасць. Калі мы здолеем абараніць уласныя рэлігійныя каштоўнасці, абаронім хрысціянскія карані Еўропы. Важным, аднак, з’яўляецца тое, што не трэба навязваць рэлігійныя каштоўнасці, але прапанаваць іх іншым краінам», — сказаў Дзяржаўны сакратар.
Адказваючы на пытанне адносна значэння для сучаснасці асобы а. Станіслава Папчынскага, які жыў у XVII стагоддзі, іерарх сказаў, што «ён з’яўляецца своеасаблівым заклікам для заможных людзей і грамадскіх уладаў, каб яны аказвалі дапамогу бедным людзям і краінам».
«Новы благаслаўлёны важная асоба перш з ўсё на небасхіле святых Польшчы і Літвы, але яго спачуванне бедным з’яўляецца таксама заклікам пра неабходнасць аказання дапамогі тым, хто гэтага найбольш патрабуе», — падкрэсліў кардынал Бэртонэ, нагадваючы, што заснавальнік законнай супольнасці марыянаў жыў у часы Рэчы Паспалітай, куды ўваходзіла таксама сучасная Беларусь.








All the contents on this site are copyrighted ©.