2007-09-20 11:37:03

З Беларусі паведамляюць аб магчымасці гістарычна важкага крока: дзяржава вядзе падрыхтоўку Канкардата са Святым Пасадам і не выключае магчымасці ажыццяўлення такога ўрадавага Дагавору між прадстаўнікамі свецкай і духоўнай улады.


Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Савета Міністраў РБ сп. Леанід Гуляка паведаміў публічна пра абмеркаванне канкрэтнага праекта Канкардату. Сакратар Апостальскай нунцыятуры Ватыкану(пасольства горада-дзяржавы) ксёндз Ежы Цудны станоўча ацаніў такую ініцыятыву беларускіх уладаў, але дадаў, што пакуль рана казаць наконт гэтага нешта канкрэтнага. Пытанне аб Канкардаце можа вырашацца з боку на ўзроўні Дзяржаўнага сакратарыяту Ватыкана. Прыгадаем, што ў часах найноўшай гісторыі дыпламатычныя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь былі ўсталяваны 11 лістапада 1992 года. Кананічна Апостальская нунцыятура была заснавана Булай Папы Яна Паўла ІІ Qvantam tandem ад вышэйназванай даты. За апошнія 12 год колькасць каталіцкіх парафій Беларусі павялічылася ў 4 разы і цяпер іх 432-е. Па статыстычных апытаннях прыкладна 20 працэнтаў веруючых - каталіцкага веравызнання. Даведка: - Канкардат (ад лац. concordatum – пагадненне) — пагадненне, дамова паміж Святым Пасадам (Ватыканам) і ўрадам пэўнай дзяржавы, які рэгулюе іх адносіны і вызначае становішча Каталіцкага Касцёла, яго правы і прывілеі (прызначэнне біскупаў, касцёльная ўласнасць, вызваленне ад падаткаў, асаблівыя правы і прэрагатывы ў пытаннях сям’і і шлюбу), а таксама ўмовы дыпламатычных адносінаў з Ватыканам. Адным з першых быў заключаны Вормскі К. (1122 г.) паміж Папам Калікстам ІІ і германскім імператарам Генрыхам IV; у 1801 г. быў заключаны К. паміж Папам Піем VII і Напалеонам, а ў 1929 г. Папам Піем XI і італьянскім урадам на чале з Мусаліні былі падпісаныя т. зв. «Латэранскія пагадненні» (гл. «Ave Maria», №4 (107), 2004), згодна з якімі быў усталяваны дзяржаўны суверэнітэт Ватыкана. Пасля падзення камуністычных рэжымаў ва Усходняй Еўропе, у 1993 г., Канкардат заключыла таксама,напрыклад, Польшча.








All the contents on this site are copyrighted ©.