Сёння мы працягнем гаворку аб распаўсюджванні Хрысціянства за межамі Рымскай імперыі,
аб тым, як вера пранікала на землі Еўропы. Адбывалася гэта ў ІV-V стагоддзях і ў асноўным
было ў арыянскім навучанні. Тое навучанне пайшло ад святара з Александрыі Арыя, які
адмаўляў трыадзінства Бога і падпарадкоўваў Ісуса Богу-Айцу. Першы Сусветны Царкоўны
сабор у Нікее 325 года, асудзіў арыянства як ерэсь, але распаўсюдзілася яно значна,
на доўгі час і было нават прычынай крывавых бітваў. Напрыклад племя вандалаў, якое
перайшло ў Гішпаніі і Афрыку і заваявала яе паўночныя вобласці ў 429-м годзе, упарта
трымалася арыянства. Вандалы страшна пераследвалі прававерных хрысціянаў Карфагенскай
Царквы, пакуль у 533-м годзе імператар Юстыніяна не паслаў туды сваё войска пад началам
Вялізарыя, які знічтожыў іх валадарства ў Афрыцы, а разам з тым і арыянства. Племя
бургундаў, якое пасялілася на пачатку V-га стагоддзя з паўднёвай Галіі (сёняшняя Францыя),
часткова прынесла з сабою арыянскае Хрысціянства з берагоў Рэйна, дзе прынялі яго,
часткова ад вестготаў, але напрыканцы V-га стагоддзя, пад уплывам старажытных Цэркваў
паўднёвай Галіі, яны далучыліся да сусветнага Хрысціянства. Франкі, пад кіраўніцтвам
свайго караля Хлодвіга, у канцы V-га стагоддзя занялі паўночную Галію і заснавалі
там сваю дзяржаву. Усе яны былі язычнікамі. Хрысціянства распаўсюдзілася паміж імі
пры пасрэдніцтве бургундскай прынцэсы Клацільды, на якой жаніўся кароль Хлодвіг у
492-м годзе. Доўгі час Клацільда запэўнівала свайго мужа прыняць Хрысціянства, але
той не згаджаўся, хаця і дазваляў сваёй жонцы не толькі спавядаць веру Хрыстову, але
і ахрысціць сваіх сыноў. Аднойчы малодшы сын моцна захварэў, і Хлодвіг ужо прадказваў
яго смерць, але, па малітве Клацільды, дзіця выздаравела. Гэта моцна паўплывала на
караля, як паўплывалі і расказы каралевы аб цудах, што адбываюцца пры магіле біскупа
Турскага Марціна, які памёр каля 400-га года. Для Хлодвіга гэта былі сведчанні сілы
хрысціянскага Бога. У 496-м годзе Хлодвіг пачаў вайну з алеманамі, адным з нямецкіх
плямёнаў. Перавага была не на яго баку, войска франкаў было ў вялікай небяспецы. Безвынікова
клікаючы на дапамогу сваіх багоў, кароль урэшце ўспомніў аб Хрысціянскім Богу і даў
абяцанне хрысціцца, калі ён атрымае перамогу. Хлодвіг перамог, і ў тым жа 496-м годзе
прыняў хрост у Рэймсе ад арцыбіскупа Рэмігія, якога паклікала каралева Клацільда.
За Хлодвігам ахрысціліся і ўсе яго падданыя. Але прыняўшы хрост, франкі ў сапраўднасці
заставаліся язычнікамі, што не дзіўна. Так было ў многіх народаў, якім новы Бог нічым
не перашкаджаў і займаў у іх вераваннях сваё месца разам з іншымі багамі. Толькі
ў наступныя стагоддзі, калі ў Францыі былі заснаваныя манастыры і школы, франкі канчаткова
былі адукаваныя Хрысціянствам. Не простымі шляхамі вера Хрыстова пранікала на
Брытанскія астравы. Паўднёвая частка вострава, дзе жылі брыты, была заваявана рымлянамі
яшчэ ў палове І-га стагоддзя да Нараджэння Хрыстова. На працягу некалькіх стагоддзяў
валадарства рымлянаў там замацоўвалася. Таму, яшчэ ў ІІІ-м стагоддзі, разам з рымскім
валадарствам, пранікла сюды і Хрысціянства з паўднёвай Галіі, або нават з Малой Азіі,
і мела значную колькасць паслядоўнікаў сярод мясцовых жыхароў. А вось жыхары паўночнай
частцы Велікабрытаніі, пікты і скотты, ды таксама жыхары Ірландыі, не мелі ніякага
паняцця аб Хрысціянстве. Сваім навяртаннем да веры яны абавязаныя Святому Патрыку. Ён
быў брытанцам, нарадзіўся ў хрысціянскай сям’і ў 370-м або ў 380-м годзе. У юнацтве
Патрык трапіў у палон да ірландцаў і пражыў сярод іх шэсць гадоў. Потым, праз дзесяць
гадоў пасля вяртання на радзіму, яго ўзялі ў палон піраты і прадалі ў Галію, дзе яго
выкупілі хрысціянскія купцы. Двукратны палон і вызваленне, якое Патрык лічыў Божай
дапамогай, абудзілі ў ім імкненнепрысвяціць сябе служэнню Богу, што ён і зрабіў, калі
вярнуўся на радзіму. Прыняўшы біскупскі сан ад брытанскіх біскупаў, прыкладна ў 432
годзе, Патрык адправіўся прапаведваць Евангелле ў Ірландыю. Ведаючы мову і звычаі
ірландцаў, ён там меў надзвычайны поспех. Шмат ірландцаў пачуўшы яго пропаведзі прынялі
хрост. Каб замацаваць Хрысціянства, Патрык заснаваў у Ірландыі некалькі манастыроў,
якія былі школамі для народа; манахам жа ён даў усе сродкі да рэлігійнай адукацыі:
вынайшоў ірландскую азбуку, завязаў зносіны з Брытанскай і Гальскай Цэрквамі, выпісваў
адтуль кнігі. Пасля доўгай апостальскай дзейнасці, Святы Патрык памёр каля 460-га
года, пакінуўшы пасля сябе замацаваную Ірландскую Царкву з мітраполіяй у горадзе Армах.
Манахі заснаваных ім манастыроў давершылі адукацыю Ірландыі, у першай палове VІ стагоддзя
яна ўжо была хрысцяінскай краінай. Місіянеры, якія выходзілі з ірландскіх манастыроў,
распаўсюджвалі Хрысціянства і ў суседняй Шатландыі. Паміж імі асабліва быў вядомы
манах Калумба, які ў 563-м годзе прыйшоў прапаведваць Слова Божае ў паўночную Шатландыю
да скоттаў. Ахрысціўшы аднаго з шатландскіх князёў з усім яго народам, Калумба заснаваў
на адным востраве манастыр, з якога потым хрысціянская адукацыя стала распаўсюджвацца
па ўсёй Шатландыі. Між тым у палітычным стане Вялікабрытаніі адбыліся змены, якія
вельмі моцна паўплывалі на распаўсюджванне Хрысціянства па тых землях. Але далей на
гэтую тэму мы пагаварым праз тыдзень, у гэты ж самы час.